GSpay - iatp merchant account provider.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail


Паязджане

Шлях цячэ між дрэў, пакрытых інеем.
Зімні, казачны убор зямлі.
Белыя, ружовыя і сінія
На ялінах ружы расцвілі.
Снег кранае ружы пацалункамі,
Снег спадае паміж хвой сівых,
Каб укрыць нямоцнымі карункамі
На санях вясёлых маладых.
Толькі што пад снегавымі хвоямі,
Збудаваўшы ў весніцах накат,
Хлопцы перастрэлі іх са зброяю.
І гарэлкай адкупаўся сват.
Князь сваю "галубку" выкраў сілаю
І да роднага гнязда нясе,
Любую, усхвалявана-мілую,
З шэранем у залатой касе.
Сонца ў хмарку перад ёй аточыцца,
Упадуць дубы сівыя ніц.
Гэх, баяры скачуць па абочынах,
Раз па раз страляючы з рушніц!
Дзікі пошчак аддае дарогаю,
Снежай пудрай санны шлях курыць.
Што ж чаканнем сумным і трывогаю
Песня паязджальная гучыць?
"Ехалі мы логам,
Ехалі мы логам,
Сустрэліся з богам,
Сустрэліся з богам.
Ехалі мы лесам,
Ехалі мы лесам,
Стрэліся з Вялесам,
Стрэліся з Вялесам.
А казаў нам божа:
"Ці добра ж вам будзе?
Ці добра ж вам будзе?"
Будзе добра. Самай поўнай мераю
Вам жыццё насыпле у кішэнь
Працы, дзетак і дарог нямераных.
Весяліцеся ж хоць гэты дзень.
Што ж, злятае ліст глыбокай восенню,
Каб дарогу даць лістам другім,
Заўтра певень збудзіць ноч галошаннем.
Паплыве з пячуркі ў неба дым.
А пакуль - заві каханку ружаю.
Будзе стол і будзе смех людзей.
Добра у пакоіку настуджаным,
У прытульным пухавым гняздзе!
Пралятуць гады над вамі светлыя.
Будзьце шчаснымі дзеля таго,
Каб сустрэць калісь усмешкай ветлівай
Паязджан унука сваяго.
Ўспомніць князь тады дарогу вузкую,
Шэрань, коней бег і рушнікі,
І даткнецца звянуўшымі вуснамі
Да каханай, зморшчанай шчакі.

<< Папярэдні     Наступны >>

1. Аўтограф - прыкладзены да ліста Ю. К. Гальперыну ад 19.11.1956.
2. Упершыню - У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
3. Набор зроблены па тым жа выданні. С. 334, 335.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі