










|
Энтузіясту
- Ўсё жыццё ён збіраў дыяменты народныя
- Па шляхах Беларусі і ў спёку і ў сцюжу,
- Ўсё жыццё яго сэрца высакароднае
- Працавала няўтомна і білась напружана.
- Ў гуках злоўленай песні жыло незвычайнае:
- Шчасце новых гадоў над радзімаю мілай,
- Спеў жалейкі над рэчкаю, гукі адчаю, -
- Ўсё, чым людскае сэрца вякамі жывілася.
- Песні сытых дажынак у жнівеньскім садзе,
- Кліч купальскіх агнёў здалёку і зблізку,
- Песні жніўных палёў, песні гора і радасці,
- Песні маці над першай дзіцячай калыскаю.
- І не штучнаю кветкай, а кветкай сапраўднаю,
- Не ў паперы, а ў гуках, дарагіх і любімых,
- Ўстала песня народу простай, як праўда,
- І такою вялікай, як гэта магчыма.
- Ціха ў зале. І твар яго думкай асвечаны.
- Кажа ён пра фальклору адценні і фарбы,
- Кажа нам пра жыццё, што адному прысвечана -
- Збераганню народных, нязлічаных скарбаў.
- "Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных,
- Сцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай,
- Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну -
- Ўсё сплыве, а легенда і песня застанецца".
- Хай не ўсё у жыцці так як след атрымалася,
- Памятайце, настаўнік, што слова плённае
- Як зярнятка на добрую глебу ўпала,
- І у сэрцах юнацкіх зарунела, зялёнае.
- Шмат яшчэ спадкаёмцаў вам трэба выкаваць.
- Будзе шлях пераможным, слаўным, бяскрайнім.
- На вялікія справы - і сэрца вялікае,
- На вялікае сэрца - і лёс надзвычайны.
|