










|
Мімозы
- Апошні снегапад забіў марозы,
- Стаў на халву падобны брудны снег,
- І раптам залацістая мімоза
- Галінкі працягнула да мяне.
- Ва ўсіх прахожых прамакаюць ногі,
- Бруіцца ля панеляў каламуць,
- А тут краплінкі сонца залатога
- За змятую траячку ўсім даюць.
- Пяшчотны, залацісты пух гусіны.
- Каму цябе падорыць добры гном?
- Хіба што гэтай маладой дзяўчыне,
- Што тузае машынку за акном.
- У тлуме уваходных і выходных
- Хай на хвіліну усміхнецца мне,
- Успомніць пра вясну, пра лес свабодны
- І адпачынак дасць сваёй спіне.
- Шуміць па вуліцах халодны вецер,
- А я прынёс праменні ў цёмны дом,
- І стала трошкі больш святла на свеце,
- І ў сэрцы дзеўчыны, што за акном.
|