










|
Сплятайце рукі!
- Браты! Сплятайце рукі!
- Нас нарадзілі ў свет
- Не для выбухаў, не для мукі,
- Не для слёз дзяўчат і кабет,
- Не на тое, каб мёртвым упасці,
- Не на тое, каб згнісці ў зямлі,
- А на тое, каб песню і шчасце
- Мы нагбом на зямлі пілі.
- Каб кахалі, каб вершы пісалі,
- Каб ірвалі верас і дрок,
- Каб цудоўныя вежы складалі,
- Што да сонца імкнуцца праз змрок.
- Вежы светлыя! Вежы любові!
- Кожны камень няхай пакладзе.
- Не павінны змяшацца мовы,
- Як калісьці, у добрых людзей!
- Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?
- Хто сказаў, што розны наш лёс,
- І таму, што насы ў нас розныя,
- Ты павінен разбіць мне нос?
- Хай ён нюхае лепей кветкі
- Ці каханай сваёй валасы.
- Месца хопіць для ўсіх на палетках,
- І на ўсіх хопіць весняй красы.
- Гімн яднання. Магутныя гукі
- Ап'яняюць нас, як віно.
- Браты!
- Сплятайце рукі!
- Шчасце для ўсіх адно.
|