- КАРАТКÉВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша - 25.7.1984), бел. паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Працаваў настаўнікам у 1954 - 1956 у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл., у 1956 - 1958 у Оршы. Друкаваўся з 1955. Выяўляў асаблівую прыхільнасць да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі. Ужо на пачатку творчага шляху звярнуўся да мінуўшчыны, да набыткаў фальклору, пра што сведчаць творы пад назвай "Казкі і легенды маёй Радзімы", дасланыя летам 1952 для ацэнкі Я. Коласу. Арыгінальна і непаўторна раскрыўся як паэт. Прыкметнымі з'явамі ў бел. л-ры сталі яго кнігі "Матчына душа" (1958), "Вячэрнія ветразі" (1960), "Мая Іліяда" (1969), "Быў. Ёсць. Буду" (1986). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Гісторыя цікавіла К. пераважна як прытча, легенда і ў тым плане, які ўплыў зрабіла яна на духоўнае жыццё народа, на яго грамадскую свядомасць. Пісьменніку характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя для сённяшняга дня. Стварыў творы і пра сучаснасць: раман "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"; 1960 - 1962, выд.1962), аповесці "У снягах драмае вясна" (1957, выд. 1989), "Чазенія" (1966, выд. 1967) і інш. Планаваў напісаць трылогію пра паўстанне 1863 - 64, у якой меўся адлюстраваць адпаведна пярэдадзень, само паўстанне і яго вынікі. Створаны толькі 1-ы раман трылогіі - "Каласы пад сярпом тваім" (1962 - 64, выд.1965), які паклаў па сутнасці пачатак бел. гіст. раманістыцы. Дзеянне ў рамане даведзена да 1861 і завяршаецца апісаннем адмены прыгону і расстрэлам дэманстрантаў у Варшаве. У ім дадзена шырокая панарама нар. жыцця. Адгалінаваннем рамана стала аповесць "Зброя" (нап. 1964, выд. 1981) - гнеўная выкрывальная сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію1860-х г. У героіка-рамант. драме "Кастусь Каліноўскі" (нап. 1963, паст. 1978) паказана само паўстанне, адзначана яго складанасць і супярэчлівасць, створаны яркі вобраз Каліноўскага - непрымірымага ворага самадзяржаўя, патрыёта роднага краю. Падзеям 1863 - 64 прысвечаны многія вершы, апавяданні і публіцыст. артыкулы.