










|
Маціцовыя слёзы
- Ураджай пагарэў. З працадня - ані шэлега.
- Вымі бедных кароў, як пустыя збаны...
- На пясчанай касе ля Збароўскага берага,
- Быццам рыбы галодныя, дрэмлюць чаўны.
- За бязглуздасць чыюсьці, грабежную, хвацкую, -
- Як было не адзін ужо раз, і не два, -
- І сягоння бакамі адказвае Бацька,
- Рыбы, дрэвы, нябёсы яго і трава.
- Цені, белыя цені на водмелях сініх,
- На плячы даўгазубыя граблі ляжаць.
- Стогнуць спіны і ціха паўзе над пучынай,
- Быццам дзіда, цяжкі, трохсажнёвы дзяржак.
- Граблі шаблямі дно залатое скародзяць
- І прыносяць "палюддзе" галодным чаўнам:
- Ясных кропель алмазы, багновак бароды,
- І бяззубак - па грыўні за кілаграм.
- У катлах ненажэрных іх вывараць ноччу.
- Чарапашак ад мяса аддзеліць "кульба".
- Будуць запінкі для вячэрніх сарочак,
- А начынне - свінням.
- Па-братэрску дзяльба.
- Дзеля гэтага з ранняй да позняй часіны,
- З салаўінай пары да савінай пары,
- Як трысцінкі трымцяць дзявочыя спіны,
- І аленевы вочы глядзяць у віры.
- І пакуль грабуць яны сонца з парогаў,
- А з крыніц і глыбіняў вясёлак глыжы, -
- Зыб ад глісераў белых абліжа ім ногі,
- Грудзі-шкелцы бінокляў абсліняць чужых.
- І за сіняй далёкаю павароткай,
- Там, дзе знікне багатых глісераў зыб,
- Людзі з граблямі выбух учуюць кароткі,
- І бязгучныя стогны аглушаных рыб.
- Быццам жэмчуг, на нашых адхонах суровых
- Наліваюцца барвай насустрач дню,
- Як вулканы, зырчаць маціцовыя горы,
- А між імі, як лава, шалёнства агню.
- І з адчаем слухаюць ракавін вушы,
- Як віруюць у пекле катлоў агнявых
- Душы браццяў, нямыя бяззубкавы душы,
- Пад мяшалкамі д'яблаў... таксама нямых.
- І ўвесь час пакуль мяса ад лат аддзіраюць
- І дымее у ночвах яно, як гара,
- Качкі шэрагам шэрым стаяць і чакаюць,
- Як пры Сталіне поліўкі ў лагерах.
- Высыхаюць крыніцы, і іхнія слёзы
- Дзень ці два ззяюць маціцай ў сонца агні
- Перад вечнай разлукай з радзімай бярозавай,
- Дзе цяпер ні бяроз, ні дубоў, ні крыніц.
- О зямля мая ў сонцы, зітханнях і зыбу!
- Дзе дубоў твае цёплыя халады?
- Абясптушылі, бомбамі ўсю абязрыбілі,
- А цяпер абяззубяць...
- А што ж тады?!
- Разнясі ім каўчэгі з хлуснёй і атрутай,
- І даруй, тым, танюткім, як струны лазы,
- Тым, з граблямі, у плаццях сваіх падаткнутых,
- Што для хлеба ўзялі ў цябе човен слязін.
- Бо штоночы, як толькі прытомнасць пакіне,
- Мне адзін, мне адзін толькі трызніцца сон:
- Даўгазубыя граблі, напятыя спіны,
- І пад хусткамі белымі - твары з ікон.
|