










|
Ленін калыша дзіця
- Ён ідзе па маёй краіне
- Пушчай, полем, абшарам лугоў,
- І звісаюць над сцежкай хваіны,
- Каб закрыць ад дажджу яго.
- Ён ідзе адзін, без эскорту,
- Не збівае расу на траве.
- Палітончык на ім пацёрты,
- Кепка лёгкая на галаве.
- Лічыць ён каласы, і магілы,
- І усмешкі на вуснах братоў.
- "Што яны без мяне зрабілі?
- Што тут добра і дрэнна што?"
- Плач пачуў на вясковай ускраіне.
- Сон.
- Бязладдзе.
- Пусты гараж.
- Спіць на прызбе бабуля глухая,
- А дзіця заходзіцца аж.
- - Ну, не плач ты, гаротны нябога,
- Мабыць, ясляў няма? Дарма.
- Ён шукае ў кішэнях - нічога,
- Ні цукерак, ні цацкі няма.
- А дзіця падымае ён, дужы,
- Як мужчыны бяруць заўжды,
- І зрывае хлопчыку ружу
- У вясёлкавых кроплях вады.
- - Не сярдуй, сынок сінявокі,
- Ў гэтай кветцы зямное цяпло.
- Я ж прыйшоў з часіны далёкай,
- Калі нам не да цацак было.
- Бач, святло гуляе па лісцях,
- Адусюль праганяе змрок.
- Добрым будзь, як бацька калісьці,
- Цёплым будзь, як сонца, сынок,
- Будзь бясконца да ўсіх чалавечным,
- Будзь ласкавым, як светлы май,
- Падазрэннямі недарэчнымі
- Чалавека не абражай.
- І за гэта - радзіму свабодную
- Я аддам табе ў вечны дар:
- Землі, пушчы, светлыя воды
- І сусвету бясконцы абшар.
- Па дузе у бязмежнасць сінюю
- Карабель з зямлі паляціць.
- Будзе маці чакаць няспынна,
- Ганарыцца і слёзы ліць.
- Мы заўчасна ў жыцці сівелі,
- Кулі неслі глыбока ў грудзях,
- Каб да зорак распалена-белых
- Ты праклаў незабыўны шлях.
- Штосьці бабка, брат, шэпча сярдзіта.
- Ляж у ночвы, сынок, засні.
- Пастаяў ён і збочыў у жыта
- І растаў у далечыні.
- За лясным даляглядам замроеным
- Хутка сціхнуў далёкі крок,
- А дзіця ляжыць неспакойна,
- І смяецца ружовы раток...
- Толькі бабка здзівілася дужа,
- Што гарыць барвяным святлом
- У яго ручанятах ружа, -
- Без калючак, з гладкім сцяблом.
|