- На хвалі рэвалюцыі ўзнялася нацыянальная беларуская культура. І хаця клубы, чытальні, гурткі, што паўсюдна ўзнікалі тады, былі забаронены ў 1907 годзе, - спыніць ужо нічога нельга было. Нават у гады адступлення і рэакцыі.
- Сярод паэтаў, што з'явіліся тады, пачэснае месца належыць Цётцы - Алаізе Пашкевіч-Кейрыс (1876 - 1916 гг.). Педагог, сацыялістка, аўтар палкіх вершаў у абарону простага народа, можа, яшчэ часам занадта дэкларатыўных, але шчырых, баявых, сумленных. Усё жыццё яе аддадзена барацьбе з вялікай несправядлівасцю. І песняй, і прапагандай:
- Ах, браце родны, нясуцца весці,
- Ўжо граюць маршы там на ўсходзе;
- Над кожнай хатай, у кожным месцы
- Шчабечуць птушкі нам аб свабодзе.
- Усіх злучыла чароўна слова;
- Жалезны вобруч скуў нам далонь,
- І матка сына даць нам гатова,
- І жонка мужа вышле ў агонь.
- Хаваючыся ад жандараў, яна выязджае ў Львоў (тады Аўстра-Венгрыя) і там, у Жоўкве, выдае два зборнікі вершаў - "Хрэст на свабоду" і "Скрыпка беларуская", а затым "Першае чытанне для дзетак беларусаў", першую беларускую хрэстаматыю на народнай мове. Памерла паэтэса, нечакана захварэўшы, у росквіце сіл.
- 1905 год даў паэтам магчымасць друкавацца. З'явiлiся газеты "Наша доля", "Наша нiва", пачалi выдавацца кнiжкi, альманахi i календары.
- Узмужненне літаратуры, выхад яе карабля ў шырокае мора звязаны, перш за ўсё, з імёнамі Янкі Купалы (1882 - 1942 гг.) і Якуба Коласа (1882 - 1956 гг.). І хаця вы з самых першых год у школе цудоўна ведаеце іх творчасць - не сказаць пра іх, хаця б некалькі слоў, немагчыма.
- Купала - адна з вяршынь беларускай паэзіі. Не толькі дзякуючы яго генію, а і таму, што, як і Багушэвіч, заўсёды быў з народам, найбольш поўна выказаў дух, характар, спадзяванні гэтага народа, сам быў з народа і ўсёй творчасцю пайшоў у народ.
- Галоўнае, што ўплывала на творчасць Купалы, - гэта была песня беларуская, легенда беларуская, жывое жыццё беларускае. Бацька - бедны шляхціц-арандатар, хата непадалёку ад Мінска, звычайная хата з посцілкамі, ручнікамі, тая, што рэканструявана ў Вязынцы, кніга, бо быў амаль самавук. І першы верш "Мужык" - праграма на ўсё жыццё. І першы зборнік "Жалейка", праўдзівы і трагічны, за што і канфіскаваны ўладамі.