GSpay - iatp merchant account provider.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail


Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю

Кашаль зваліў, ахутаў,
Грудзі пачаў сціскаць:
"Хутчэй прынясіце путы,
Ён не хоча смерць паважаць".
Лёд на сценах. Калоціць. Цяжка.
І з-за вуснаў ізноў, ізноў,
Як віно з заімшэлай пляшкі,
Выцякае паволі кроў.
Смерць прыйшла і на ложак мосціцца.
Гэта лепей... Не можна жыць.
Так усё жадана і проста:
Падкарыцца, павекі стуліць.
Будзе цёпла... Спакой навекі...
У грудзях не смыліць агнём...
І не будзе гвалту і здзеку,
І руін за разбітым шклом.
"Горад... горад... родны мой... любы...
Па-над вулкамі тлусты чад...
Ўсіх знішчаюць... бетонныя кубы -
Камісара гестапа загад.
Гад адзін, а тысячы гінуць...
Ўсе здаровыя - цяжка канаць...
Хутка два... ён выйдзе з машыны.
Трэба ўстаць, трэба ўстаць.
Ёсць загад... Мелі ўсе ахвоту.
Ён сябрам заявіў тады:
"Права мне надалі сухоты
І юнацкія вашы гады".
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цяжка ўстаць, бы дзіцёнку з калыскі,
Трэба думаць, хадзіць, глядзець.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А над ім, схіліўшыся нізка,
Умаўляе пяшчотна смерць:
"Што ты трызніш. Лепей памерці
І спакойна марыць і спаць.
Спаць так добра".
- "А боль у сэрцы?
Трэба ўстаць! Трэба ўстаць!.."
- "Спі, каханы. Галоўка цяжкая...
Сон апошні цябе атуліў..."
- "Прэч адсюль...
Не магу...
Не жадаю...
Я не ўсё давяршыў".
Як на хвалях ложак хістаўся,
Заставалася сорак хвілін.
Ён паволі, па частках падняўся
Бы цяслярскі аршын.
І хоць смерць абяцала цішу,
Мяккі сон, салодкі дурман -
Ён як п'яны з пакоя выйшаў,
Намацаўшы ў кішэні наган.
Валаклася за ім неадступна,
Бо лічыла ганьбою адстаць,
Сто разоў на кожнай прыступцы
Запрашала легчы й не ўстаць,
Але ён, слабы і галодны,
Адказаў, сціскаючы рот:
"Што мне скажа мой горад родны?
Што мне скажа родны народ?
Што мне выгляд твой дзікі і грозны?
Вось той дом. Я памру ў барацьбе.
Ты спачатку мярзотніка возьмеш.
Я прымушу цябе.
Тормаз рыпнуў... Ідзе па алеі...
Адыдзі і не замінай,
Адыдзі, адыдзі хутчэе,
Стань унь там і маўчы, чакай".
Першы стрэл упэўнена гакнуў,
Другі трапіў яшчэ камусь:
"Атрымай, атрымай, сабака,
Хай жыве Беларусь!"
Вось штыхоў халодныя джалы,
Вось апошні да смерці парог...
Смерць зубамі заскрагатала:
"Ён памрэ, але ён перамог".
Чалавек на нагах хіснуўся,
Проста рукі злажыў накрыж,
Паглядзеў на яе, усміхнуўся:
"Што чакаеш?.. Хадзі ж... Хадзі ж".

<< Папярэдні     Наступны >>

1. Аўтограф - у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 15 [1955 г.?].
2. Упершыню - У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
3. Набор зроблены па тым жа выданні. С. 326 - 328.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі