










|
Мова
Янку Брылю
- Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
- Вавілонскую Вежу Адам
- І няўмольна сальюцца мовы зямлі
- У адну, няродную нам.
- І мая безвыходна пойдзе у змрок,
- У атрутны, як вечнасць, цень,
- Трапяткая і сіняя, як васілёк,
- Гарачая, як прамень.
- Я ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,
- Хай пятля, хай памерці ў журбе,
- Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
- Калі ў іх не будзе цябе.
- Сірата па з'едлівай волі багоў,
- Гінучы мой карабель,
- Хай не будзе світання ў народа майго,
- Калі досвіткам здрадзіць цябе.
- Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,
- Збочу я да пякельных катлоў,
- Калі першы жа ангел на мове маёй
- Мне не скажа: "Братка, здароў".
- І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
- Песня, шчасце, каханне, спакой, -
- Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак
- На атруту пшаніцы чужой.
- Ты мой ясны хлеб і каханы май,
- Песня продкаў, нашчадкаў палі,
- Без цябе, не з табой - не патрэбен мне рай
- На душы. Ў небясі. На зямлі.
|