GSpay - iatp merchant account provider.

Галоўная

Жыццяпіс

Бібліятэка

Галерэя

Успаміны

Крытыка

Музей

Архіў

Гасцёўня

E-mail


Прыватная гісторыя

Без сцягоў, без прамоў, без багнетаў,
Без атак з памінаннем чартоў -
Вяршыць яна справы сусвету
Побач з іншай гісторыяй, - той.
Без крыклівай і кідкай грубасці
З ёю робіць справу жыцця.
Але той - барабаны і трубы.
Гэтай - сціплы спакой забыцця.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ў час разгрому прайграны і раны і планы
Ў сто слупоў аж пад неба дымяць:
Гэта ўспыхвае Пушкініяна,
Каб не пэцкалі любых імя...
Ляпнуў нехта слова міжвольнае,
Наракнуўшы на штось, і таму
Рве Купала паперы крамольныя,
Каб сяброў не павесці ў турму.
Ў паляўнічых доўгія лапы,
Ім гаворыць кожны трафей, -
Ёсць - "свае" з прадажнаю зяпай,
Ёсць - ахранка, СД і гестапа,
Ёсць, - каб людзям да іх не трапіць, -
Ў кожнай попельні - аўтадафэ.
Пра падзеі ратнай гісторыі
Ў паднябеснай слава звініць.
Ўсе архівы прыватнай гісторыі
Ў выбаровай яме (у адходжым месцы) й агні.
Пра вялікую трубы гнюсяць,
Пра малую шапочуць лісты.
Ды яе забіваюць хлусы,
А цябе забівае - святы.
Не спявае нідзе араторый
Пра твае неўміручасць і жах.
Гіне праўда прыватнай гісторыі
У пляткарак на языках.
І паколькі ідзе непрыкаянай,
І паколькі ў хлусні - сто ног! -
Выглядае нязломны - Каінам,
Дантэ - бабнікам, Юдам - пан бог.
І за "Шэйлака" йдзе бяссрэбранік,
"Прадае" Багушэвіч пяро,
І хаваюць "мільёны" пад зрэб'ем
Страстацерпцы за бедны народ.
Некрыклівая, безабаронная,
Бо адкрыты ж кожны парог,
Патанае ў чорным бяздонні.
А гісторык - адзіны бог.
Ды сумленне і нюх некаторых,
Якіх нельга маніць навучыць...
Ўсю гісторыю гэта гісторыя
На нябачнай пласе маўчыць.
У засценку дапытчыкаў платных,
Дзе ў вяках на цвіках стаяць...
Ты прабач, чалавецтву, прыватная,
Што не можа цябе адстаяць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Абяздоленая, абясхлебленая,
Сярод родных душаў - адна,
Ўсё ж вядзе яна людства да неба,
Толькі ўбогая, толькі яна.

<< Папярэдні     Наступны >>

1. Аўтограф - у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 4 лютага 82 г. 16.11.
2. Упершыню - У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
3. Набор зроблены па тым жа выданні. С. 391, 392.

Галоўная |  Біяграфія |  Бібліятэка |  Галерэя |  Успаміны | Крытыка |  Музей |  Архіў |  Гасцёўня |

© Музей Уладзіміра Караткевіча Мінскага ПТК электронікі