










|
Чайка
- Проста ў хвалі, што чарадою
- Гоніць злосны пастух-ветрадуй,
- Чайка падае перада мною:
- "Пашкадуй мяне, пашкадуй.
- Не страляй мяне, чалавеча,
- Стрэльбу страшную апусці.
- Сэрца рвецца. На хвалях вецер
- Грывы белыя закруціў".
- Супакойся.
- Плакаць не трэба.
- Лі спакойна крыклівы жаль
- Пад чырвоным, ветраным небам
- На узгоркі бурыя хваль.
- Я, каханнем сваім рассталяны,
- Ўсё жывое шкадую цяпер,
- І мяне на лясных палянах
- Не баяцца птушка і звер.
- І ў руках не стрэльба, а палка,
- І іду я ў далёкі шлях
- Ад прыгожай, ад лепшай, ад палкай,
- Ад пагарды ў шэрых вачах.
- Я іду спакойна, - ты бачыш, -
- Мернай, цвёрдай, сялянскай хадой...
- Толькі часам сэрца заплача,
- Быццам чайка над сівай вадой.
|