










|
Шыпшына і ружа
(З народнага)
- Шыпшына і хатняя ружа
- Калісьці разам жылі
- І разам кахаліся шчыра
- На мяккай садовай зямлі.
- Абняўшыся, на гародзе
- Стаялі да ранняй зары,
- І дзеткамі іх лічылі
- і дуб стары.
- Так яно ўсё і цягнулася,
- Добра кветкам было,
- Пакуль не паслаў за падаткам
- Кароль гайдукоў на сяло.
- Карову - за вокны ў хаце,
- Сто злотых - ад бараны.
- І нават падружжу нашаму
- З пагардай сказалі яны:
- "Пакуль яшчэ маладыя -
- Давайце кветкі й лісцё,
- А потым, як дзеці будуць,
- Дзяцей сваіх аддасцё.
- Не жыць ім у подлай вёсцы,
- Не чуць ім мужыцкіх слоў,
- Расці ім ля гордых палацаў,
- Уцехаю быць для паноў".
- Горда ў адказ шыпшына
- Сваёй скалануў галавой:
- "Мілей нам родная хата
- З яе саламянай страхой.
- За камень гарачы хапайцеся,
- А не за нашых дзяцей.
- Як будуць - не дам на знявагу
- Кату, што мучыць людзей".
- Цягнуць рукі да ружы -
- Шыпшына даў аднаму,
- Ўзяліся яны за шыпшыну,
- Рукі круцяць яму.
- Сцябаў гайдукоў у вочы,
- Па твары бязлітасна біў,
- Падрапаў гайдуцкія рукі,
- А ружу сабой затуліў.
- Пабеглі за дапамогай,
- Бягуць з рыдлёўкай, з касой,
- І кажа шапшына горды
- Дзяўчыне каханай сваёй:
- - "Бегма, ратуемся, ружа,
- Каханка, радасць мая".
- - "Шкада мне матулі-вішні.
- Бяжы, застануся я".
- За ім да пушчы гналіся,
- Гналіся з сабакамі ўслед
- І толькі ля рэчкі глыбокай
- Згубілі шыпшынаў след.
- І нельга з'явіцца з пушчы
- Да ружы каханай яму,
- Бо могуць схапіць гайдукі
- І кінуць навекі ў турму.
- Так і жыве ён у лесе
- У шапцы чырвонай як кроў,
- Кінжаламі і нажамі
- Узброены да зубоў.
- Стаіць ён як горды мсцівец,
- На вёску з узлесся глядзіць.
- Хай цяжка - затое вольны,
- А вольнаму добра жыць.
- А там, каля старай хаты,
- З сівінкаю на лістах
- Сумуе хатняя ружа
- У чыстых росах-слязах.
|