GSpay - iatp merchant account provider.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail


* * *

Зацвітае дрэва Іудзіна,
Горы ў весняй, цёплай журбе...
Ну куды ж уцячы мне, людзі,
Ад кахання, ад дум, ад сябе?!

Не купляў я зямлі гаршчэчніка,
І нікога ў жыцці не прадаў, -
Што ж ты помсціш мне, чалавечнасць,
Што ж ты, лёс, мне нічога не даў?

Так, нічога ў жыцці не зроблена,
Так, пражыты нікчомны век,
Так, і словы і справы дробныя, -
Але ж хоча святла чалавек,

Гімнаў тых, што няма і не будзе...
Рук дзіцячых і словаў яе...
Цяжка, людзі. Нясцерпна, людзі.
Сонца здрадзіць. Шчасце заб'е.

Хутка сорак і хутка восень...
Ўжо адна толькі прага пячэ,
Каб скаціліся цёплыя росы -
Хай на крыж мой з людскіх вачэй.

І малю я вышэйшаю верай -
Ўздайце мне дабрынёю ці злом
Не за тое, што на паперы,
А за тое, што ў думках было.

Мы бываем невінаватыя,
Што звінім, як струны лазы,
Што вісяць нашы рукі клятыя,
Што маўчыць наш слабы язык.

Ўздайце мне. Хай, што будзе - будзе.
Нельга больш захлынацца ў крыві
Пад праклятым дрэвам Іудзіным
Без нянавісці і любві.

<< Папярэдні     Наступны >>

1. Аўтограф - у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 148 - 149; аўтограф - у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 6.ІV.67, Ялта.
2. Упершыню - "Літ. і мастацтва", 1986, 15 жніўня.
3. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] - Мн.: Маст. літ., 1987. - С. 377, 378.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі