










|
Патоп
(Старажытны беларускі апокрыф)
- І дзень прыйшоў. І пацьмянела сонца.
- Распаўся час. І неба цёмным скруткам
- Ўзвілося над зямлёй. І лінуў дождж,
- Як быццам сто гадоў збірала неба
- Ваду дажджоў, азёр і рэчак ціхіх,
- Ваду, што выссалі вясёлкі з лужын,
- Ваду пралітых чалавечых слёз,
- Слёз горкіх маці, светлых слёз дзіцячых,
- Крывавых слёз рабоў і брудных панскіх слёз...
- О плачце, плачце, узрыдайце, людзі,
- Не спамышляйце на сваё бяссмерце:
- Апошні жывяцё вы ў свеце час!
- І дождж лупіў. І зранку цэлы дзень
- Трубілі сурмы праз смугу туманаў,
- І здраднікі хаваліся ў каўчэгах,
- Якія заліваў сіберны дождж.
- Вада пакрыла роўныя мясціны
- І коміны халуп і ўсе палацы.
- Раўлі шалёныя сівыя хвалі,
- Раздзёршы ветразі тугія ў лоск.
- І людзі ўгору узнімалі рукі
- Ў чаўнах, што ймчалі па гарбатых хвалях,
- Ганімыя вятрамі і агнём.
- Краіна гінула. Як гул ад хваль
- Роў дзікі голас над вадой пустою:
- "Апошнія пачуйце словы, людзі,
- Пакуль вам вушы не залье вадою.
- Я знішчу свет, я знішчу чалавека.
- Апрыкрылі і добрыя, бо хочуць
- Дабрэйшымі зрабіцца за мяне.
- Ім не спяваць сваіх найлепшых спеваў,
- Бо я зжару ўсю земляную твар.
- Маўчы! Ты захлынешся, чалавек!!!"
- Адверзліся на чорным небе хлябі.
- Два месяцы лілі дажджы з нябёсаў,
- Вада глытала горы, і на іх
- Жывымі гронамі віселі людзі
- І часам адрываліся ў ваду.
- Мядзведзь стаяў з слабым аленем поруч,
- Змяя паўзла вышэй ад рудых хваль.
- Адзін таўстун штурхаў у вір другога,
- На плечы сыну лез шалёна скнара,
- Трымаючы ў руках кашэль з грашыма,
- І біў нагамі па руках сыноўіх,
- Якія ўсё жадалі ратавацца,
- Схапіць таго, хто некалі стварыў
- (Што ж, і змяя паруецца вясною).
- Танулі тыя, што на спінах люда
- Рукамі простых горда узнясліся,
- Зракліся маці, зводнямі жылі,
- Лягчалі думку за адзін дынарый,
- За жыватом не бачылі каленяў.
- Цары, уладары і каралі,
- Што так крычалі пра краіны гонар,
- Што здольныя былі душыць суседа,
- Забараняць яму жыццё і песню
- Для гонару "народа-ўладара",
- Цяпер бы гэты гонар аддалі
- За мейсца для сваёй стапы адзінай
- І ў зад бы гандляра пацалавалі
- За літасць гэткую. Дзяржаўны муж,
- Што да сябе прыкуў калісьці брата
- І ўсё казаў: "Мой брат - мой раб" -
- той зараз
- (Як і заўсёды ў грозныя часы,
- Часы вайны, навалы ці патопу),
- Ланцуг адсек і наглядаў, як брат
- Пускае бурбалкі ў вадзе глыбокай.
- І ўсе кусаліся, штурхалі, лезлі,
- Хапалі за раскошныя хітоны,
- І падалі ў ваду, ў ваду, ў ваду
- І не маглі ўцячы.
- Пахмурны дзень
- Нарэшце завязаўся над вадою.
- Вакол вада - ні вострава, ні дрэва, -
- Ўсё жудасная гладзь і далячынь.
- На пятачку апошнім цвёрдай сушы
- Суровы чалавек з дзіцячым тварам,
- З рукамі грубымі, ўзняў галаву
- І стомлена сказаў: "Дзень добры, сонца".
- Фантанчыкамі плёскала вада
- Спачатку каля ног, пасля ў калені...
- І чалавек падняў на рукі нешта, -
- Апошняе святое, - цела любай,
- Пацалаваўшы непрытомны твар.
- Над галавою ўзнёс. Вышэй! Вышэй!
- (А хвалі подла стукаюць у грудзі.)
- "Каханая! Аддам жыццё за крылы,
- Якія б узняслі цябе наверх".
- Халодны, стрыманы адбітак сонца
- Упаў на грудзі, любы твар і лона.
- А ён стаіць. Не здрыгануцца рукі,
- Узняўшы ў неба дарагі цяжар.
- Ён з радасцю трымаў бы зараз многіх,
- Братоў, і маці, і такіх, як ён,
- Прыгнечаных работай і вясёлых.
- Але няхай хаця яна: "Пяшчотка!
- Жыві, жыві, жыві пакуль магчыма,
- Падыхай трошкі, пакуль я не знікну,
- Пакуль жыве апошні чалавек.
- Што вы мне зробіце сваім патопам?
- Узяць каханую? Яна са мною.
- Узяць Радзіму? Не, яна жыве
- Пакуль жыве апошні сын Радзімы.
- Узяць жыццё? Як бог я бессмяротны,
- Я сонца над вадою уздымаю,
- І мной жыве і будзе жыць зямля.
- О як пацалаваць каханай вусны,
- Калі мае знікаюць пад вадой!"
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Стары апокрыф. Гэта толькі казка.
- І ўсё-такі я выракуся тых,
- Што плакалі ў каўчэгах. Я з табою,
- Слабы, бездапаможны, як дзіцёнак,
- Магутны, як ніхто на белым свеце,
- Любімы мой, прыгожы звер двухногі,
- Мой чалавек.
|