










|
Воўк
- Сaмцы сціснула пасткаю лапу.
- Пахла дымам далёкіх стрэх.
- Воўк кусаў акрываўленай зяпай
- Сталь халодную, мерзлы снег.
- Толькі ранкам яе пакінуў
- І кружыў сярод бліжніх лоз
- Адзінокі, як месяц над нівамі,
- У траскучы гэты мароз.
- Людзі ўдзень прыйшлі да адрынутай
- І яе, заўважыўшы след,
- Як жывую прынаду пакінулі
- Ў дзень апошні глядзець на свет.
- І ўвесь дзень мільгацеў за аблогай,
- Дзе спляліся хмызы, як паркан,
- Цень вялізнага, цень сівога,
- Цень самотнага ў свеце ваўка.
- Калі ж ноч сняжком лебядзіным
- Закурыла на стужкі дарог,
- Ён прыйшоў з бяспечнай лагчыны
- І на снег поруч з ёю лёг.
- Занурыўшыся, думаў сурова,
- Быццам спаў, - ды спакойна так, -
- Толькі ціха ўздрыгвалі бровы
- Жаўтаплямыя, бы ў сабак.
- Поруч з ёю, яшчэ не памёршай,
- Ён прыпомніў леташні снег,
- Сіні месяц, сустрэчу першую,
- У руі той шалёны бег.
- Што ж дарэмна выць і бадзяцца?
- Калі людзі са зброяй прыйшлі,
- Ён не мог, не жадаў падняцца
- І пакінуць яе на зямлі.
- Ён глядзеў не змаргнуўшы ў рулю,
- Ён маўчаў, не дыхаў, не соп,
- Узяўшы гарачую кулю
- У шырокі пукаты лоб.
|