










|
З зорнага сяйва і пены крывавай,
або Паэма аб павароце стырна
(Паэма)
Арцюру Рэмбо і ўсім іншым,
якія яшчэ не ведалі
- І
- Судна да порта далёкага йшло
- Па чырвонай пеннай вадзе.
- Сто капітанаў на ім было,
- Мільён матросаў на ім было,
- Два мільярды "іншых" на ім было, -
- Пасажыраў, звычайных людзей.
- І хоць сваркі ўспыхвалі часам на ім,
- І грымеў пісталетаў гул,
- І чарніў зялёныя ветразі дым,
- І сыцелі чароды акул, -
- Кроў пасля ўсё адно змывалі валы,
- Бак і ют ставалі як шкло,
- І востраў далёкі ўставаў з імглы,
- А за ім - зялёны ўставаў з імглы,
- А за ім- блакітны ўставаў з імглы,
- І пальмы білі паклон.
- І ваякі сыходзілі на астравы,
- Йшлі з жанчынамі ў нетры лясоў,
- І былі пацалункі ў джунглях травы,
- Як свежых какосаў сок.
- А калі ў спустошана-шчасных снах
- Пачынала хістацца зямля, -
- Ім хацелася зноў у далёкі шлях,
- На палубу карабля.
- Зноў Венеры серпік дрыжэў над вадой,
- Марс квітнеў, як барвяны мак,
- І ў святле кахання над іх галавой
- Весяліўся ўвесь Задыяк.
- Поўнай мерай на Шалях важылі ім
- Серабрыстых вясёлых Рыб,
- Стралец ганарыўся ўмельствам сваім,
- Перад Дзевай склаўшы дары.
- Казярог пад совусам марыў пра нож,
- А ляжаў па-мярцвецку, як Ной.
- Вадалей вадой разбаўляў віно,
- Як загадчык раённай піўной.
- Судна шчасна плыло дарогай марской,
- Дарогай краін і вякоў
- Да пуцяводнай зоркі сваёй,
- Да летуценнай зоркі сваёй,
- Да адзінай на свеце зоркі сваёй,
- Імя каторай - любоў.
- ІІ
- Ў моры плыве карабель-невідзімка,
- Згас за марамі Альдэбаран...
- З зорнага сяйва, расы і дымкі
- Шлях пралягае за акіян.
- Ванты спяваюць, ванты спяваюць.
- Бездань марская, як зыбкае шкло.
- Ў кожнага зорка ёсць залатая, -
- Толькі ў мяне няма, не было.
- Што мне без зоркі хвала і слава
- І запаветная недзе зямля?
- Пенай крывавай, пенай крывавай
- Сэрцу здаецца шлях карабля.
- Ён застывае, як гнеўная лава,
- Ён узнікае, як вечны падман.
- З зорнага сяйва, з пены крывавай
- Шлях пралягае за акіян.
- Дзе ты, далёкая і белапенная,
- Ў сонцы народжаная і расе?
- Клічу і клічу цябе, як сірэну
- Клікаў прывязаны Адысей.
- І заўважаюць адчайныя вочы:
- Як па нацягнутай звонкай струне,
- З самай мяжы паміж днём і ноччу
- Нехта па хвалях ідзе да мяне.
- Цягне з туманаў ломкія рукі,
- Сонца нясе мне празрыстай рукой,
- Ўстаўшы як радасць, як песня, як мука, -
- З зорнага сяйва і пены марской.
|