- Капітал, "его препохабие", усё больш уладна ўсталёўваецца на беларускай, або "паўночна-заходняй зямлі", як яе тады называлі. Бо назва "Беларусь" забаронена нават яшчэ стражэй, чым у саракавых гадах. Нягледзячы на тое, што пераважаюць буйныя маёнткі (у Вітгенштэйна, напрыклад, 1 млн. дзесяцін, у Радзівіла 4 млн.), а можа, і менавіта таму павялічваецца прыток сялян на заводы, адыход іх у горад. Сялянства "рассяляньваецца" па словах У.І.Леніна.
- Распаўзаюцца па краіне ніці чыгунак: Беларусь ледзь не на першым пасля Польшчы месцы па даўжыні сталёвых шляхоў. Аграрны крызіс 70 - 90-х гг. разарыў большасць памешчыцкіх гаспадарак, і землі іхнія перайшлі ў рукі "шэрых князёў", вясковай нацыянальнай буржуазіі. А тыя былі людзі хаця і хамаватыя, але ўчэпістыя: маглі, частуючы прыстава, пасадзіць за стол дзяцей, каб яны лупілі для дарагога госця бульбу ў мундзірах, але адначасова маглі мець стайні ледзь не з вярсту даўжынёю. Вінакурэнне з бульбы, цукровыя заводы, лён, каноплі, запалкавыя і тытунёвыя фабрыкі, верфі і пільні. І разарэнне асноўнай масы сялянства. І амаль поўная адсутнасць цяжкай прамысловасці. Лёгкая прамысловасць, праўда, была. Сям-там і вельмі моцная. Мне даводзілася бываць на некаторых старых заводах. Скажам, у Парэччы, над імклівай Ясельдай, на былой суконнай фабрыцы Скірмунтаў. Трэба сказаць, што яны і зараз уражаюць, гэтыя шматпавярховыя гмахі з пачарнелай чырвонай цэглы. Што ўжо казаць пра тыя часы.
- Але жыццё ад гэтага поступу прамысловасці не стала лягчэйшае. Ні ў вёсцы, якая была разорана, ні на фабрыках, дзе панавала нечалавечая праца па 13 - 14 гадзін, а на броварах - да 18-ці. І гэта за сярэдні заробак у 8 рублёў месячна. Сяляне тысячамі пакідаюць радзіму, перасяляюцца ў Сібір і на Далёкі Усход. У нашчадаў гэтых перасяленцаў мне давялося пабываць некалькі год назад, у час вандраванняў па Прыморскім краі. Дзесяткі вёсак, дзе дагэтуль, як недзе на Магілёўшчыне, побач з рускай і ўкраінскай гучыць беларуская мова і вісяць беларускія ручнікі. Тут жа, побач з нейкай там Палтаўкай (заснавалі палтаўскія перасяленцы) - Магілёўка, Слонімка ці яшчэ нешта.
- Фарміруецца пралетарыят. У 60-х гадах яго тысячы 3, на рубяжы стагоддзя - 25 тысяч плюс 10 тысяч чыгуначнікаў, 40 тысяч сезонных рабочых, 70 тысяч саматужнікаў, 150 тысяч рабочых сельскагаспадарчых, 50 тысяч адыходнікаў.
- Але да марксістаў былі народнікі. Іхнія гурткі, іхняя прапаганда, іхнія лістоўкі і брашуры. "Пасланне да землякоў-беларусаў" Шчырага Беларуса. "Лісты пра Беларусь" Данілы Баравіка.
- У Баравіка ўжо гаворыцца аб працах Маркса - "гэтага прызнанага главы навуковага сацыялізма", аб "усведамленні неабходнасці нанесці ўдар гэтаму анахранізму (рускай манархіі. - У. К.), г.зн. ажыццявіць палітычны пераварот". Выдаецца нелегальны часопіс "Гоман", орган беларусаў з "Народнай волі".
- І, урэшце, беларус Ігнат Грынявіцкі (паходжаннем з беларускай беднай шляхты, а ніякі не "польскі дваранін", як пра гэта часам пішуць) 1 сакавіка 1881 г. кінуў бомбу, якой забіў цара Аляксандра ІІ і смяротна параніў сябе. Памёр, нікога не выдаўшы, не назваўшы свайго прозвішча. Яго адрэзаную галаву, заспіртаваную ў вялізным слоіку, пасля паказвалі арыштаваным і сведкам для апазнання.
- ...Пазней рабочы рух нарадзіў і першыя арганізацыі рабочага класа. Пашыраецца забастовачны і стачачны рух. У 1886 г. забаставалі майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі, у 1887 - рабочыя кавальскіх майстэрняў Мінска. Марксісцкія гурткі з'явіліся ў Гродне, Мінску, Віцебску і іншых гарадах. Народніцтва канчаткова было разгромлена ў працах У.І.Леніна.
- І, урэшце, у сакавіку 1898 года адбыўся ў Мінску І з'езд РСДРП. І хаця члены выбранага ім ЦК хутка былі арыштаваны, хаця спатрэбіліся яшчэ гады працы Леніна і яго паплечнікаў - пачатак быў зроблены.
- Сярод сучасных гмахаў новай плошчы Перамогі стаіць на беразе Свіслачы зялёненькі драўляны дамок, адкуль усё і пачалося. Дамок, дарагі нам яшчэ і таму, што пазней у ім жыў, ствараючы свае вершы, Янка Купала, што менавіта ў гэтых сценах ён перакладаў на беларускую мову "Інтэрнацыянал".