КАРАТКЕВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (н. 26.11. 1930, Орша), беларускі савецкі пісьменнік. З сям'і служачага. Скончыў філал. ф - т Кіеўскага ун - та (1954), Выш. літаратурныя (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Друкуецца з 1955. Першы зб. паэзіі "Матчына душа" (1958), прозы "Блакіт і золата дня" (1961). Аўтар рамана "Нельга забыць (1962), аповесцей "Цыганскі кароль", "Сівая легенда" (апубл. 1961), "Дзікае паляванне караля Стаха" (1964), "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1966), "Чазенія" (1970), п'есы "Млын на Сініх Вірах" (нап. 1957, паст. Бел. тэлебачаннем 1959), сцэнарыяў фільмаў "Сведкі вечнасці" (1964), "Памяць" (1966), "Будзь шчаслівай, рака" (1967) і інш. У паэзіі К. пераважаюць гістар. і баладна-рамант. сюжэты, ёй характэрна рамантычна-асацыятыўная вобразнасць. Гістарычная тэматыка, рамантызавана-прыгодніцкія сюжэты пераважаюць і ў прозе К., у якой вылучаецца раман пра адмену прыгону і паўстанне К. Каліноўскага "Каласы пад сярпом тваім" (кн. 1 - 2, 1965). Творы К. перакл. на рус., укр., літ., чэшскую, балг. і інш. мовы. Тв.: Вячэрнія ветразі, Мн., 1960; Каласы пад сярпом тваім, т. 1 - 2, Мн., 1968; Мая Іліяда, Мн., 1969; Чазенія, Мн., 1970; Дарога, якую прайшоў, у кн.: Пра час і пра сябе, Мн., 1966. Літ.: Колесник В. Душа поэта, "Дружба народов", 1959, № 8; Лойка А. Выхаванне таленту, "Маладосць", 1961, № 7; Кісялёў Г. Шматпланавы гістарычны раман, "Полымя", 1969, № 12; Ярош М. Добры плён пошукаў, там жа, 1970, № 2; Андраюк С. На рамантычнай хвалі, там жа, 1971, № 5.
А. А. Лойка. Мінск.
-
1. Набор зроблены па выданні: Беларуская савецкая энцыклапедыя. У 12 тамах. Том V: Зуйкі - Кішы. - Мн., Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1972.