- Пасля смерці маёй маці Наталлі Сямёнаўны, сястры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, яго аўтарскае права перайшло да мяне. Справа падтрымкі вялікай спадчыны У.Караткевіча мае як юрыдычны, так і маральны аспекты. Я ўдзячна тым айчынным выдавецтвам, якія сур'ёзна займаюцца выданнем твораў У.Караткевіча, і калі нават узнікаюць у іх нейкія юрыдычныя парушэнні, звязаныя з аўтарскім правам, я на многае не звяртаю ўвагі, бо гэтыя кнігі выдаюцца на беларускай мове, іх будуць чытаць людзі, гэта будзе спрыяць распаўсюджванню і пашырэнню ўжывання роднай мовы, цікавасці да гісторыі нашага краю, а дзеля гэтага жыў і працаваў Уладзімір Сямёнавіч.
- Цяжэй з замежнымі выдавецтвамі, асабліва калі гэта тычыцца выдання твораў, якія не былі перакладзены пры жыцці Уладзіміра Сямёнавіча. Нядаўна выдавецтвам "Амфора" (РФ, г. Санкт-Пецербург) быў выдадзены раман "Христос приземлился в Гродно" у перакладзе на рускую мову А. Сурніна. У сярэдзіне красавіка з Санкт-Пецярбурга мне патэлефанавала намеснік арт-дырэктара "Амфоры" сп. Суворава Е.С. і паведаміла, што ў іх ёсць добры пераклад рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", і прапанавала надрукаваць яго. Я аднеслася да гэтага з насцярогай, маючы упэўненасць, што няякасны пераклад лепш не друкаваць наогул. Я параілася з А.І. Мальдзісам, ён сказаў, што чытаў некалькі раздзелаў і лічыць, што можна друкаваць. Трэба заўважыць, што ў перакладзе сапраўды ёсць добрыя раздзелы, да якіх няма пытанняў, напэўна, яны і трапілі А.І. Мальдзісу. Яшчэ ён сказаў, што добра было б атрымаць рэцэнзію перакладчыка, які раней перакладаў на рускую мову творы Уладзіміра Караткевіча. Я вырашыла, што не пашкодзіць мне і самой пачытаць гэты пераклад.
- У наступнае тэлефанаванне сп. Суворавай (напрыканцы красавіка) мы дамовіліся, што яна дашле мне першыя чатыры раздзелы перакладу, а таксама будзе займацца атрыманнем рэцэнзіі перакладчыка. Такім чынам, ішлі рабочыя перамовы. Калі я прачытала дасланы пераклад, перш за ўсё мяне здзівіла, што старадаўняя Гародня ператварылася ў сучаснае Гродна. У часы дзеяння рамана яшчэ не было Гродна! (Дарэчы, Менск у перакладзе застаўся Менскам). Няма адзінства ў перакладзе імён і тапонімаў (напрыклад, засталося беларускае гучанне імён Цыкмун, Ян, Пархвер, але Цыпрыян стаў Киприаном, Юстын - Устином, Рыгор Гарадзенскі - Григорием Гродненским). Да таго ж , пераклад мае прыкрыя недакладнасці і памылкі, якія часам скажаюць сэнс аўтарскага тэксту .
- Я чакала тэлефанавання з Санкт-Пецербургу, але яго не было. Я падумала, што справа нетэрміновая і гэтае выданне запланавана, магчыма, на наступны год. Але ўсё ж вырашыла напісаць ліст па электроннай пошце (адваротны адрас застаўся ў кампутары). 18 траўня я адаслала ліст, у якім выказала свае заўвагі і прапановы, а таксама і спадзяванне прачытаць астатні тэкст перакладу. Якім жа было маё здзіўленне, калі на наступны дзень у кнігарні "Акадэмкніга" я ўбачыла на паліцы кнігу "Христос приземлился в Гродно" (дарэчы, падпісаную да друку 7.04.2006)!
- Сп. Суворава казала мне: "У нас солидное издательство, мы работаем с хорошими переводчиками". Незразумела толькі, як паважнае выдавецтва дазваляе сабе парушэнне закона аб аўтарскім праве, а намеснік яго дырэктара - абмяркоўваць пытанні перакладу і рэцэнзіі, ведаючы, што кніга ўжо надрукавана.
- Шкада, што выдавецтва паспяшалася надрукаваць і перадаць у продаж гэтую кнігу. Хацелася б, каб вялікая праца перакладу рамана была даведзена да канца, каб пераклад быў варты імя Уладзіміра Караткевіча і ўвагі чытача, для якога працаваў пісьменнік, шчыруюць выдавецтвы і перакладчыкі. Таму праз газету і "Інтэрнэт" звяртаюся да тых, хто хацеў бы набыць гэтую кнігу.
- Дарагія сябры! Чытайце раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" так, як яго напісаў Уладзімір Караткевіч, на нашай роднай мове, нават калі для гэтага вам патрэбна будзе абкласціся рознымі слоўнікамі і энцыклапедыямі! Няма сэнсу траціць немалыя грошы (а каштуе кніга 21 300 рублёў) на няякасны тавар.
- З павагай,
- Алена Сінькевіч