










|
Каменныя слёзы
- Апоры мастоў, як скалы.
- Нявы буркатлівы сон.
- Над Стрэлкай, на захадзе алым
- Цені рагатых калон.
- Бялёса. Блакітна. Шырока.
- Халодная ноч, як дым,
- І шчасця танюткага крокі
- Мяшаюцца з крокам маім.
- Ў сініх лугах, на світанні
- Ў ззянні вясёлкавых траў
- Я вырасціў гэта каханне
- І ў рукі твае аддаў.
- А заўтра яно знікае
- Ў паўдзённай чужой старане.
- Горад, за што ты караеш?
- За што забіваеш мяне?
- Заўтра мне распінацца,
- Тужыць па яму, як калісь,
- Бо вежам тваім і палацам
- Справы няма да зямлі.
- Прыйду наступнаю ноччу,
- Пабачу ракі свінец
- І сфінкс халодныя вочы
- Узніме з вады на мяне.
- І скажа: "Цёпла на Ніле,
- А тут халодная золь.
- Паўсюль аднолькавым пылам
- Стаюць каханне і боль.
- І людзям вяртацца не трэба
- Да любых сэрцу магіл".
- " - Сфінкс, мы жывём пад небам,
- Небам песні і небам тугі.
- Тысячы тысяч світанняў
- Я сонца чакаю з тугой.
- Ўся мудрасць твайго маўчання
- Не варта пакуты маёй".
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- І сфінкс халодны, цвярозы
- Схіліць сваю галаву,
- Пакоціць каменныя слёзы,
- Цяжкія слёзы ў Няву.
|