










|
Балада пра Вячка, князя людзей простых
- Як груганы на трупы з высокае гары
- Крыжакі наляцелі на вёскі і бары.
- Няшчасная краіна тры доўгія гады
- Нагбом хляптала трунак смярцей і злой бяды.
- Цягнулі па кавалках яе ва ўсе бакі,
- Загінулі героі і здрадзілі князькі.
- Агонь любові мужнай у брудных душах згас,
- Адзін не здрадзіў Вячка, сумленны хлопскі князь.
- Параненым і слабым яны яго ўзялі,
- Ў кайданы ногі скулі і ў лагер прывялі.
- Ад раны, непрытомны, ачнуўся ён тады,
- Калі былі далёка айчыны гарады.
- Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў,
- Але шляхі да волі замкнулі для яго.
- І вырас над палонным закуты ў грозны мур
- Гохмайстра цытадэла крыжацкі Мар'ёнбург.
- Паўзе з ракі на замак пранізлівы туман,
- Крукі круцяцца хмарай над вежай Герэнданск,
- За брамай маставою, як перадвесце бед,
- Ўстае Папоўскай вежы злавесны сілуэт...
- Па вуліцы смярдзючай, дзе скупчанасць і бруд,
- Вядуць яго на плошчу. А там чакае суд.
- А ў галаве чамусьці ўстае чырвоны снег,
- Пажары чорных замкаў ў апошні іх набег...
- Ў агні наперад з імі ляцелі бітвы дні,
- Парчу і аксаміты тапталі ў бруд яны.
- За подзвігі у бітвах супроць крыжацкіх зграй,
- За мужнасць і за гонар трымай адказ, трымай!
- Тут, як на браме пекла, магла б пісаць рука:
- "Пакіньце спадзяванні - адсюль выводзіць кат".
- Але сканаць пакорным і мяккім, быццам пух,
- Як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух?
- І просіць перад стратай ён путы развязаць,
- Каб рукі на імгненне замлелыя размяць.
- І ў гэты час апошні перад канцом сваім
- Каня яму прывесці, каб развітацца з ім:
- "Са мною разам зносіў ён дождж і халады,
- Насіў мяне на бітву тры доўгія гады,
- Таптаў нагамі лона сталочанай зямлі".
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- І вось каня на плошчу два кнехты прывялі.
- І Вячка грыву гладзіць, цалуе ў мяккі нос
- І кажа, кажа сябру пра свой жахлівы лёс:
- "Мой конь, мой конь, мой любы.
- Як будзеш жыць цяпер?
- Канец лясной свабодзе, мой добры, моцны звер.
- Ты грэбаваў зямлёю, што слалася ў нагах,
- Няўжо насіць ты будзеш чужога, варага?
- Якому не пасуе і назва: "чалавек",
- Ў якога твар, як пятка, не чырванее век.
- Не роднае, чужое усё нам тут з табой:
- Не так, як на Радзіме, кабылы йржуць вясной,
- Не так гамоняць дрэвы, не так звіняць лугі,
- Не так куюць падковы для конскае нагі.
- Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп
- Не проста дол чакае - ганьба, ганебны слуп".
- І, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён
- І ссёк дубовы чэрап з крутых яго рамён,
- І на каня узвіўся, і ў стрэмя горда стаў
- І зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў.
- Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой.
- Адзін супроць дзесяткаў -
- і ўсё ж не прэнг, а бой!
- Конь варагоў хапае зубамі і храпіць.
- Паўсюль пануе пекла і трупы, як снапы.
- О, лепей дні пакончыць на полі баявым,
- Ніж век глытаць ў кайданах чужынскіх вогнішч дым!
- Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой:
- "Я ў Мар'енбург з'явіўся і ён на час, ды мой.
- Пакуль тугія лукі на вежах не звіняць,
- Пакуль даўгія стрэлы адтуль не паляцяць".
- Але слабеюць сілы, але дрыжыць далонь.
- І вось аб труп запнуўся яго любімы конь.
- "О конь, не давядзецца табе ў лугах іржаць
- І ў полі нам з табою ўжо болей не гуляць.
- Я ў стрэлах, быццам вожык. Бывай, мой конь, бывай!
- Мы болей не пабачым лугі і родны край".
- Аленя абступілі са зграяй злых сабак.
- Ірвуць і раздзіраюць, сякуць на дробны мак.
- І вось з крывёю гордай змяшаўся пыл і гразь.
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Так у баі няроўным загінуў Вячка-князь.
- Авой!!!
|