










|
Экскаватар
- Экскаватар, да дыназаўра падобны,
- Паварочваўся ў яме ля манастыра,
- Цэглу біў тупымі рагамі на лобе
- І з акон выдзіраў павуцінне крат.
- Выбіваў з-пад скляпенняў гнілыя мыліцы,
- І абвальваў каменні, і цягнуў іх адзін,
- І, бязвольна адвесіўшы ніжнюю сківіцу,
- Жоўтым жвірам рыгаў у далоні машын.
- І прабілася сонца на дно сутарэння,
- Двух стагоддзяў цвіль асвятліўшы агнём:
- Катакомбы, скляпы, мяшкі каменныя,
- Косткі белыя, скутыя ланцугом.
- Вы чакалі яго і чакаць стаміліся,
- Вашы косткі чакалі і згнілі ў пылок,
- А яно ўсё ж сышло, прыгожае, мілае.
- Вы нямарна марнелі. Сонца сышло.
- Трапяткое, гуляе па хвалях сініх,
- Па зямлі беларускай, па светлых палях,
- Па вясёлых вокнах, па белых будынках,
- Вышываных кашулях, белых чубах.
- І хлапец замурзаны, важны і строгі,
- Коўш спыніў і прамовіў ціха і зло:
- "Наварочалі вас тут як лёду, нябогі,
- Трасца матары іхняй, - шкода нас не было".
- І мінула доўгім векам хвіліна,
- Пакуль зноў адчуў удары рагоў
- Тухлы свет праваслаўнай подласці й свінства,
- Свечак, пранцаў, ладану і ланцугоў.
|