










|
Цвыркун і праблема чыстага мастацтва
- З гарадоў егіпецкіх пажоўклых
- Мо таму ўжо некалькі вякоў
- Гандляры ў пахучых скрутках шоўку
- Ў Беларусь завезлі цвыркуноў.
- Безбілетны пасажыр з пустыні,
- Ён асеў за печкаю у нас:
- Цёпла, суха, бы ў сваёй краіне.
- Грубка цепліцца ў вячэрні час.
- Старажытнейшы паэт на свеце,
- Чыстае мастацтва лозунг твой.
- Не для лаўраў, не для славы гэтай
- Песняй парушаеш ты спакой.
- Я не супраць: нам патрэбны мары,
- Але зараз нельга быць сабой.
- Ведаеш, што робіцца, таварыш,
- На Радзіме сонечнай тваёй?
- Твой Сінай ад стрэлаў шчэ гарачы:
- Прыкладзі - і абпячэш далонь,
- Муміі крывёю горкай плачуць,
- Гледзячы на раны і агонь.
- Я не веру, што было б магчыма
- Спевакам, сынам сваёй зямлі,
- Заспяваць святы матыў Радзімы
- Для вушэй, што поўсцю зараслі.
- Трэба бараніць усё, што любіш,
- Каб па праву заспяваць пасля.
- Не спявай пра цёплы кут за грубай,
- Пакуль горам поўніцца зямля.
|