










|
Слова Міцкевічу
(Верш у прозе)
- Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты з'яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, ў кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера.
- Нячутныя крокі твае, а вочы з пяшчотнасцю нябачанай глядзяць на гэтую простую і мілую зямлю.
- Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне, а вушы чуйна прыслухоўваюцца да новых спеваў, што гучаць на берагах чыстых, як сэрца тваё, беларускіх рэк.
- Ноч вялікая-вялікая, і таму паспяваеш ты пабываць скрозь: на рудых берагах Дняпра і на беразе Світазі, дзе ў хвалях водарасці заблыталіся як русалчыны косы, ў сініх лясах Гродзеншчыны і на гары Маяк.
- Неабсяжная зямля наша, але паўсюль, дзе пачуеш ты "кугаканне" савы над акном хаты, ты, непрыкметны, заходзіш у хату і глядзіш у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся ў той дзень, калі ты памёр.
- І дзіцёнак маўчыць і ўсміхаецца, бо ён бачыць тое, чаго не бачаць дарослыя: не прывід, а проста добры чалавек, толькі больш маўклівы, больш паглыблены ў сябе, нахіліўся над ім.
- А ты глядзіш на яго і калі бачыш, што сумленныя вочы ў яго бацькоў, даеш яму добры і сумленны лёс.
- Аднаму ты даеш будучыню слаўнага казачніка, другой - будучыню добрай маці, трэцяму - славу вялікага героя, а чацвёртаму - проста славу Чалавека, працаўніка, рукі якога робяць усё на зямлі і кормяць таксама ўсіх.
- Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, даў мне вочы, якія бачаць сум явара над вадою; вушы, якія чуюць песню чалавечую; рукі, якія здольны перабіраць як струны галіны прырэчных верб; ногі, каб выхадзіць зямлю; і глотку, каб спяваць язычаскія песні, песні сонцапаклонніка.
- Я не кажу, што твой вялікі голас гучыць у нашым. Проста маленькім ялінам добра ў цяні адвечнага дрэва.
- Пераблыталіся нашы шляхі, шлях тваёй Радзімы і шлях маёй, і шляхі ўсіх краін славянскіх зліліся ў адну раку і не адрозніш, дзе тая, а дзе іншая плынь.
- Пацебня і Каліноўскі і Траўгут баранілі праўду тваю, рускі, беларус і паляк, і славаю іхняй быў бяссільны плач кабеты, пра які ты пісаў, і моцны ўдар нашчадкаў, якія павалілі спрадвечнае пудзіла.
- Вялікае сонца славянскае, ты ж бачыш іх, калі прыходзіш да нас у лістападаўскую ноч, ты ж сам ведаеш гэта лепей ад нас.
|