- У 1863 годзе Польшча, Беларусь, Літва і некаторыя раёны Украіны (там рух быў слабейшы) паўсталі. Сялянская рэформа, "вызваленне" было падманам, рабункам пад маскай дабрачыннасці. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт сталі нясцерпныя. А тут яшчэ ўрад вырашыў аб'явіць агульны набор у салдаты, каб выдаліць рэвалюцыйную моладзь са сваіх ваколіц. У адказ паўстала Польшча, а яе падтрымалі бліжэйшыя суседзі, і сярод іх Беларусь. Паўсюль арганізоўваюцца гурткі, людзі здабываюць зброю, куюць косы, ідуць у лес і ствараюць там атрады, сапраўдныя паўстанцкія арміі. Ідзе ў лес і малады настаўнік з вёскі Доцішкі Францішак Багушэвіч.
- На чале дэмакратычнага крыла паўстання стаў рэвалюцыйны дэмакрат, палкі патрыёт, публіцыст, выдавец падпольнай беларускай газеты "Мужыцкая праўда", паэт Кастусь Каліноўскі (1838 г., Мастаўляны - 10 сакавіка 1864 г., Вільня).
- Пачаліся рэйды, бітвы, сутычкі. Запалалі даўгавыя распіскі ў маёнтках. Паўстанцы напалі на мястэчка Сураж, вызвалілі Пружаны, узялі Горкі. Адбылося мноства бітваў. Пад Сямяцічамі, пад Хацінічамі, пад Барысавам, пад Мілавідамі. Біліся адчайна і зацята. Той, хто едзе старым баранавіцкім шляхам, не можа не звярнуць увагу ля гэтых Мілавідаў на капліцу над загіблымі паўстанцамі, а праз дарогу - крыж над забітымі салдатамі.
- І, аднак, сілы былі няроўныя. Шмат людзей было павешана і расстраляна, шмат тысяч выселена ў Сібір і на Туркестанскую лінію, на згубу. Душыцелю паўстання, графу Мураўёву, які любіў казаць: "Я не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а я з тых, якія вешаюць", удалося распусціць правакацыйную чутку, што паўстанцы - паны, якія паўсталі, каб вярнуць прыгон. Таму ў многіх месцах сяляне не падтрымлівалі паўстанне, трымаліся ўбаку, а часам і дапамагалі страляць у паўстанцаў і вязаць іх. Не было такой подласці, на якую не пайшоў бы царызм у барацьбе з мяцежнікамі. Заліць магілы расстраляных, дзе адбываліся маўклівыя маніфестацыі, слоем гною, каб "зрабіць наведванні фізічна немагчымымі", - гэта было яшчэ мала. Спецыяльна падкідалі непажаданым людзям у хату ці дом зброю, вешалі мужчын на вачах у жанчын. Падмануты селянін, які верыў цару, збольшага глядзеў на гэта збоку. "Дзеці-дэмакраты, - як сказаў Герцэн, - пачалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў".
- Здраднік выдаў Каліноўскага. Квартал, заняты універсітэцкімі будынкамі ў Вільні, т.зв. "Святаянскія муры", быў ачэплены некалькімі ротамі салдат і паліцыі. Кастусь не ведаў, што жандарам вядома яго канспіратыўная клічка, выйшаў насустрач салдатам са свечкай і быў схоплены. Нікога не выдаў: "Грамадская шчырасць - добрая якасць, а шпіёнства апаганьвае чалавека, так мяне выхавалі". І 10 сакавіка 1864 года быў павешаны ў Вільні. На словы прысуду "дваранін Каліноўскі" адказаў: "У нас няма дваран. Усе роўныя". Перадсмяротны яго верш абляцеў усю краіну.