










|
Кастальская крыніца
- Чутка ёсць, што ў лясной лагчыне,
- Дзе туман на галінах сядае,
- Ручаёк празрысты і сіні
- З-пад калоды ў свет выцякае.
- Там спявае ўсё-ўсё жывое,
- Нават жоўтая, палая гліца,
- І спяваюць стройныя хвоі,
- Што растуць над гэтай крыніцай.
- Кропля кожная голас мае,
- Як бяжыць яна па адхону.
- Нават шчур салаўём спявае,
- Як нап'ецца вады сцюдзёнай.
- Чуеш? Песня звініць, не сарвецца
- Гукам чыстым, высакародным.
- А крыніца - песняю звецца,
- А цячэ яна - з гушчы народнай.
- Адшукаць бы яе на прадвесні
- У лясістых горах і долах,
- Каб спяваць не чужую песню,
- А сваю - ды на поўны голас.
- Як шукаць мне тую крыніцу
- Сярод дрэў вялікіх, няўламных?
- Як вады дасхочу напіцца
- І зайграць, каб слухалі камні?
- Каб зубры прыходзілі з лесу
- І надоўга жаваць забывалі,
- Каб сабакі - і тыя за песню
- Запылёныя ногі лізалі.
- Каб магутнай была як навала,
- Каб для ўсіх была добрай знаёмай,
- Каб мярзотнікаў розных карала
- Як удар няўмольнага грому,
- Каб са мною плакалі людзі
- І смяяліся разам са мною,
- Каб у самых бяздушных грудзях
- Сэрца стукнула як маладое.
- Тут адному дарогі не будзе,
- Правядзіце мяне да хвояў,
- Працавітыя, простыя людзі,
- Сумленне маё жывое.
|