










|
Перакаці-поле
(Народная легенда)
- І
- Цёмныя хмары над мокрай раўнінаю,
- Бруд па калена, пустыя шляхі,
- Вербы ў прысадах лазіны сінія
- Цягнуць да мёртвай сухой альхі.
- Чорныя рэкі стынуць ад холаду,
- Хмуры вятрак, пагружаны ў сон,
- Стаў быццам крыж над магілаю волата,
- Што заараў гэту бедную гонь.
- З далі, адкуль набягаюць хмары,
- Мёртвым мячом без ног і без рук
- Зноў каці-поле бяжыць абшарам,
- Як надзвычайны, калматы павук.
- Прагна другія мячы хапае
- І да сябе далучае іх,
- Каціць па гонях і ўсё вырастае,
- Каціць ля хат і капліц старых,
- Каціць ля белых палацаў светлых,
- Светлых, як сонца, белых, як снег.
- Што ім, залітым музыкай ветлівай,
- Да абадраных, крычачых стрэх!?!
- Вербаў мяцёлкі на мокрай глебе,
- Дожджык скупы, як халодны плач,
- Хмары, бясконцыя хмары на небе,
- А на зямлі каці-поля мяч.
- Месячы бруд разбітай дарогай
- З дальніх заробкаў дамоў ідучы,
- Ян і Пятро ледзьве цягнуць ногі,
- Каб дацягнуцца да вёскі ўначы.
- Ў вёсцы - суседзі, таварышы ў працы,
- Ян - у гадах, а Пятро - малады,
- Не зарабілі яны на палацы
- Ні на жнівах, ні ў капальнях руды.
- Ян зарабіў на акраец дзецям,
- Не зарабіў на нявесту Пятро...
- Твары сячэ ім пранізлівы вецер,
- Бруд наляпіўся на лапці гарой.
- Твар у Пятра задуменны і бледны:
- "Ганя, Гануля, дзе песні твае?
- Бацька цябе не аддасць за беднага,
- Выплачаш з іншым ты вочы свае.
- Бо на каляды, ў святочнай хаце,
- Ў хаце каханай і дарагой
- Ў бацькавы куфры разлезлік багаты
- Кіне свой выкуп потнай рукой.
- Клятыя грошы, паперкі з арламі!
- Што ж вы забілі радасць маю?
- Іншы да любай пойдзе з сватамі,
- Іншы касу распляце тваю...
- Мокры абрус ад гарэлкі разлітай...
- Твары чырвоныя... люлек дым...
- Ўсе задаволены, п'яныя, сытыя,
- "Горка!" крычаць і крычаць маладым...
- Іншы цалуе, дурны ад хмелю,
- Вусны чырвоныя, як ранет...
- Шчасце сялянскае, дзень вяселля,
- Нават і ты ўцякло ад мяне!
- Думаў, што будзе, і - вось "зарабілі".
- Дзесяць паперак кожны ўзяў.
- На аднаго напэўна б хапіла,
- А на дваіх..." - Пятро застагнаў.
- Думкі ў Пятра, як вужакі, халодныя,
- Ён ад чакання, як мыш, узмок...
- Вось пералог за Курыным бродам,
- Ўскраіна поля, хмызы, лажок.
- Паў на калені Пятро ў бур'яне,
- Потым падняўся, ў вачах туман:
- "Ну а цяпер даруй мне, Яне,
- Стань і маліся! Сведкаў няма!"
- Па абшарах на прыволлі
- Каціць перакаці-поле.
- Каціць
- Каціць над раллёю,
- Як жывое...
- Як жывое...
- Рэзка сякера ўпялася ў грудзі...
- Хоць бы якая жывая тля!
- Ян паваліўся. Не бачаць людзі,
- Хмары ж змаўчаць, і змаўчыць зямля.
- Вочы, ад сну смяротнага сонныя,
- Ўбачылі толькі, што ў самых нагах
- Вецер сцяблінку зламаў пад кронаю
- І каці-поле пабегла ў свой шлях.
- Ледзьве прамовіў ён, белы ад болю,
- Чорнаму шару без ног і без рук:
- "Ў сведкі бяру цябе, каці-поле,
- Вечны бадзяга, расліна-павук.
- Чуеш, Пятро, памятай і ведай,
- Бачыш, яна ўцякае ад нас.
- Гэта расліна, яна мой сведак,
- Бойся яе... засведчыць яна..."
- Мёртвае цела схаваўшы ў лозах,
- Грошы узяўшы, дрыжачы Пятро
- Папрамаваў па разбітай дарозе
- І загубіўся за бруднай гарой.
- Часам з падбегам, а часам павольна,
- Чорнай раллёй і краем лагоў
- Бегла маўклівае каці-поле
- Быццам сабака па следу яго.
- ІІ
- Па абшарах на прыволлі
- Каціць перакаці-поле.
- Каціць...
- Каціць...
- Іншыя мячы хапае,
- Да сябе іх далучае...
- Бачыць слёзы, бачыць гора,
- Бачыць лёс народа чорны,
- Вырастае...
- Вырастае,
- Быццам мора сабірае.
- Свет вялікі абяжала,
- Шчасця ў ім не адшукала...
- Па іржышчах, па дарогах,
- Па мяжях, па пералогах,
- Па абшарах на прыволлі
- Каціць перакаці-поле.
- Каціць...
- Каціць...
- Бліжай...
- Бліжай...
- Янава жонка ў Пятра пытала,
- Ён адказаў: "Разышліся мы".
- Тыдзень ці два Янука чакалі, -
- Дожджык паспеў і сляды замыць.
- Хмары сплылі за край свету шырокага,
- Лісце заснула ў глыбокіх ярах,
- Зніклі сляды, разоры размоклі,
- Дзень загубіўся ў мінулых днях.
- Хутка забітага твар і грудзі
- Снег-укрывальнік закрые навек.
- Хто ж аб забойстве раскажа людзям?
- Голы, нямы на зямлі чалавек.
- Хто ж за забітага мовіць слова,
- Дзецям галодным дасць бацькаў дар...
- Сведкай душа засталася Пятрова
- І каці-поля калючы шар.
- Выкуп за Ганну ў куфэрку цесця
- Поруч з палотнамі ўжо ляжаў.
- З шумных вячорак сваю нявесту
- Кожную ноч Пятро праважаў.
- А у пустой суседавай хаце
- Тымі ж начамі калі-нікалі
- Жонка пакутвала, плакала маці,
- Дзеці галодныя ў голас раўлі.
- Дождж па страсе мяккай лапай крочыць...
- Плач у суседзяў... У сенцах цячэ..
- Ў ложку Пятро закрывае вочы...
- Сон уцякае ад хмурых вачэй.
- І ўспамінаюцца ярка да болю
- Вербы, бур'ян, хустка брудная лук...
- Каціцца,
- Каціцца каці-поле,
- Скача, расце злавесны павук.
- Спыніцца раптам і скача парывам,
- Ціха паўзе пад ногі яму:
- "Што табе трэба, маўклівы прывід?
- Хочаш чаго? Прыходзіш чаму?"
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Дзень без дажджу, халодны і строгі,
- Шэры і ясны стаяў на зямлі,
- Калі ў хмызах, на мяжы аблогі
- Мёртвае цела Яна знайшлі.
- Хмары. Ралля. Быццам куча гною
- Вёска ў палях ляжыць пад гарой.
- Цягнуцца людзі да месца забойства,
- Многа людзей. Пайшоў і Пятро.
- Ціха стаяць, не скажуць і слова.
- Вецер вільготны у твары б'е.
- Жонка ў старым андараку суровым.
- Дробныя дзеці ля ног яе.
- Моўчкі глядзяць на мёртвае цела,
- Гора іх гне, як вецер чарот,
- Меншы сынок з галавою белай
- Не разумее, ўзяў пальца ў рот.
- Зрокам цікаўным гуляе па полю,
- Нешта пабачыў, яму весяло,
- Басам сказаў: "А вось каці-полечка.
- Ма, а яно таксама прыйшло?"
- Па раллі ад небакраю,
- Адкуль хмары наплываюць,
- Па абшарах на прыволлі
- Каціць перакаці-поле.
- Вырасла, вялізным стала.
- Каціць, каціць, як навала,
- Каціць...
- Каціць...
- Бліжай...
- Бліжай...
- Крык абляцеў нават дальнія гоні,
- Камнем зваліўся да трупа Пятро.
- Сэрца растаяла. Слёзы салёныя
- Лінулі градам, як з раны кроў.
- Сведка злавесны скача па грудах,
- Каціцца ў яр, паўзе на гару.
- "Грэшны! Вяжыце! Круціце, людзі!
- Браце!
- Браце!
- Браце, даруй!"
- ІІІ
- Вёска, як гной. Прысады вярбовыя,
- Хмары. Лужыны на раллі.
- Хто з цябе вырве гнеўнае слова,
- Волат забіты, што спіць у зямлі?!
- Мёртвы вятрак, бруд бяздонны на полі,
- Вецер халодны свішча ў лазе,
- Каціцца,
- Каціцца каці-поле,
- Скача мячом,
- Як павук паўзе.
- Шчасця няма пад застрэхамі гэтымі,
- Дожджык сячэ, на шляхах вада.
- Бедныя,
- Бедныя,
- Бедныя дзеці,
- Птушкі малыя без крыл, без гнязда!
- Хто ж тут шчаслівы!?! Змярканне сіняе
- Ціха сыходзіць на сітнягі...
- Маці ў сухотах, дзеці пад тынам,
- Ў яме адзін, у турме другі.
|