










|
Вуліца Касманаўтаў
- У горадзе без тралейбусаў,
- над імклівай няўмоўчнай ракой,
- На вуліцы Касманаўтаў - хата маці маёй,
- На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,
- На самай мне любай вуліцы з усіх,
- што ёсць на зямлі...
- Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін -
- Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.
- А поруч з імі узносяцца над стромай садоў залатых
- Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.
- Хто там смяецца з'едліва? Лепей няхай маўчыць!
- Па гэтым па цёплым пыле я вуды нёс на плячы.
- Тут маці мая ля брамы, як выплыве месяца рог,
- Чакае нястомнага сына з далёкіх-далёкіх дарог...
- Асенняй імжой безнадзейнай і вясной,
- калі гоняць кароў,
- Адзіная з тысяч вуліц, ты - святло маё і любоў.
- Нідзе ў сусвеце не стрэнеш стрэх і кветак такіх,
- Тут гусі такія паважныя, бы з Марса вывезлі іх,
- І нідзе не песціў на свеце ніякі вішнёвы сад
- Такіх немаўлят крыклівых і такіх пяшчотных дзяўчат.
- Дзяўчат, што ўсю ноч да світання купальскай добрай
- парой
- Спяваюць зорныя песні пра вярбу над ціхай вадой.
- Спявайце, дзяўчаты, спявайце, каб адпачыць салаўю,
- Пра сон і вільготныя веі, пра апошнюю страту маю...
- Нябачны нікому на свеце, стаю і слухаю вас,
- Каб сэрца не сумавала ў чорны паўночны час...
- Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары.
- Вытокі яе - у горадзе, вусце яе - у Дняпры.
- Направа - дамы і краны, і шызы з комінаў дым,
- Налева - Дняпро і абрывы, і аблокі над гэтым усім.
- Цяпер жа, далёка за поўнач, як згаслі агеньчыкі ўсе,
- Над ёй беларускае неба ў сваёй адвечнай красе;
- Зменліва ззяе Капэла, сінее віно ў Каўшах,
- Шлях Чумацкі віхурыцца пылам, срэбны Батыеў Шлях.
- Спявайце, дзяўчаты, спявайце - крылаты чакае лёс:
- З вуліцы Касманаўтаў на срэбны гасцінец нябёс.
- Дзякуй за адпачынак. Сад зацвіў недарма,
- Я іду адсюль. Я спяшаюся. Дарозе канца няма.
- І недзе далёка свеціць, як забыты цёплы маяк,
- Вуліца Касманаўтаў -
- пустая калыска мая.
|