- Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры. Люблю беларускае Палессе, і казачна мяккую Наваградчыну, і адзіную ў свеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнаго азёрнага краю. Іх нельга аддзяліць ад мяне, але ў Прыдняпроўі мне неяк больш прытульна.
- На Украіне берагі Дняпра нагія, а тут яны ўсе ў лясах, курганах, у вёсках на ўзгорках, у садах, у забытых гарадзішчах, густа ўкрытых шыпшынаю і чортапалохам, у запушчаных парках.
- Калі раніцаю плывеш на чаўне праз рачны туман і бачыш след за галавою выдры, што пераплывае раку, або усплёск бабра - адчуванне шчасця, адзінства з гэтай зямлёй і любоў да яе перапаўняюць цябе.
- Продкі мае таксама ўсе адсюль. Гісторыю маю можна было б пачаць з таго, што роўна сто год таму назад мая зямля была ахоплена паўстаннем. Гарэла ўсё: фальваркі, вёскі, цэрквы, нівы. Адна бітва адбылася на поўнач ад Рагачова. Паўстанцаў разбілі, камандзіра іхняга расстралялі ў Рагачове. Ён быў мне сваяк з боку маці і яе радні. І такіх было многа. Гэтую ж гісторыю я апісаў у пралогу да рамана "Леаніды не вернуцца да Зямлі".
- Трэба было неяк жыць астатнім на спустошанай, выпаленай зямлі. І жыццё пачалося цяжкае. Пачалося збядненне, часамі настолькі вялікае, што ў асірацелых (а часам і не ў асірацелых) дзяцей не было чаго есці.
- Дзед, бацька маёй маці (ён памёр у вайну), даслужыўся да павятовага казначэя і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам, - магчыма, не столькі разбіраючыся ў гэтым, колькі ў памяць аб сямейнай трагедыі. У доме ў яго, калі верыць сямейнаму паданню, знаходзіў прыстанак П.Лепяшынскі.
- Быў гэта чалавек уладны, разумны і з'едлівы. Ён цудоўна бачыў дурасць і ўмеў пусціць яе голай. Валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам. Калі ён, незадоўга да смерці, аслеп - я быў у яго чымсьці накшталт сакратара: чытаў яму, а часам і пісаў за яго. Таму што "непісьменным" сябе не памятаю. Маці кажа, што чытаць, непрыкметна для іншых, навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней. І, здаецца, гэта быў першы і апошні мой подзвіг.