










|
Дзяўчаты
- На бярвеннях дзяўчаты запелі
- Пра вячэрнюю стому сваю.
- Песня ў цемры і кофты белыя
- Ўсім прахожым іх выдаюць.
- Я іх бачыў днём на пракосах,
- У вясёлым звоне зямлі.
- Нават косы, дзявочыя косы
- Падвязаць не было ім калі.
- Падарункі іхнія з вілаў
- Я хапаў, выводзячы стог,
- А яны мяне пакацілі
- І жывым закапалі ў мурог.
- І цяпер, калі ў росах травы,
- Тут, са мною, сядзяць яны
- Вельмі ціхія, вельмі ласкавыя,
- Як кахання першага сны.
- Я пайшоў бы ўдваіх з каторай
- Да ракі праз начныя палі
- І глядзеў бы з ёю на зоры,
- Каб цябе не было на зямлі.
- Ледзьве чутная песня точыцца.
- Разам з ёю асіны звіняць
- Пра вярбу ды пра сінія вочы,
- Пра грывастага ў лузе каня,
- Пра дурненькую перапёлку,
- Што гняздо пры дарозе звіла,
- І пра хлопца, што ноччу золкай
- Ад сяла ідзе да сяла.
- Ў іхніх песнях - уся Радзіма,
- А без гэтага чалавек,
- Быццам тонкі струменьчык дыму,
- Што плыве абалоннем рэк.
|