










|
Зямля дзядоў
(Паэма)
- І
- Блакітнае, жамчужнае змярканне,
- Снуецца ў сэрцы ціхіх думак рой.
- Чырвоны месяц выйшаў на спатканне
- З нячутнаю і цёплаю вадой.
- Не можна ад нябёс адрозніць повень:
- І там і там адна і тая ж бель.
- Плыве пад ветразем крылаты човен
- Як казачны ў паветры карабель.
- Зямля дзядоў! Такою ж залатою
- Яна была і ў той далёкі век,
- Калі зубры ішлі да вадапою
- І на дубах хаваўся чалавек.
- Гады мінулі, пазгнівалі троны,
- Ахуталі як коўдрай палыны
- Руіны замка "каралевы Боны"
- І над Дняпром шырокім курганы.
- Даўно мяне не бачыла адрына,
- Дзе я калісьці дзічкі ў кут хаваў,
- І пыл на вулках, мяккіх як пярына,
- Ног змораных даўно не цалаваў.
- І вось ізноў трава знаёмых вулак
- І за Дняпром сівым абрыс сяла:
- Збароў, дзе некалі мая матуля
- Вясковаю настаўніцай была.
- У дальні свет шырокія дарогі,
- Асін трапюткіх нечаканы ўздых,
- Дзядамі узараныя разлогі,
- Калыска і прыстанак вечны іх.
- ІІ
- Абрыў ад ног у плынь Дняпра нырае.
- Заціхні, сэрца, - знову за сваё?
- Гарэза-ветрык волас папраўляе
- На непакрытай галаве маёй.
- Там - плынь Дняпра, шырокая, як мора,
- Тут - скочкі і заглухлы бэз капцоў.
- Стаю і думаю. І хвояў шорах,
- Як слова даравання ад дзядоў.
- Вайна нанесла нават мёртвым раны,
- Не кажучы пра цёплых і жывых.
- Стаптаныя дзядоў маіх курганы!
- Увесну бэзу не цвісці на іх.
- Непадалёк ад ледзь жывой капліцы,
- Над бабчынай магілаю старой
- Як слёзы залацістыя, жывіца
- Цячэ з параненых магутных хвой.
- З гурбы жывой, з гурбы безабароннай
- Яны сюды вадзілі па адным,
- Пускалі па спадзістаму адхону,
- І у патыліцу стралялі ім.
- І нехта адказаў так званым "людзям"
- З пагардай, хоць вялі яго на смерць:
- "Калі страляеш, дык страляй у грудзі
- І мей адвагу ў вочы мне глядзець".
- Усё праходзіць. Пад дняпроўскай хваляй,
- Там, ля Прарова берагоў густых,
- Вышэй ад горада, згніваюць палі
- Напалеонаўскіх спаруд старых.
- А поруч з імі, ў водарасці рыжай,
- У нетрах "жабніку", "багновак", "скул"
- Чужынскі танк з павучым чорным крыжам
- Зарыўся грозным хобатам у мул.
- Культуры вашай варты жалю ўламак,
- Бандыцкі танк са звернутым ствалом
- Прыстасаваў пад непрыступны замак
- Вусаты, тлусты ваявода-сом.
- Жывымі не ўцяклі, як і калісьці,
- Са зброяю сваёй пайшлі ка дну...
- І не паспелі іх сляды заплысці,
- Як зноў крычаць пра новую вайну,
- Звуць "боскую бязлітасную буру",
- З амбонаў абвяшчаюць зноў і зноў
- Паход за еўрапейскую культуру
- Супроць "славянскіх цёмных дзікуноў".
- ІІІ
- Вы, гордыя сваёй грудзінай белай,
- Надушаныя з ног да галавы,
- Мае ж дзяды тады пісаць умелі,
- Калі фарсілі ў воўчых шкурах вы!
- Калі у замках вы жылі па-свінску,
- Палілі на агні жанчын старых -
- У нас тварылі Будны і Цяпінскі,
- Паэты, дойліды і разьбяры.
- У вас калматая бы ў малпы скура,
- Не звыклі вы да вопраткі сваёй,
- А вы прыйшлі "прышчэпліваць культуру",
- Прыйшлі таемнай, воўчаю хадой.
- Вам, спевакам грызні і новых войнаў,
- Што за "культуру" ліць спраможны кроў!
- Культура - справа мірных і любоўных,
- Не катаў, не забойц, не дзікуноў.
- Нас нішчыць? До дурніц. Замала сілы.
- Зямля, дзе ўсе жывуць адной сям'ёй,
- Дзе ваяваў Вячко, дзе жыў Вашчыла -
- Не можа быць пахілаю рабой.
- Не вырвеш з нас жывую нашу душу
- Бы з дзяснаў слабых набалелы зуб,
- Бо мы народ вялікі, непарушны,
- Народ, што да зямлі прырос, як дуб.
- Хоць моцныя, а з сукаватай кульбай
- Мы не сядзелі на чужым гарбу,
- Бо зведалі мы смак нішчымнай бульбы,
- І бомбы, і пажар, і барацьбу.
- Сціскаюць моцна нашы рукі зброю.
- Не рушце нас. Не цяжка зразумець:
- Капцы жадаюць вечнага спакою,
- Жывыя - працаваць, кахаць і пець.
- І не крычыце пра сваю культуру,
- Не выдаткуйце гожых слоў запал, -
- Мы зразумелі на уласнай скуры
- Бязлітаснае слова "капітал".
- Мы самі радасць зносілі і гора.
- Ніколі не казалі нам айцы
- Прасіць свой хлеб на мірны падвячорак,
- Сваю зямлю на мірныя капцы.
- І аддаваць сваю чужынцам працу,
- І воўну - на чужыя дываны,
- Сваю сасну - на вашыя палацы,
- Сваю спіну - пад вашы бізуны.
- Сваю зямлю, любімую, святую,
- Якую грубым словам не назваць,
- Такую светлую, такую залатую
- Распусніку ў наложніцы аддаць?
- Даволі языком дарэмна звягаць!
- Ад нашых ніў зялёных - рукі прэч!
- Нам не патрэбны новыя варагі,
- Калі ж прыйдуць, дык атрымаюць меч.
- Гісторык грэчаскі эпічна й проста
- Пра нас даўным-даўно паспеў сказаць:
- "Жыве ў Гіпербарэі люд дзівосны,
- Якому не балюча паміраць,
- Калі ў яго забраць жадаюць долю,
- І нівы ў жоўтай повені жытоў,
- І родны кут, і родныя таполі,
- І родны гай, і залатую волю
- І ўдзірвянелыя капцы дзядоў".
- Калі ў той час мы не згіналі спіны,
- Як давядзеш баранячым мазгам,
- Якімі моцнымі мы стаць павінны
- Ад новай праўды, зразумелай нам.
- Я ведаю, цяжкімі будуць годы,
- А нам стаяць, не гнуцца як трысцё,
- Бо лёс славян і лёс майго народа -
- Нялёгкае і гордае жыццё.
- Нам першым даглядаць усходы волі,
- І першымі іх потым паліваць...
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Даволі успамінаў, досыць болю,
- Патрэбна неяк жыць і працаваць.
- Надзену шапку. Выйду на адвалы.
- Смяецца сонца ў хмызняках густых,
- Смяюцца зайчыкі на свежых хвалях:
- "На добрае здароўечка твой чых".
- Дождж крочыць недзе па лугах далёкіх:
- Ад хмары ў полі дымная мятла.
- І над вадою, над Дняпром шырокім
- Вясёлка светлай аркаю лягла.
- ІV
- Зямля дзядоў! Гудуць на ліпах пчолы,
- За штосьці птушкі сварацца ў садах.
- Вось дом стары. Два клёны і таполя,
- Як старыкі аперліся на дах.
- Сабака спіць паміж чырвоных макаў,
- І гарлачы сышліся на сукі
- Паміж сабой аб нечым пабалакаць,
- Пагрэць на сонцы старыя бакі.
- Туляўся ў свеце як па пеклу Марка,
- А тут сустрэнуць жартама "дубцом",
- "З каня" ля шулаў пачастуюць чаркай
- І павядуць, гамонячы, у дом.
- Бабуля у старым сваім уборы
- (Крывёй не родная, а як свая)
- Пачне неміласэрна лаяць горад,
- І за плячыма з лыжкаю стаяць.
- Што, пэўна, кормяць там аднэй мачалай
- Ці іншай, можа, поскуддзю якой,
- Бо стаў худы як той курыны палец.
- Засмаж сабаку - рады дасць і ёй.
- А дзядзька, што ў вадзе сядзеў ад рана
- З ухмылкай скардзіцца на ход падзей,
- Што рыба стала з гонарам як пані,
- Ні на якую трасцу не ідзе:
- "Як цюцька змок, запэцкаўся у глейку,
- Сяджу як у разоры той нарог.
- Лавіў, лавіў - ну хоць бы лапаць нейкі -
- Пачулі, што прыйшоў рыбацкі бог.
- Калі як зараве гудок пабудку,
- Як пачалі бляшню хапаць яны.
- Мо думалі, што я пайду - аж дудкі,
- Я, дзетухны, сягоння выхадны.
- За мокрыя штаны - нясіце кару...
- Сілкуйся, брат, не праглыні язык.
- Пачаставаць як трэба нельга зараз,
- Міроны вельмі мала - маладзік".
- Гарэлка льецца. Ціхі гук вясёлы.
- Чаму не выпіць, як прычына ёсць.
- Скаварада велічынёю з кола,
- Кускі - з каровячы прыблізна нос.
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Даволі. Надыходзіць "час сабачы".
- На вулках ціша і спакойны сон.
- Выходзім і даволі ясна бачым,
- Як хітры бэз рвануўся ад акон.
- Стаяць яму цвярозаму, без чары,
- І ноч усю да ранішніх гудкоў
- Ён будзе з ветрыкам пра нас пляткарыць
- У сто зялёных, вострых языкоў.
- Пакрыўдзіўся...
- Зноў пахне сена цёплымі лугамі,
- Па-над страхой знаёмых зор агні.
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Адрына з заімшонымі бакамі,
- Дзе цёплае гняздо звіваюць сны.
- V
- Зямля дзядоў! Дняпро ад хмарак белы,
- Чубатыя ад хмызу курганы.
- Ускраінныя хаты уцалелі,
- Як быццам не было зусім вайны.
- А там, далей, за старымі садамі
- Прайшла агню бязлітасная плынь.
- Не вулкі - сківіцы з двума зубамі
- І на камнях палын,
- палын,
- палын.
- Забудзь на міг заводаў голас грубы,
- Глянь на слупы асмаленых ракіт
- І ты пачуеш гул татарскіх бубнаў,
- Віск баявы і дробны стук капыт.
- Як трыста год таму ляцяць арканы,
- Ізноў навала, барацьба і жах
- І валакуць русявых паланянак
- Чужынцы на запененых канях.
- "Чорна хмара падступае,
- Цар турэцкі наступае,
- Хоча сватаць Андрэеўну..."
- Спявай апошні раз перад разлукай,
- Забіты твой каханы у баю,
- Ўскінь дагары заломленыя рукі,
- Цалуй апошні раз зямлю сваю.
- Зноў, як раней, гатуюць смерць сабакам
- І помста нарастае дзень у дзень.
- На кожнай хвоі - чалавек з пулгакам,
- За кожнай сціртай шыбень і кісцень.
- Над роднаю, над залатой зямлёю
- Пранёсся ураган пакут і мук.
- Здаецца, што арда прайшла вайною,
- Пусціўшы ветрам працу чорных рук.
- Эх, людзі, людзі. Па-дурному, слепа
- Свой поступ вы да лепшага вялі,
- Не выдумалі як любіцца лепей,
- А знішчыць - дык да атама дайшлі.
- Зямля дзядоў! Раз'юшанае мора.
- Народнай помсты страшны землятрус.
- Я горды за цябе. І ў гэтым горы
- Ты не лягла дадолу, Беларусь.
- Хай гарадкі маленькія марудзяць,
- Будуюцца па тры будынкі ў год,
- А ўсё ж галоўнае - жывыя людзі.
- Народ не знішчылі. Жыве народ.
- Замест людзей, што адхадзілі ў поле,
- На свой завод, на службу у нарад
- У доме пад разгатаю таполяй
- Расце на змену самы меншы брат.
- Ён слухае Дняпра прызыў напеўны
- І вучыцца на дрэвах майткі драць,
- Яму пры камунізме жыць напэўна
- І зорны шлях ракетай пакрываць.
- Ён разбярэцца у старых паданнях,
- Перачытае пыльныя тамы,
- Прыпомніць лёс бацькоў, вайну, паўстанні
- І кіне позірк свой далей, чым мы.
- VІ
- Зямля дзядоў! Любімы мой народзе,
- Што моц сваю пазычыў у дубоў,
- Дыхтоўна зробленыя на стагоддзе
- Нашчадкі бортнікаў і рыбакоў.
- Не зверне шлях мой на шляхі чужыя,
- Заўсёды дарагімі будуць мне
- Зарэчча, горад, хвоі залатыя,
- Ашыткі на прароўскім мулкім дне,
- Ад месяца чырвоная кітайка,
- Што цягнецца над соннаю вадой,
- Блакітнае крыло дняпроўскай чайкі
- І ў ціхіх хвалях шчупачыны бой.
- Народзе мой, да шчасця чалавека
- Ідзём з табой дарогаю адной,
- Твае сябры - мае сябры навекі,
- Твой вораг - самы люты вораг мой.
- . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Блакітнае, жамчужнае змярканне.
- Снуецца ў сэрцы ціхіх думак рой.
- Чырвоны месяц выйшаў на спатканне
- З нячутнаю і цёплаю вадой.
- Не можна ад нябёс адрозніць повень:
- І там і там адна і тая ж бель.
- Плыве пад ветразем крылаты човен
- Як казачны ў паветры карабель.
|