










|
Камеце 1957 - ??? гадоў
- Над ляснымі азёрамі, над ракой,
- Над глыбокаю тванню гнілых німярэч,
- Над прыціхлаю ў смутным чаканні зямлёй
- Павісае трывожны, зялёны меч.
- Ты з'явілася зноў на зямны прызыў
- Як у той далёкі, нязнаны век,
- Калі мамант на гонар твой песню трубіў,
- Калі толькі з'явіўся на зямлі чалавек.
- Калі ж прыйдзеш ты зноў праз тысячы год
- (Невядома пакуль што для нас, калі),
- Ты, магчыма, пабачыш новы народ
- На зусім невядомай для нас зямлі.
- Не тлумач ім такіх непатрэбных слоў
- Як "дзяржава", "страта", "галодны час",
- Паглядзі з павагай на іх любоў,
- Раскажы ім ціхутка, на вуха, пра нас.
- Раскажы ім, як чорнай навалай ішлі,
- Як братамі сваімі ўгнойвалі стэп,
- Галадалі, пакутвалі, кроў лілі
- І знішчалі патрэбны галодным хлеб,
- Як палілі жывых людзей у пячах,
- А казалі пры гэтым: "гуманізм і любоў",
- Як звычайнаю ручкай, вось так, спляча,
- Выганялі з заводаў мільёны рабоў.
- Як кахалі за грошы, атруту пілі,
- Як начамі снілі хцівыя сны,
- Як не ўпэўнены нават ў тым былі,
- Што зямля выйдзе цэлай з трэцяй вайны,
- Як машынамі горы маглі скрышыць,
- А крышылі суседзяў, елі бульбу адну,
- Як маглі з навукай стагоддзе пражыць,
- А жылі дваццаць год, бо ішлі на вайну.
- Як знішчалі прарокаў, як без хлеба зімой
- Геніяльным паэтам дазвалялі канаць,
- Як выходзілі з сытым свінствам на бой,
- Як яго пачыналі перамагаць.
- Ты світанак наш бачыла на зямлі,
- Ты нас бачыла ў самым гарніле мук...
- Ім, шчаслівым, ім, чыстым, прывітанне пашлі.
- Не былі б яны чыстымі, каб не бруд нашых рук.
- Мы, як птушкі, елі, мы цяглі, як сланы,
- Мы сапраўдным жыццём за жыццё не жылі,
- Каб спакойна кветкі збіралі яны,
- Каб гулі для іх залатыя чмялі.
- Калі прыйдзеш ты на нябёсы іх,
- І між зор пракладзеш свой спакойны след,
- Перадай дзяўчыне ў гадах маіх,
- Што кахаў яе той забыты паэт.
- І няхай яна, хоць не знае мяне,
- Хоць зусім інакшыя песні пяе,
- Праз трывожнае сяйва тваё зазірне
- У азёры блакітныя, вочы мае.
|