ЖЫЦЦЕ І ЎЗНЯСЕННЕ УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА
Партрэт пісьменніка і чалавека
Партрэт пісьменніка і чалавека
- Перш чым пачаць непасрэднае апавяданне, я павінен зрабіць некалькі тлумачэнняў. Найперш пра назву кнігі. Сяму-таму яна можа здацца прэтэнцыёзнай і нават містычнай. Але слова "ўзнясенне" трэба трактаваць "матэрыялістычна" - як узнясенне над сваім часам, узнясенне да вяршынь айчыннай і сусветнай літаратуры. Апрача таго, тут ёсць прамая "рэмінісцэнцыя", звязаная з Караткевічам. Калі на кінастудыі "Беларусьфільм" пачалі здымаць фільм па яго сцэнарыю "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", камусьці гэта назва здалася крамольнай, і фільм выйшаў (дакладней, не выйшаў, а надоўга лёг на паліцу) як "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка". Новую назву Караткевіч успрыняў спакойна, з гумарам. Яна стала для яго нават сімвалам чагосьці асабістага. І калі ў 1980 годзе, пасля першага грознага прыступу хваробы, ён крыху акрыяў, я пажартаваў: "Ну вось, цяпер можна будзе пісаць кнігу "Жыціе і ўваскрэсенне Уладзіміра Караткевіча", ён разрагатаўся: "Ну - давай, давай! Няхай яно спраўдзіцца!"
- Наступная засцярога. Тое, што прапануецца тут чытачу, безумоўна ж, будзе вельмі суб'ектыўным. Я далёкі ад таго, каб прэтэндаваць на нейкія ісціны ў апошняй інстанцыі, бо абапіраючыся пераважна на тое, што асабіста бачыў і чуў, што было занатавана (прызнаюся ў гэтым) адразу ж, вечарам ці на наступны дзень, а то і непасрэдна ў час выступленняў Караткевіча ў самых розных аўдыторыях. Праўда, мушу пакаяцца: на пачатку нашага знаёмства, у гады шасцідзесятыя, яшчэ не ўсведамляючы ўсёй значнасці таго, што адбывалася на маіх вачах, усёй адказнасці перад гісторыяй, такія занатоўкі я рабіў рэдка і бегла. Адсюль - і значныя прагалы.
- Хачу таксама падкрэсліць, што падрабязны аналіз творчасці Уладзіміра Караткевіча не ўваходзіць у мае задачы. Часткова ён зроблены ў кнізе Анатоля Вераб'я "Жывая повязь часоў", (1985), у артыкулах іншых калег. На фундаментальную ж манаграфію яшчэ зарана. Таму, гаворачы пра творчасць, буду - каб пазбегнуць пазнейшай "мадэрнізацыі" - абапірацца пераважна на тагачасныя сведчанні, у тым ліку і на ўласныя рэцэнзіі і артыкулы. Апошнія прыводзяцца тут цалкам, без купюр. Безумоўна, у іх адбілася агульная атмасфера застойных часоў, калі пра многае нельга было пісаць або даводзілася пісаць намёкамі, калі апрача рэдактара і работніка Галоўліта затоена дзейнічаў яшчэ і "ўнутраны" цэнзар, які імкнуўся не столькі нашкодзіць сабе, колькі дапамагчы самому Караткевічу - у імя выхаду яго чарговай кнігі, зрабіць яе аўтара больш "правільным", чым ён уяўляўся на самай справе. У гэтых рэцэнзіях і артыкулах сёння хацелася б нешта скараціць, нешта дадаць. Але гісторыю нельга падпраўляць. Таму няхай у гэтай кнізе тэксты іх ідуць так, як былі апублікаваны калісьці. А ўжо чытачу меркаваць, ці ёсць мне падстава саромецца тагачасных выказванняў, ці такой прычыны няма.
- Уласна кажучы, з рэцэнзіі на раман "Нельга забыць" і пачалося наша асабістае знаёмства. Неяк так здарылася, што, заняты напісаннем кандыдацкай дысертацыі пра ХІХ стагоддзе, я стаў прапускаць міма ўвагі вартыя літаратурныя навінкі і не прыкмеціў першага паэтычнага зборніка Уладзіміра Караткевіча "Матчына душа" (1958). Другі ж, "Вячэрнія ветразі" (1960), прачытаў з вялікім спазненнем. А пра кнігу прозы "Блакіт і золата дня" (1961) найперш даведаўся ад супрацоўніцы Інстытута літаратуры Валянціны Ігнатаўны Гапавай. Яна была ў захапленні ад зборніка, напісала на яго ўзнёслую рэцэнзію, якая прымусіла і мяне прачытаць кнігу. Зборнік зачараваў мяне нязвычным тады абвостраным адчуваннем гісторыі нашага народа, светлым і цнатлівым успрыняццем навакольнага жыцця. І калі ў часопісе "Полымя" (1962. № 5, 6) з'явіўся раман таго ж аўтара "Нельга забыць", я ўжо без "падказкі" прачытаў яго і, захапіўшыся яго аўтарам яшчэ больш, тут жа напісаў рэцэнзію, якая была апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 17 ліпеня 1962 года пад назвай "Права мастака":
- "Прызнаюся: амаль тыдзень прымушаў я сябе ўзяцца за раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць". Адштурхоўваў загаловак. Ён здаваўся банальным, выцвілым. У той жа час прываблівала прозвішча аўтара, які паспеў палюбіцца за кнігі "Блакіт і золата дня" і "Вячэрнія ветразі".
- І вось - першая фраза: "Дарогу на поўнач ад горада кантралявалі інсургенты, ездзіць па ёй было небяспечна". Інсургенты? Так у Расіі звалі польскіх паўстанцаў. Значыць - доўгачаканы раман пра паўстанне 1863 года, стагоддзе якога мы будзем адзначаць праз некалькі месяцаў? Магчыма, пра Каліноўскага?
- Аднак гэта раман не пра паўстанне 1863 года. Уладзімір Караткевіч не павёў чытача ў паўстанцкі лагер, не паказаў там Кастуся Каліноўскага. У рамане дзейнічае (і то "па-за сцэнай") толькі яго баявы сябар - Усяслаў Грынкевіч. З першых жа радкоў даведваемся, што ён трапіў у палон да царскіх войск і чакае пакарання смерцю на магілёўскай гаўптвахце. Аўтар засяроджвае сваю ўвагу на тых, хто знаходзіцца, так сказаць, на іншым баку барыкад. Гэта - афіцэры рускай арміі Пора-Леановіч і Юрый Гораў, якія ўзначальваюць ахову на пераправе праз Днепр. Яны вельмі розныя людзі. Жорсткі і самазадаволены цынік Пора-Леановіч прытрымліваецца правіла: "Галоўнае - стаць на той бок, які выйграе". Яму, мясцоваму ўраджэнцу, магіляўчаніну, не вельмі давярала камандаванне арміі. І таму "ў дапамогу" Пора-Леановічу быў прысланы паранены пад Ракавам масквіч Юрый Гораў. У Гораве быццам сабраны ўсё лепшыя рысы, якія былі ўласцівы перадавым прадстаўнікам рускага дваранства. Уразлівы і ўдумлівы Гораў нечым няўлоўным нагадвае талстоўскага Андрэя Балконскага, перанесенага ў іншы час і пастаўленага ў іншыя ўмовы.
- І вось наступіла навальнічная вераб'іная ноч. Разліўся Дняпро. У такую буру наўрад ці наважыцца хто пераплыць цераз рэчку. І таму, на першы погляд, здаецца, што Пора-Леановіч мае слушнасць, калі адмаўляецца пераправіць на той бераг жонку паўстанца Грынкевіча. Яна вязе загад графа Мураўёва аб замене расстрэлу пажыццёвай катаргай? Ну што ж, няхай пачакае да раніцы, ад гэтага нічога не зменіцца. Але Пора-Леановічам кіруюць далёка не гуманныя матывы. Ён ведае, што яшчэ надвячоркам памчаўся ў Магілёў (вядома, не з памілаваннем) спецыяльны кур'ер Мараўёва-вешальніка. Ён атрымаў загад затрымаць жонку Грынкевіча на такі час, каб на тым беразе паспелі скончыць з яе мужам.
- Дарэмна Гораў спрабуе апеліраваць да сумлення свайго начальніка. Той застаецца няўмольным. Але Гораў не можа не дапамагчы высакароднай, базабароннай цяпер жанчыне. Гэта азначала б, што ўвесь ягоны свет, ягоныя перакананні, усё тое, аб чым гаварылі прафесары ва універсітэце, аб чым піша Тургенеў, любімы пісьменнік Надзенькі, яго Надзенькі, - усё гэта мана і міраж. І тады Гораў прымае рашэнне. Парушаючы загад Пора-Леановіча, рызыкуючы ўласным жыццём, ён перавозіць жанчыну на той бераг у чаўне-душагубцы. Але дарэмна: жонка Грынкевіча спазнілася. Спазнілася на нейкіх дзесяць мінут. Даведаўшыся аб гэтым, Юрый Гораў выразна адчаканіў свайму начальніку: "Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік". У выніку - дуэль. На здзіўленне самому сабе, Юрый Гораў смяртэльна параніў праціўніка, які трыма выстраламі мог з віновага туза зрабіць жалудовы.
- Аб усім гэтым расказана ў пралогу рамана. Пралог завяршаецца сцэнай апошняга спаткання Юрыя Горава і апранутай у жалобу жонкі Грынкевіча. Герой зразумеў, што тая вераб'іная ноч была водападзелам яго жыцця. Пасля яе засталася туга. Туга па ўзвышаным і прыгожым, па няздзейсненых спадзяваннях. З горыччу думае ён аб нетрываласці чалавечага жыцця і чалавечага шчасця, гледзячы на зеленаваты зорны дождж Леанідаў, якія "тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры".
- А потым аўтар пераносіць дзеянне рамана ў наш, савецкі час, расказвае пра нашчадка таго Грынкевіча, які так і не пабачыў дажджу Леанідаў, - пра студэнта, паэта і сцэнарыста Андрэя Грынкевіча. "Пачакайце, - можа сказаць тут чытач, - а я ведаю, што будзе далей: Андрэй абавязкова сустрэнецца з унучкай ці праўнучкай таго Горава і паміж імі ўзнікне каханне. Нашчадкі здзейсняць мары і спадзяванні сваіх продкаў. Так было ў "Паўночнай аповесці" Паўстоўскага, так было..." Што ж, у гэтым выпадку прадчуванні чытача спраўджваюцца. У Маскве Андрэй сапраўды пазнаёміўся з выкладчыцай гісторыі мастацтваў Ірынай Горавай і пакахаў яе тым пачуццём, якое, як кажа другі герой рамана Яніс Вайвадс, "раз у стагоддзе бывае на зямлі". І на нейкі момант у чытача паяўляецца незадавальненне. Твор здаецца зададзеным, сюжэт - запазычаным. Тут праводзіш паралелі з Тургеневым, там - з "нагнятаннем сказаў" Талстога. Літаратурныя рэмінісцэнцыі разбураюць непасрэднасць уражання.
- Але адначасова ловіш сябе на думцы: вось так, відаць, гучала б беларуская проза, калі б у нас быў свой Тургенеў і Талстой. Ды і чаму мы павінны адмаўляць права мастака ісці, так сказаць, адметным шляхам: не ад жыцця да літаратуры, а ад літаратуры да жыцця? Права напаўняць старую сюжэтную схему новым жыццёвым зместам? Адштурхоўваючыся ад чужога, як робіць Караткевіч, ствараць уласнае? У сталай літаратуры павінны быць і такія творы.
- Што ж новае ўносіць раман "Нельга забыць" у сучасную беларускую прозу? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўлічыць наступную акалічнасць. У мінулым беларуская нацыя была амаль выключна "сялянскай" нацыяй, і таму беларуская літаратура ўзрастала пераважна на сялянскай тэматыцы. Асноўным героем на доўгі час стаў селянін. Адсюль ідзе і пэўная абмежаванасць, адметнасць нашай літаратуры, скажам, ад рускай ці польскай. А калі ў беларускую прозу прыйшоў рабочы ці інтэлігент, то гэта быў пераважна ўчарашні селянін або селянін па паходжанні. Коласаўскі Лабановіч ці нават героі шамякінаўскіх "Крыніц" не маглі яшчэ перастуквацца паміж сабой тактамі пятай сімфоніі Бетховена і вешаць на сценах рэпрадукцыі з карцін Паўля Клее, як гэта робіць Андрэй Грынкевіч. Іншая справа - галоўны герой рамана "Нельга забыць". Вобраз яго мы па праву можам назваць першым у беларускай літаратуры паўнакроўным вобразам патомнага інтэлігента, інтэлігента ад дзеда і прадзеда. А гэта - яшчэ адно сведчанне сталасці беларускай літаратуры.
- Андрэй Грынкевіч падабаецца чытачу многімі сваімі рысамі. Ён чалавек складанага інтэлекту, багатага ўнутранага свету. Ён увесь - у імкненні да прыгожага і дасканалага, у прадчуванні нязвычнага. Ён самакрытычны, аналізуе кожны свой крок і, калі трэба, можа сурова асудзіць сябе (дастаткова прыгадаць узаемаадносіны з Марыяй Крат). У Андрэя выпрацавана такая культура пачуццяў, такая ўражлівасць, што ён улоўлівае ледзь улоўнае, адчувае не толькі свядома, але і падсвядома. Так: падсвядома. Вось герой спяшаецца да Ірыны, сэрцам адчуваючы, што з ёю нешта непапраўнае, хаця аб гэтым яму ніхто і не паведаміў. Вось ён, седзячы ля ложка хворай Горавай, прачынаецца заўсёды тады, "калі яна толькі мелася прачнуцца". Нейкім унутраным чуццём Андрэй угадвае, калі Ірына ёсць у горадзе і калі яе няма. Што гэта? Містыка? Даніна модным на Захадзе Джойсу і Прусту, у якіх героі жывуць на мяжы рэальнага і ірэальнага? Не, гэта тая вытанчанасць светаўспрымання, якая паяўляецца ў людзей, багатых інтэлектуальна. У аснове такой "перадачы думак на адлегласці" ў Караткевіча заўсёды ляжыць рэальны, часам вонкава непрыкметны факт (напрыклад, тэлефонныя званкі перад прыступам у Ірыны, на якія Андрэй не адказваў).
- Расказваючы пра ўзвышанае і пакутлівае каханне сваіх герояў, аўтар быццам палемізуе з тымі, хто адмаўляе такое пачуццё, спрачаецца са Стаўровым і стаўровымі, якія цынічна заяўляюць: "Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі, у вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут". Караткевіч сцвярджае, што такое ўзвышанае і светлае пачуццё, такое каханне ў "белай сукні" існуе, яно нараджае "кнігі, музыку, гераізм". Яно патрэбна чалавеку як паветра і вада: без яго чалавек становіцца збедненым, спустошаным. Вялікае і непаўторнае, яно не знікае бясследна. Яго нельга забыць.
- Магчыма, некаторыя крытыкі папракнуць аўтара за празмерна песімістычны канец: пасля смерці Ірыны Андрэй адчувае, што без яе на яго жыццёвым шляху ўжо не будзе радасці, што для яго засталіся толькі "праца і самота". А што ж, загадаеце, каб у такім выпадку герой станавіўся ў позу і выступаў з бадзёрымі сентэнцыямі?! Чалавек і тыя пачуцці, якія ён выклікае, - гэта не Леаніды. Яны не забываюцца - і ў гэтым сэнсе загаловак рамана аказваецца вельмі дакладным. Смерць ёсць смерць. І, сцвярджаючы, што без Ірыны жыццё Андрэя не будзе па-сапраўднаму поўным і радасным, пісьменнік выказвае вельмі чалавечную, вельмі гуманную думку, палемічна накіраваную супроць легкадумнага аптымізму. Апошнія радкі рамана нібы пераклікаюцца са словамі старадаўняга англійскага паэта Джона Дона, словамі, якія Хемінгуэй узяў эпіграфам для свайго рамана "Па кім звоніць звон": "Ні адзін чалавек не ўяўляе сабой саматойны востраў, кожны з'яўляецца часткай кантынента, часткай сушы. Калі мора змые хаця б грудку зямлі, меншай стане Еўропа, як і ў тым выпадку, калі яно паглыне паўвостраў, зямлю тваіх сяброў ці тваю ўласную. Смерць кожнага чалавека памяншае мяне, бо я звязаны з чалавецтвам. Таму ніколі не пытай, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе".
- І ўсё ж вобраз Андрэя не можа поўнасцю задаволіць чытача. Сфера яго пісьменніцкіх інтарэсаў здаецца штучна звужанай, зведзенай да аднаго кахання. Хтосьці слушна заўважыў, што ў творы яно не павінна больш займаць месца, чым у жыцці. У Караткевіча ж атрымліваецца наадварот. Хацеў гэтага аўтар ці не, але выйшла так, што амаль адзінай крыніцай паэтычнага натхнення для Андрэя стала Ірына. З навакольнага свету ён успрымае пераважна тое, што так ці інакш звязана з яе асобай. Грамадскі ж кругагляд героя выглядае збедненым. Гэта не значыць, што Андрэй мусіць рвацца ў космас ці разважаць аб выніках культу асобы (такія вонкавыя прыкметы часу ў рамане якраз ёсць). Герою не стае іншага. У яго няма глыбокага філасофскага роздуму аб тым, што адбываецца ў нашай краіне і ва ўсім свеце, аб сэнсе існавання сучаснага чалавека і яго месцы ў грамадстве. Часам здаецца, што Грынкевіч празмерна любуецца сабой, любуецца тым, што ён, як "сапраўдны малады варвар", п'е рыжскі бальзам і "Белавежскую", можа падпісваць аўтографы і чытаць Дантэ, лежачы на кіліме. Часам вытанчанасць Андрэевых пачуццяў пераходзіць у расслабленасць. У свой час герой быў смелым і рашучым: хадзіў у партызанскую разведку, двойчы ўцякаў з дзіцячага дома на фронт, узначальваў аддзяленне ў камсамольскім "атрадзе садзеяння", страляў у ворага. І таму не верыцца, што, стаўшы дарослым, Андрэй настолькі не можа саўладаць са сваімі пачуццямі, што раз-пораз усё навокал "плыве, бы ў тумане", "патанае ў тумане" і нават можа выключыцца са свядомасці на некалькі дзён. Міжволі думаеш: а можа, аўтар хацеў паказаць, што бывае, калі герой "аддае ўсяго сябе жанчыне", хацеў асудзіць яго абмежаванасць? Ды не, на гэта не выглядае. Хаця апавяданне вядзецца не ад першай асобы і вобраз Андрэя "аб'ектывізаваны", тым не менш аўтар настолькі апрабіруе кожны крок героя, настолькі зліваецца з ім, што Андрэевы словы ўспрымаеш як лірычную споведзь самога пісьменніка.
- На такую думку наштурхоўвае, напрыклад, наступная акалічнасць. Ва ўсіх у нас у памяці добрыя вершы Караткевіча, навеяныя творамі мастацтва: "Дзіва на Нерлі", "Прарок Геранім Босх", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Архангельскае", у памяці і тое, што яны мелі канкрэтнае прысвячэнне. З рамана ж мы даведваемся, як ствараліся гэтыя вершы. Міжволі ўзнікаюць паралелі, і пачынаеш атаясамляць героя і аўтара (такая ўжо псіхіка чытача...). Магчыма, не трэба было аўтару гэтага рабіць, тым больш што адпаведныя думкі ў вершах выказаны і вобразней, і глыбей. Магчыма, не трэба было паўтарацца і адначасова прыадчыняць сваю творчую кухню. А то чытач адчувае сябе, як госць, якога пасля далікатнага абеду запрасілі на кухню і сталі тлумачыць, з чаго і як прыгатаваны стравы.
- Паколькі ўжо гутарка зайшла аб недахопах, трэба сказаць некалькі слоў і аб мове. Вельмі прыкра, што пісьменнік, які так тонка адчувае прыгажосць роднага слова, часам, гонячыся за ўяўнай прыгажосцю, не сочыць за стылем. Гераіня неяк кажа Андрэю: "Вы такі, што вам трэба пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнулася ў душы, не дбаючы пра стыль, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выяўляла тое, што адчуваеш". І, відаць, па гэтым рацэпце былі пабудаваны фразы, пазбаўленыя якраз гэтай дакладнасці, а то і сэнсу, накшталт: "Дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне", "Дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе куст каліны...", "Яму было балюча ў горле, так ён яе кахаў". У адным месцы аўтар піша, што ў творах Андрэя, нягледзячы на паспешлівасць, "слова было на месцы - абцугамі не выцягнеш". На жаль, гэтага не скажаш пра мову рамана. Адно і тое ж слова няшчадна эксплуатуецца па некалькі разоў на старонцы: "сляпуча блішчаць купалы", "сляпучы снег", "сляпуча-срэбныя аблокі", "сляпуча-белы пакой", "сляпучае святло бліскавіц", "сляпучы агеньчык свечкі". І гэта, відаць, не неахайнасць, а свядомая манера пісьма. Аўтар захапляецца новым "сляпучым" словам, іграе ім, як дзіця бліскучай забаўкай, а потым, калі яно згубіць прывабнасць навізны, кідае яго. Тады на змену яму з'яўляецца іншае слова-пястунчык - "сяйва", "веі". Іншы ж раз такімі настырнымі здаюцца асобныя метафары, вобразы, нават думкі. Асабліва калі яны не першай літаратурнай свежасці: "Масква спала неспакойным сном вялікага, стомленага працай чалавека", "Сабака паклаў яму на калена галаву - і гэта была таксама радасць, бо гэтага сабаку магла лашчыць яна".
- Можна было б гаварыць і пра іншыя мастацкія хібы. Але не яны вызначаюць аблічча рамана. У цэлым свежая, асацыятыўная проза Караткевіча чытаецца з сапраўдным эстэтычным задавальненнем. Аўтар і тут застаецца паэтам. Ён умее ў звычайным убачыць незвычайнае, у будзённым - узнёслае, прыкмеціць на ботах Юрыя Горава, які ідзе на дуэль, пялёсткі пераспелых кветак.
- Я далёкі ад думкі, што раман "Нельга забыць" спадабаецца ўсім. Ён разлічаны на пэўнага, адпаведна падрыхтаванага чытача. Калі мы сцвярджаем, што нашы пісьменнікі павінны быць рознымі, то чаму, будучы лагічнымі, не дапускаем, што рознымі павінны быць і чытачы? Чаму мы апеліруем да нейкага уніфікаванага, стандартызаванага чытача? Ды ён жа на самай справе розны! Адны сур'ёзна ставяцца да мастацкага слова, другія адносяцца да кнігі як да забавы пасля работы, чытаюць толькі аблегчаныя дэтэктывы. І нават сярод тых, хто глядзіць на мастацкі твор як на крыніцу прыгожага, існуе падзел, прадыктаваны асаблівасцямі чалавечай натуры. У аднаго бярэ верх пачуццёвы пачатак, у другога - разумовы, у трэцяга ўсё гэта спалучаецца ў адпаведнай прапорцыі. І кожны шукае ў няабсяжным кніжным моры тое, што яму найбольш адпавядае. Апрача таго, трэба ўлічваць і тое, што чытачы розныя і па адукацыйнаму ўзроўню. І прыходзіцца паўтарыць банальную ісціну: мастак не мае права арыентавацца на тых, хто утылітарна ставіцца да літаратуры, спускацца да іх узроўню. Мастак павінен заўсёды апераджаць час, разлічваць не толькі на сённяшняга, але і на заўтрашняга чытача. Вось чаму трэба пагадзіцца з думкай Максіма Рыльскага, які ў артыкуле "Музы і моды" адстойваў на старонках "Литературной газеты" права пісьменніка тварыць для акрэсленага кола чытачоў (для акрэсленага, а не для "выбраных"). Такім пісьменнікам і з'яўляецца, на маю думку, Уладзімір Караткевіч.
- Раман "Нельга забыць" прынясе карысць чытачу, таму што ён абуджае багатыя думкі і пачуцці. Не, ён не "мабілізуе" на выкананне нейкай канкрэтнай, вузкай задачы. Раман робіць большае: выхоўвае культуру пачуццяў, абуджае роздум аб сэнсе жыцця. Так, нельга забыць пра тое, што ў жыцці ўсё ўзаемазвязана, што мінулае цесна пераплятаецца з сучасным і будучым. Нельга забыць ні Усяслава Грынкевіча, які аддаў жыццё "за вашу і нашу свабоду", ні таго асколка ў калясэрцавай сумцы Ірыны Горавай, які застаўся з часу вайны. У жыцці кожнага з нас можа быць такая вераб'іная ноч, кожнаму з нас, магчыма, прыйдзецца дапамагчы некаму, каб той не спазніўся на жахлівых дзесяць мінут.
- Уражанні, якія ўзнікаюць, калі дачытваеш апошнюю старонку рамана, хочацца выказаць словамі самога ж Караткевіча: "Вось, здаецца, і нічога не здарылася, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі".
- Хаця ў гэтай, першай рэцэнзіі на раман з празмернай сур'ёзнасцю даказвалася відочнае, хаця некаторыя папрокі сёння выглядаюць дробязнымі, але ўсё ж Уладзімір Караткевіч, відаць, застаўся задаволены ёю. Бо на пленуме (ці нейкім іншым сходзе) у Саюзе пісьменнікаў БССР (месціўся ён у будынку насупраць цяперашняга кінатэатра "Піянер") ён спытаў у Янкі Брыля:
- - А хто ды хто той рэцэнзент? Пазнаём мяне з ім.
- Янка Брыль паклікаў мяне і прадставіў высокаму і плячыстаму мужчыну, амаль яшчэ юнаку. Ён прымружана і дапытліва глядзеў рознакаляровымі (адно шэраватае, а другое сіняватае) вачыма і шырока, крыху іранічна ўсміхаўся. Мы неяк збянтэжана паціснулі ўзаемна рукі. І Караткевіч тут жа, неяк вельмі натуральна перайшоўшы на "ты", запрапанаваў:
- - То пасля ўсяго пойдзем да мяне, паседзімо. Згодзен?
- І мы пайшлі ў кватэру, якую ён толькі што атрымаў у блочным, "хрушчоўскім", доме па вуліцы Чарнышэўскага пад нумарам 7. У доме жылі і іншыя пісьменнікі (на пятым паверсе, помніцца, Валодзя паказаў мне кватэру Адамчыкаў). Халасцяцкае жытло Караткевіча было на "Парнасе" - на пятым паверсе і складалася з аднаго пакоя і цеснай кухні. Пра адзін пакой згадваю спецыяльна, бо нядаўна ў цікавых успамінах Арсена Ліса напаткаў сцвярджэнне, нібы тая кватэра была двухпакаёвая. Аўтара ўспамінаў, відаць, падвяло тое, што потым, пасля пераезду з Оршы маці Валодзі, Надзеі Васільеўны, "хата" была перагароджана шафай з прыбітай да яе шырмай: злева, ля акна, месціўся "габінэт" з раскладным крэслам, справа, ад увахода - мікраскапічная спаленка з тахтой... Але тады, у нашу першую сустрэчу, пакой быў яшчэ не разгароджаны, не застаўлены кніжнымі паліцамі.
- - Кнігі яшчэ засталіся ў Оршы, - тлумачыў гаспадар, паказваючы сціплую "хату". - Цеснавата тут.
- Але я стаў супакойваць яго, параўноўваючы свой прыватны пакойчык на Сельгаспасёлку з ягоным "цывілізаваным" жыллём. Зрэшты, потым Валодзя не раз казаў, што нідзе яму не пісалася так хораша, як на Чарнышэўскага. Ды яшчэ ў Оршы.
- У той вечар, аднак, мы не спыніліся ў пакоі, а пайшлі на кухню, "самае ўтульнае і зручнае месцейка", дзе Валодзя запарыў у "турцы" каву (гэта ён умеў рабіць як ніхто), выцягнуў з "затыркі" бутэльку сухога віна. І прасядзелі мы разам аж да трох гадзін ночы. Натуральна, я распытваў пра раман "Нельга забыць". Караткевіч прызнаў, што ён сапраўды вельмі аўтабіяграфічны. Ды і ў іншых герояў ёсць рэальныя прататыпы. Яніс - гэта, да прыкладу, цудоўны латышскі паэт Еранім Стулпан. Няўхвальна, з унутраным болем Валодзя гаварыў толькі пра М., маскоўскую даследчыцу гісторыі мастацтваў, выведзеную ў рамане пад прозвішчам Горавай, - здалося, з ёю былі звязаны сур'ёзныя пачуцці і няздзейсненыя надзеі... Без непатрэбнай сціпласці аўтар лічыў раман сваёй удачай і спадзяваўся хутка пабачыць яго ў выглядзе асобнай кніжкі.
- Потым мы сталі ўзаемна расказваць, што было "да таго". Валодзя згадваў Оршу, дзе прайшлі яго дзяцінства і школьныя гады, ваеннае ліхалецце, калі ён аказаўся ў Арэнбургу (урэзаліся ў памяць вярблюды, якія, раззлаваўшыся, дужа пляваліся), разбураны пасляваенны Кіеў, дзе ён жыў у цёткі, вучобу ў Кіеўскім універсітэце, адкуль яго ледзь не выключылі за нацыяналізм... украінскі. Гэтаму універсітэту Караткевіч быў асабліва ўдзячны: там ён сустрэў верных сяброў, мудрых настаўнікаў накшталт прафесара Бялецкага, там, удалечыні ад Беларусі, зразумеў, што такое Радзіма.
- - Калі б гэта ад мяне залежала, то кожнага вучня, дзесьці ў класе дзевятым, пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб адчуў тугу па сваім. Рос патрыётам.
- Потым гаворка пайшла пра першыя крокі ў літаратуры. "Непісьменным" Валодзя сябе не памятаў. Рыфмаваць, дзеля забавы, пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Першы верш напісаў дзесьці год у чатырнаццаць ("але гэта было яшчэ дзеля смеху"). Сур'ёзна заняўся паэзіяй пасля універсітэта, калі працаваў настаўнікам у Тарашчы на Украіне, а потым у Оршы. З Оршы паслаў некалькі вершаў сябру (здаецца, Валянціну Краўцу, потым выкладчыку політэхнічнага інстытута) у Мінск, а той, без ведама аўтара, аднёс іх у "Полымя". Такім чынам у 1955 годзе пабачыў свет караткевічаўскі "Машэка". Амаль адначасна ў зборніку пра Янку Купалу былі апублікаваны ўражанні з паездкі ў Вязынку (Валодзя лічыў іх "сапраўдным дэбютам").
- - Некалькі вершаў, - працягваў Караткевіч, - я неабачна аддаў у аршанскі "Ленінскі прызыў". Неабачна, бо не падумаў, як іх успрымуць дамарошчаныя "знаўцы". А яны, аказалася, дыхалі яшчэ сталінскім духам. Вядома, былі там і слабаватыя вершы. Але мне папала за іншае - за безнадзейнасць, чорную меланхолію, захапленне гісторыяй. Адным словам - за безыдэйнасць. Супрацоўнік рэдакцыі Высоцкі напісаў (мусіць, яму "падказалі") супраць мяне разносны артыкул "Не ў нагу з жыццём". Гэта ён - у нагу, заўсёды ў нагу, паводле загада, як былы вайсковец, а я - не... Найбольш лаяў ён верш "Вадарод" - нібы я прадракаю там пагібель нашай краіны. А я ж толькі хацеў папярэдзіць: атам - магутная, карысная, але і небяспечная сіла. Дураксы, а дураксаў на свеце многа, могуць знішчыць зямлю... Што пасля таго артыкула пачалося! Арганізаваныя лісты ў рэдакцыю, спецыяльная канферэнцыя "абураных" чытачоў на льнозаводзе. Нават дайшло да таго, што аршанская газета пачала вучыць розуму самога Броўку: замест таго каб прызнаць крытыку "знізу" і паўшчуваць мяне за памылкі, ён сказаў на адным сходзе, што я падаю цікавы голас... У школе працаваць стала ну проста немагчыма. І тады я рашыў падацца ў Маскву - на Вышэйшыя літаратурныя курсы. А потым - сцэнарныя. Многа там спазнаў новага... Так што цяпер, выходзіць, я павінен нават дзякаваць таму салдафону Высоцкаму. Ворагаў мне ён прыдбаў, але - і сяброў. Пасыпаліся абураныя лісты ў Мінск, Глебка з Казекам выступілі ў маю абарону ў "Звяздзе". У Саюз мяне прынялі.
- Праўда, па словах Караткевіча, і ў Мінску не ўсім яго вершы прыйшліся даспадобы. Палохала смеласць думкі, нязвычная форма. Некаторыя старэйшыя паэты ўвогуле адмаўлялі яго здольнасці.
- - К. сказаў, - крыўдаваў Валодзя, - што з маім талентам толькі каменне на бруку біць...
- У адказ я расказаў Караткевічу пра некалькі падобных выпадкаў з мінскага літаратурнага жыцця, з уласнага, няхай і небагатага аспіранцкага вопыту. Мы пагадзіліся, што тыя змены, якія пачаліся пасля смерці Сталіна і асабліва пасля ХХ партыйнага з'езда, ідуць са скрыпам. Занадта многа людзей, не зацікаўленых у іх. А іншыя баяцца, не ведаючы, чыя возьме. Таму адседжваюцца, чакаюць.
- Перад развітаннем Валодзя, нібы спахапіўшыся, пачаў распытваць пра мае "аўтабія". Даведаўшыся, што я з заходняй, "каталіцкай", часткі Беларусі, з беларуска-літоўскага памежжа, ён усклікнуў:
- - Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты - з-пад Вільні - і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на "ўсходнікаў" і "заходнікаў", на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала... А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз'яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-беларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: "Ацю, божанька".
- - Ацю - гэта ад літоўскага ачу, дзякуй.
- - Бач ты, куды трапіла літоўскае слоўца. А я і не ведаў.
- Вярнуўшыся дамоў, я, нягледзячы на позні час, занатаваў на гаспадаровай кухні найбольш істотнае за таго, што пачуў у той дзень. І даў сабе слова завесці дзеля гэтага асобны сшытак. На жаль, стрымаў яго не адразу. І таму пра нашы наступныя сустрэчы - на нашай прыватнай кватэры (Валодзя выклікаў фурор сярод суседзяў, стаўшы пасярод вуліцы на калені перад маёй Марыяй за нязначнае спазненне), у Юльяна Пшыркова, дзе яго жонка, Нона Іванаўна, частавала нас самаробнымі стравамі і напоямі, у Алега Лойкі, якому Караткевіч быў вельмі ўдзячны за рэцэнзію ў "Маладосці" на "Вячэрнія ветразі", - не магу сёння сказаць нічога пэўнага. Памятаецца толькі, што Валодзя спяваў старыя беларускія і ўкраінскія песні, з гумарам расказваў пра свайго гаспадара ў Тарашчы, гэтакага народнага філосафа ("калі свінню не есці, то яна стане есці людзей"), каларытна падносіў забаўныя эпізоды з аршанскіх, кіеўскіх і маскоўскіх часоў.
- Пра тое, як складвалася жыццё Уладзіміра Караткевіча ў першыя трыццаць год, даволі падрабязна і вельмі эмацыянальна расказаў ён сам у аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў", напісанай у 1964 годзе і апублікаванай у 1966 годзе ў зборніку "Пра час і пра сябе". Таму я не буду тут падрабязна апісваць часы, калі мы яшчэ не былі знаёмы. Таго, хто цікавіцца імі, адсылаю да ўказанай кнігі. Тут жа, каб потым не вяртацца назад, зраблю толькі некалькі ўдакладненняў і дапаўненняў. Некаторыя з іх унесены самім Караткевічам у мой экземпляр зборніка "Пра час і пра сябе". Іншыя ж узяты з нашых пазнейшых размоў, з успамінаў і лістоў ягоных сяброў.
- Радавод. Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. У зборніку "Пра час і пра сябе" ў адпаведным месцы дапісана чорным чарнілам: "Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру". Пра даўнасць Караткевічаў сведчыць і выпіска з кнігі В. Манкевіча "Беласток і ваколіцы" (1986), нядаўна прысланая з Кракава сябрам пісьменніка Здзіславам Нядзеляй. "У перыяд шведскага патопу (восенню 1655 г.), - гаворыцца там, - у Беластоку знаходзіліся літоўскія харугві, падпарадкаваныя Радзівілам. Узнялі яны, аднак, бунт супраць шведаў, пасля чаго пад кіраўніцтвам Караткевіча далучыліся да войскаў, якімі камандаваў Павел Сапега". Відаць, таго ж Караткевіча, робіць заключэнне Нядзеля, згадваў у сваім дзённіку князь Багуслаў Радзівіл.
- Ганарыўся Караткевіч і сваімі "прашчурамі па кудзелі" - з боку маці, Надзеі Васільеўны. У тым жа збоніку, у фразе "Дзед, бацька маёй маці (ён памёр у вайну), даслужыўся да павятовага казначэя, і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам", Валодзевай рукою ўпісана: пасля слова "павятовага" - "а затым губернскага", а перад словам "марксістам" - "легальным". Апрача таго, канкрэтызавана мясціна, дзе гаворыцца пра "сваяка з боку маці і яе радні", які ў паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў расстраляны па загаду Мураўёва. Караткевіч тут удакладніў: "прадзед". Праўда, зрабіў гэта толькі пасля таго, як у Вільнюсе, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР, Генадзь Кісялёў знайшоў і паказаў яму дакументы пра гэтага прадзеда - Тамаша Грыневіча.
- А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, я знайшоў у Варшаве рукапісныя "Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме". Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і той жа Тамаш Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш "Песня прыгаворанага да смерці...", дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, "пакуль жыве славянскае племя". Дзеля вызвалення, гаворыцца ў вершы, трэба паказаць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці. Перамога не прыйдзе сама сабой: "Полымя раптам не ўспыхвае - яно пачынаецца з іскры". А далей у запісной кніжцы ішоў верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, якая, падобна гераіні рамана "Нельга забыць", спазнілася на некалькі трагічных мінут з весткай аб "памілаванні". Невядомы аўтар верша захапляецца яе мужнасцю, якая будзе па-сапраўднаму ацэнена і ўзнагароджана, калі "краіна вызваліцца з няволі".
- Такім чынам, крыху нечакана для самога Караткевіча было дакументальна пацверджана тое, што дагэтуль цьмяна жыло ў сямейным паданні, што ўзнёсла было апісана ў пралогу да рамана "Нельга забыць" (паралелі паміж Тамашом Грыневічам і Усяславам Грынкевічам відочныя). Гэта дало аўтару дадатковыя аргументы супраць тых, хто бачыў у рамане адну "выдумку".
- А яшчэ Уладзімір Караткевіч неяк сказаў, што ўсе з яго роду, з яго сям'і годна трымаліся ў 1937 годзе. Даносчыкаў сярод іх, на шчасце, не аказалася.
- Ваенныя гады. Яны балюча ўвайшлі ў свядомасць Караткевіча. Бачачы сытую закусь, ён не раз успамінаў, як галадаў у час эвакуацыі, калі разлучыўся з бацькамі. Вайна не палохала яго: наадварот, некалькі разоў з інтэрната ўцякаў на фронт. А калі знаходзіўся ў Маскве і пачыналася бамбёжка, то не бег, разам з іншымі, у сховішча, а зганяў ката са скрыні, дзе ляжалі старыя часопісы, усядаўся на ёй і чытаў "Вокруг света" - прывязанасць да гэтага выдання засталася на ўсё жыццё.
- Кіеўскі перыяд. Пра яго мне двойчы расказваў Фларыян Няўважны, вядомы польскі літаратуразнавец і перакладчык. Ён вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Некалькі разоў яны разам прыязджалі на канікулы ў Оршу.
- - Мяне, наіўнага шчанюка, - згадваў Няўважны, прыехаўшы ў Мінск у 1974 годзе, - Валодзя здзіўляў тады яўным антысталінізмам. У дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора... Караткевіча вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў узяць Валодзю ў аспірантуру, нават тэму падабралі - пра паўстанне 1863 года ў славянскіх літаратурах. Але будучы "клясык" зрэзаўся на экзаменах - на пытанні пра Берыю. Праўда, выпіскі для дысертацыі працягваў рабіць. Потым яны прыдаліся для "Каласоў...".
- Па словах Фларыяна Няўважнага, у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага).
- Аднак вернемся да падзей 1962 года. На жаль, мая першая рэцэнзія на раман "Нельга забыць" аказалася тады і адзінай. Ацэнкі, дадзеныя ў ёй, не знайшлі падтрымкі ў друку. А можа, нават выклікалі адваротную рэакцыю. Бо праз колькі месяцаў у газеце "Советская Белоруссия" быў надрукаваны артыкул Я. Герцовіча "Пошукі, знаходкі, страты", дзе аўтару рамана былі прад'яўлены сур'ёзныя абвінавачванні. Тагачасны "афіцыйны" крытык папракаў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, у тым, што яго галоўны герой "Андрэй Грынкевіч і яго таварышы - адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест нашага мастацтва, яго ідэйная накіраванасць. Форма для іх ператвараецца ў самамэту і набывае "самастойнасць" і "незалежнасць" ад зместу, ад ідэйна-эстэтычных функцый". Галоўны герой рамана здаўся крытыку абмежаваным і глухім на ўсё "цецеруком"... У няўдалым выбары галоўнага героя, у няправільным паказе жыцця Літаратурнага інстытута абвінаваціў Караткевіча маскоўскі рэцэнзент В. Чалмаеў. Выказваліся таксама сумненні ў верагоднасці ўсяго таго, што адбывалася ў пралогу рамана.
- Артыкулы Я. Герцовіча і В. Чалмаева былі ўспрыняты не як выражэнне прыватнай думкі іх аўтараў, а як дырэктыўнае ўказанне. Справа ў тым, што ў краіне тады, у канцы 1962 года, узнялася хваля барацьбы з "фармалізмам". Пачалося ўсё з таго, што М. С. Хрушчоў наведаў маскоўскіх мастакоў і рэзка раскрытыкаваў іх (сёння мы ведаем, што "добразычліўцы" спецыяльна "падзавялі" яго), а скончылася тым, што "ведзьмаў" пачалі шукаць ва ўсіх творчых калектывах, у тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў БССР, Інстытуце літаратуры АН БССР (ох і дасталося мне тады за "шчанюкоўскі", як сказаў Валодзя, артыкул "Каб з пер'я вырасталі галубы…"). Караткевіч быў у курсе ўсіх яўных і закулісных падзей, бо меў інфармацыю, як кажуць, з першых вуснаў (М. з'яўлялася жонкай аднаго з галоўных маскоўскіх "абстракцыяністаў"). Вярнуўшыся з паездкі ў Маскву, Караткевіч падрабязна расказваў, як усё адбылося. 17 снежня 1962 года, зайшоўшы ў выдавецтва "Беларусь", я застаў там яго ў акружэнні сяброў і знаёмых, сярод якіх вылучаўся Янка Брыль.
- - Цкаванне абстракцыяністаў пачалося па ініцыятыве Герасімава, - Валодзя дужа нерваваўся, прыкурваў адну "беламорыну" ад другой. - У выяўленчым жа мастацтве няма ў нас такой моцнай і талковай асобы, як Шастаковіч у музыцы… На іхняй выстаўцы Мікіта Сяргеевіч вельмі злаваў і нават крычаў. Аднаму з фармалістаў - ды якія яны ўсе фармалісты, глядзеў іх выстаўку ў Літаратурным інстытуце… Дык вось, аднаму з фармалістаў ён сказаў: "Руку дай! О, моцная рука! Такой - лапату або сякеру трымаць, а не мазню разводзіць! У Брацк, у Сібір! Вон з Масквы!" Тут у гаворку ўмяшаўся Неізвесны, пачаў бараніць сяброў. "Вы - іншая справа, - нейтралізаваў яго Хрушчоў. - Вы талент. Дарэчы, дзе вы берыцё бронзу для скульптур?" "Крадзем. У металаломшчыкаў часам, на заводзе. Дарэмна вы, Мікіта Сяргеевіч, паўсталі супраць бронзавых помнікаў". "Магчыма…" Ну і гэтак далей… - абарваў расказ Караткевіч, пабачыўшы, што зайшоў нехта непажаданы.
- Размова пераключылася на беларускі тэатр. Караткевіч пахваліўся, што яму прапанавалі напісаць п'есу для купалаўцаў. Янка Брыль стаў яго пераконваць, што гэта вельмі важна. Бо хутка, "калі ўсе майстры пойдуць на пенсію", не будзе чаго ставіць. Затым, па просьбе Караткевіча, Брыль расказаў пра сваю нядаўнюю паездку ў Польшчу, дзе ён быў разам з С. Кірсанавым. Савецкіх гасцей прымаў Уладзіслаў Бранеўскі. Стомлены "траскучай" паэзіяй, ён папрасіў кагосьці з блізкіх прынесці яго кнігу і прачытаў з яе ўсяго адно чатырохрадкоўе - пра тое, як чалавек едзе цягніком і бачыць за акном верасы…
- - Так і ў жывапісе, - вярнуўся да праціўнікаў маскоўскіх "фармалістаў" Караткевіч. - Трашчаць, пафаснічаюць, фатаграфуюць… І Рэпін, і Ярашэнка - не фатаграфія. І Матэйка з яго "Грунвальдам" таксама… А гэтыя…
- - Што ты, Валодзя, сёння нейкі змрочны, - стараўся разрадзіць атмасферу Брыль. - Махні рукой на ўсіх і пішы свае раманы. Пра Багушэвіча хаця б. Пра яго акружэнне.
- - Баюся, стары, што гэта пачатак канца. Знак, што мы зноў вяртаемся да ранейшага. Таго самага… А пра Багушэвіча я падумаю… Дайце перш з Каліноўскім разабрацца!
- Караткевіч тады нібы ў ваду глядзеў. Сапраўды, у наступным, 1963 годзе "адліга", што пачалася з сярэдзіны пяцідзесятых, імкліва стала змяняцца новымі "замаразкамі". У наступ пайшлі кансерватыўныя сілы, якім па нутру былі сталінскія парадкі. Як праявы фармалізму ці абстракцыянізму сталі асуджацца творчыя пошукі ў змесце і форме, усё наватарскае і неардынарнае. У беларускай літаратуры адной з першых ахвяр "пахаладання" стаў Уладзімір Караткевіч. Крытычныя выказванні Я. Герцовіча і В. Чалмаева рашуча паўплывалі на далейшы лёс яго рамана "Нельга забыць". Яго кніжны варыянт, набраны да друку, у нейкай там інстанцыі (аўтару не казалі, у якой) "не быў рэкамендаваны" да друку. Караткевіч адчайна ўхапіў у выдавецтве карэктурны адбітак і прыхаваў яго да "лепшых часоў".
- Нанава раман "Нельга забыць" быў набраны і, на гэты раз, аддрукаваны толькі праз дваццаць год. І аказалася, што ён не састарэў, вытрымаў выпрабаванне часам. Рэцэнзія Міхася Тычыны на кніжнае выданне рамана так і называлася: "Выпрабаванне часам" (Полымя. 1983. № 11). Тое, што раней лічылася скажэннем рэчаіснасці, цяпер называлася яе рамантызацыяй, якая адпавядае спрадвечнай і заўсёды актуальнай патрэбе "ў ідэальным, высокім, вечным". Падкрэслівалася, што раману ўласцівы "высокі грамадзянскі і гуманістычны пафас, бязмежная вера ў магчымасці ўдасканалення чалавека, у магутнасць яго розуму". Андрэй Грынкевіч, ахарактарызаваны Я. Герцовічам як адарваны ад жыцця фармаліст, цяпер называўся "беларускім чалавекам на рандэву", які паказаў сябе "вартым кахання", сцвердзіў у сабе чалавечы, духоўны пачатак.
- Час, гэты мудры і справядлівы суддзя, усё паставіў на сваё месца. Раман "Нельга забыць" быў нарэшце ацэнены як буйное мастацкае дасягненне, удастоены ў 1983 годзе Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа. Адказваючы на пытанні карэспандэнта газеты "Літаратура і мастацтва" Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзімір Караткевіч растлумачыў тады, у чым была прычына ранейшага непрыняцця рамана і сакрэт яго шчаслівага вяртання: "Твор гэты - шматпланавы, у пэўнай меры эксперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза - з паэзіяй, лірыка - з жыццёвым сухім рэалізмам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, дый цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын, што раман чытаецца… Адна з прычын - але не галоўная, бо, акрамя чыста літаратурных прыёмаў і формаў, чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваё, глыбока асабістае…"
- Аднак зноў вернемся ў першую палову шасцідзесятых. Прыкладна праз два гады пасля з'яўлення палымянскага варыянта рамана "Нельга забыць" у часопісе "Маладосць" была апублікавана гістарычна-дэтэктыўная аповесць Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха", якая і да сённяшняга часу цешыцца вялікай папулярнасцю. Напісана ж яна была нават раней першага рамана - яшчэ да вучобы аўтара ў Маскве.
- У аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзімір Караткевіч упершыню паказаў сябе як майстар напружанага, "закручанага" сюжэта. Упершыню тут з'яўляецца яе вялікасць Таямніца. І не адна, а некалькі. Што гэта за "дзікае паляванне", якое, гойсаючы па наваколлі, наводзіць жах на гаспадыню Балотных Ялін Надзею Яноўскую, забівае сумленных людзей, здзекуецца з бедных сялян? І хто ж той Малы Чалавек, які ноччу з'яўляецца ў самых нечаканых мясцінах старога палаца? Хто хаваецца пад воблікам Блакітнай Жанчыны, так падобнай да той, што намалявана на старым партрэце? І якое пракляцце вісіць над Балотнымі Ялінамі? На гэтыя і многія іншыя пытанні трэба даць адказ Андрэю Беларэцкаму, маладому вучонаму-фалькларысту, які дзесьці на пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя выпадкова трапіў у закінуты старашляхецкі палац. Не раз абставіны ставілі яго, галоўнага героя, у складанае, здавалася б, безвыходнае становішча. Але ён, мужны і кемлівы, заўсёды знаходзіў выхад.
- Як і належыць прыгодніцка-дэтэктыўнай аповесці, "Дзікае паляванне…" увесь час трымае чытача ў напружанні. Тут ёсць абавязковыя для твораў такога жанру жахлівыя забойствы, небяспечныя пагоні, старыя рукапісы і нават прывіды. Сапраўдны злачынца ў пачатку дзеяння не выклікае асаблівых падазрэнняў, больш таго, нават здаецца сімпатычным, і чытач амаль да канца застаецца ў няведанні, хто ж гэта і дзеля чаго наладжвае "дзікае паляванне".
- Аднак "Дзікае паляванне…" успрымаецца не толькі як прыгодніцка-дэтэктыўны твор, што, звычайна, не выклікае асаблівых эмоцый ці разважанняў: прачытаў, разблытаў разам з аўтарам таямнічую гісторыю - і забыў, выкінуў усё з памяці. Аповесць Караткевіча абуджае роздум аб прызначэнні чалавека, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Многія разважанні Андрэя Беларэцкага, крыштальнага гуманіста і нарадалюбца, які пакутліва шукае адказы на пытанні, хто ж ён і якім "багам" павінен "маліцца", здаюцца мне вельмі сучаснымі, актуальнымі і для сённяшняга чалавека. Такім чынам, "Дзікае паляванне караля Стаха" - не толькі дэтэктыў у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Дакладней - больш чым дэтэктыў. Многімі сваімі рысамі аповесць набліжаецца да твораў сацыяльна-філасофскіх. Яна не толькі забаўляе сваёй складанай інтрыгай, але і павучае, выхоўвае.
- На жаль, як і ў выпадку з раманам "Нельга забыць", аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" не адразу была належным чынам ацэнена тагачаснай крытыкай. Той жа Я. Герцовіч убачыў у ёй і прыхарошванне, ідэалізацыю гісторыі, і элементарнае эпігонства - маўляў, аналагічная сюжэтная схема ўжо выкарыстана ў вядомай аповесці А. Конан Дойла "Сабака Баскервіляў". Аднак ідэалізацыяй лічылася звычайная вернасць напаўлегендарнага караля Стаха Горскага сваёй айчыне і свайму народу, яго непрыняцце ўлады польскага караля. Што ж датычыцца эпігонства, то тут Я. Герцовіч міжвольна ці свядома не прыкмеціў галоўнага - таго, што Караткевіч напоўніў распаўсюджаную сюжэтную схему новым, арыгінальным зместам. Такое выкарыстанне сюжэтаў ці фармальных прыёмаў - звычайная з'ява ў творчым працэсе. Для доказу спашлюся тут на выказванне класіка польскай літаратуры Юльяна Тувіма: "Нечы чужы рытм, мелодыя, вобраз або склад слова па невядомых прычынах пранікае ў памяць паэта, засынае там, спіць доўга, пакуль раптам, невядома чаму, без удзелу волі і творчай свядомасці, прачынаецца, як нешта быццам бы сваё. Толькі той, хто ніколі не падпарадкоўваўся складаным працэсам мастацкай творчасці, можа сказаць, што сходнасць, нават здзіўляючая, двух паэтычных твораў або іх фрагментаў заўсёды "спісана", што гэта плагіят або свядомае перайманне". Словы Юльяна Тувіма пераканальна тлумачаць тую падобнасць, якая несумненна існуе паміж аповесцю Конан Дойла і аповесцю Караткевіча.
- Нягледзячы, аднак, на рэцэнзію Я. Герцовіча, а то і наперакор ёй, "Дзікае паляванне…" карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытачоў, якім прыелася прэсная "вытворчая" проза. Асабліва палюбілі аповесць падлеткі. Расказвалі пра выпадкі, калі, схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў яе за адну ноч, калі за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы (тады гэта рабілася модным), зусім не абазнаныя з ёю. Аповесць рабіла справу сваю куды лепш, чым заклікі.
- Поспех "Дзікага палявання караля Стаха" крыху акрыліў Уладзіміра Караткевіча, "спляжанага" забаронай рамана "Нельга забыць", і ён, адкінуўшы ўсё іншае, стаў рыхтаваць да друку раман "Каласы пад сярпом тваім" (пачатак рамана, занатаваў Валодзя ў сваёй запісной кніжцы, прыйшоў у галаву 7 жніўня 1959 года ў Азярышчы над Дняпром, дзе ўзвышалася над кручай пахілая груша). Абвінавачванні Герцовіча і яго аднадумцаў у адрыве ад рэальнасці, у скажэнні гістарычнай праўды прымусілі пісьменніка нанава перагледзець некаторыя дакументы, выкарыстаць дадатковыя архіўныя крыніцы. І Караткевіч стаў угаворваць мяне, каб мы разам паехалі ў Вільнюс, дзе я ўжо не раз працаваў над рукапісамі.
- - У выпадку чаго, калі не будзе гатэлю, у мяне там ёсць аднакашнікі па Маскве - Бронюс Мацкявічус, Юозас Мацявічус, Юдзіта Вайчунайце, яшчэ колькі паэтаў. Бронюса я нават выратаваў аднойчы ад смерці - затрымаў за крысо на вышыні дванаццатага паверха… У цябе ж, казаў, там таксама ёсць сваякі. Кісялевічуса знойдзем, - Караткевіч любіў "перарабляць" прозвішчы: я ў яго часта бываў Мальдзісевічам або Адасевічам, літаратуразнавец Мікола Прашковіч - "слаўным сынам літоўскага народа Мікалоюсам Прашкявічусам", а Мікола Грынчык - "містэрам Грынчыгзам". Звычайная скумбрыя ў яго ўрачыста менавалася скумбрыевічам, а густы грыбны суп - супешнікам. І словы пры гэтай гульні набывалі незвычайны, ледзь не магічны сэнс.
- Аргументы здаліся мне пераканальнымі, і мы двойчы, у 1964 і 1966 гадах, папрацавалі разам у вільнюскіх архівах. У першую паездку сышлі па дарозе на маёй станцыі Гудагай, зайшлі да сваякоў. Вечарам была сустрэча з чытачамі ў Астравецкай раённай бібліятэцы. А назаўтра, чакаючы цягніка на Вільнюс, сядзелі мы ў паўпустым станцыйным буфеце і ля распаленай печкі пацягвалі піва (яго потым Валодзя ўспомніў у вершы, прысвечаным 500-годдзю Астраўца). Гледзячы на групку калгаснікаў, якія прывезлі на станцыю з-пад Свіра здаваць ільновалакно, разгаварыліся пра вёску, пра тое, чаму з яе ўцякае моладзь, чаму знікае любоў да зямлі. Пагадзіліся: таму што чалавек не адчувае сябе яе гаспадаром.
- - Дай вось ім усім зямлі столькі, колькі яны могуць абрабляць, і ўсё будзе ў парадку, - гарачыўся Валодзя. - Не прадаваць, а перадаваць на які час. А не справіцца - адбяры назад. - Караткевічу мроілася нешта накшталт сённяшняга замацавання зямлі на доўгае карыстанне.
- У Вільнюс мы дабраліся вечарам і амаль без надзеі, на ўсякі выпадак, сунуліся ў новую тады гасцініцу "Нерынга". На наша здзіўленне, адміністратарка прапанавала нам ажно двухпакаёвы нумар (было перад святам). Цана ў шэсць рублёў за суткі кусалася, але Караткевіч не мог не паказаць гонар і рашуча сказаў:
- - Вядома ж, бярэм!
- Ноччу, вярнуўшыся ад Бронюса Мацкявічуса, ён ціха ўлёгся. Але праз колькі часу разбудзіў мяне гучным трызненнем:
- - Вясёлку мне! Хоць кавалачак вясёлкі! Ну, калі ласачка… А то ўсё загіне.
- Назаўтра аказалася, што яму снілася, нібы свет складваецца ў "столкі". І каб выратаваць яго, для распоркі, патрэбен быў кавалачак вясёлкі.
- Праз пару дзён выявілася, што "Нерынга" нам яўна не па кішэні, і мы перасяліліся спачатку ў халодны "Наруціс", вокны якога ўпіраліся ў змрочныя Святаянскія муры, потым, з дапамогай Юозаса Мацявічуса, у гасцінічныя пакоі пры Саюзе пісьменнікаў Літвы - у былыя людскія, здаецца, Агінскіх. На новым месцы Валодзя адразу знайшоў аднадумца ў асобе празаіка Вітаўтаса Пяткявічуса, які прыехаў у Вільнюс са сваёй "глыбінкі". Абодва яны з запалам даказвалі ўзаемна, што чалавек сам сабе найгоршы вораг, бо знішчае тое, адкуль выйшаў, - прыроду. Розныя там лысенкі думаюць, што яны ўхапілі за бараду самога пана бога. Але ў адказ атрымліваюць вялізную хвігу.
- У Вільнюсе мы найперш пайшлі да Генадзя Кісялёва, які жыў тады з маці ў старым, ледзь не рэнесансным дворыку па вуліцы Гедрыса. Амаль насупраць было кафэ "Бочу", якое Валодзя тут жа зарыфмаваў:
- Па дарозе ў "Бочу"
- Нікуды не збочу.
- А чуць далей - Дамініканскія муры, дзе Каліноўскі сядзеў у вязніцы, і Святаянскія муры, дзе яго арыштавалі.
- Аднапакаёвая кватэра Кісялёвых, вялікая, але цемнаватая і халаднаватая, таксама нагадвала не то турэмную камеру, не то манастырскую келлю. Казалі, што раней тут жыла самая вучоная віленская манашка, а ўсе сцены пакоя былі абстаўлены кнігамі. Кніг хапала і цяпер, асабліва пра паўстанне 1863 года. І Караткевіч, ледзь увайшоўшы і павітаўшыся, ужо ўхапіў нешта - ажно не адарваць, нават у час вячэры.
- Назаўтра Кісялёў і яго сябар, гісторык Бікуліч, павялі нас у Святаянскія муры шукаць той дом і тыя сходы, на якіх здраджаны Кастусь Каліноўскі спакойна сустрэў са свечкаю ў руцэ царскіх жандараў, кажучы ім, што ён Вітажэнец. Апісанні сучаснікаў доўга не сходзіліся з рэальнасцю, бо прайшоў не адзін капітальны рамонт. Але нарэшце ў "дворыку Міцкевіча" канчаткова і цвёрда ўстанавілі: гэта было тут, у двухпавярховым флігелі справа. Усцешаны Караткевіч прапанаваў усім пайсці ў "Дайнаву", вялікі і мадэрновы рэстаран, упрыгожаны паганскімі ідаламі, пляцёнкай і свяцільнікамі-"павукамі". Валодзя жартам прасіў абмяняць яму ну хоць куточак з "Дайнавы" на які літоўскі па назве горад - Ашмяны ці Ліду.
- Яшчэ праз дзень мы пайшлі ў Карцінную галерэю, якая знаходзілася ў кафедральным саборы на плошчы Гедымінаса, каб знайсці яе вартаўніка, колішняга рэдактара віленскіх беларускіх выданняў Янку Шутовіча. Але ў адміністрацыі сказалі, што ён прыходзіць дзяжурыць толькі на ноч, і мы рашылі, карыстаючыся выпадкам, паглядзець экспазіцыю. Валодзя доўга стаяў ля партрэта Уладзіслава Сыракомлі, усё вызначаючы, якія ж у яго вочы.
- - Мусіць, колеру табакі, - зрабіў заключэнне.
- Асабліва Караткевічу спадабаліся падзямелле, дзе пахаваны польскія каралі і вялікія літоўскія князі, багата аздобленая капліца з металічнай труной святога Казіміра, звезеныя з прыдарожжаў драўляныя скульптуры-"смуткялісы" і часовая выстаўка, прысвечаная гадавіне вызваленчага паўстання 1863 - 1864 гадоў. Экспанаваныя там творы прываблівалі смеласцю, наватарствам пошукаў у нацыянальным рэчышчы.
- - Не дай бог, каб гэта пабачыў Мікіта Сяргеевіч, - уздыхнуў Валодзя. - Разнёс бы ўшчэнт - як аднаўленне Тракайскага замка…
- Шукаючы Шутовіча, мы зайшлі да яго на кватэру па вуліцы Антакальнё, дзе нас сустрэла яго жонка, літоўская паэтэса і перакладчыца Она Міцюце (яна дзесяць год чакала з турмы рэпрэсіраванага мужа, хоць ёй і прапаноўвалі адмовіцца ад яго). Гаспадара дома не аказалася - паехаў на нейкі засценак. Але затое гаспадыня расказала нам многа цікавага - пра сумесныя даваенныя беларуска-літоўскія вечары, пра свае пераклады вершаў Максіма Танка.
- - Пад уплывам Янкі я і сама спрабавала пісаць па-беларуску, - прызналася Она Міцюце. - У акадэмічнай бібліятэцы вы можаце знайсці маю рукапісную п'еску "Чароўная скрыначка", прызначаную для беларускага школьнага тэатра.
- У тым жа двухпавярховым доме, што і Шутовіч, жыў таленавіты беларускі мастак Пятро Сергіевіч. Мы не прамінулі аказіі зайсці да яго ў майстэрню. Дзядзька Пятро, як яго называў Караткевіч, аказаўся нездаровы, але, даведаўшыся, што прыйшлі госці з Мінска, хутка падняўся, выйшаў у прадпакой, сардэчна павітаўся і павёў далей. У майстэрні якраз вісела ў рабоце карціна пра Паўлюка Багрыма. Юны паэт стаяў перад высокім начальствам са сшыткам у руках, а на ўсё са страхам пазіралі маці і сястра. У вачах, усёй постаці галоўнага героя былі выклік, дзёрзкасць.
- - Якраз такім я ўяўляў яго, калі пісаў свайго "Паўлюка Багрыма", - пахваліў карціну Караткевіч.
- Потым Сергіевіч паказаў нам увесь свой запаснік. А таксама дзівосныя карціны Язэпа Драздовіча, амаль невядомага яшчэ ў Мінску. Асабліва ўразіла фантастычнае "Вітанне вясны на Сатурне": сотні зусім аднолькавых незямных істот стаялі ў строгіх шарэнгах і чагосьці чакалі.
- - Глядзі ты, прадбачыў! - адрэагаваў Валодзя, думаючы пра нешта сваё.
- Ну і вядома ж, мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакументы пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі.
- У тую паездку Караткевіч здзівіў мяне сваёй здольнасцю быць натуральным, цікавым і не паўтарацца ў самых разных кампаніях - пісьменнікаў, вучоных, з абслугай у гасцініцах і прадаўшчыцамі ў кніжных магазінах (куплены аднатомнік японца Руноске Акутагава на нейкі час стаў яго настольнай кнігай). Мы хадзілі па старых вулках, узбіраліся на вежу Гедымінаса. Доўга стаялі каля Вострай брамы, Святадухаўскай царквы, у Базыльянскіх мурах ("во дзе была талеранцыя: зусім побач мірна сужылі каталіцкая, праваслаўная і уніяцкая святыні"). Зайшлі "пад галю" - на калгасны рынак, які, мабыць, памятаў Багушэвіча, каб купіць там кветак і ўскласці іх на пліту, устаноўленую на месцы пакарання смерцю Каліноўскага (каля касцёла святога Якуба на Лукішках). Нанеслі колькі візітаў маім сваякам (цётка Жукоўская цярпліва вучыла нас, як з мёду, спірту і спецый варыць стары беларуска-літоўскі крупнік). Хадзілі ў кіно на фільмы "з дрыжыкамі".
- Наша прабыванне закончылася даволі камічна. Грошы неяк нечакана зніклі, а пазычаць не дазваляў гонар. І тады праз Мацявічуса Караткевіч дамовіўся, што нам дадуць мінут дваццаць у літаратурным тэлечасопісе. Ледзь не на апошні рубель паабедалі. Валодзя апрануў свой эфектны, блакітны з белым, світэр. Галантна цалаваў ручкі рэжысёркам і дыктарцы. Узнёсла гаварыў, як шукаў у Вільнюсе сляды Каліноўскага. Я ж расказваў пра дружбу нашых літаратур… Вярнуліся мы ў былыя людскія па вуліцы Рашытою, папілі чаю і ўлягліся спаць з ціхай надзеяй, што нашы фінансавыя справы заўтра палепшацца.
- - Званіць у бухгалтэрыю будзеш ты, хоць паздароўкаешся па-літоўску.
- Але "лабас рытас" нас не ўратавала. На маё пытанне, ці нельга было б атрымаць ганарар за ўчарашняе тэлевыступленне, у трубцы пачулася:
- - А вы - савецкія грамадзяне?
- - Безумоўна! - узрадаваўся я.
- - Тады атрымаеце пераводы ў канцы месяца ва ўстаноўленым парадку. Адразу мы плацім толькі замежным грамадзянам…
- Давялося паступіцца сваім гонарам і звярнуцца за субсідыяй да сваякоў.
- У наступны свой прыезд у Вільнюс, у канцы лютага і пачатку сакавіка 1966 года, мы былі больш абачлівымі: загадзя дагаварыліся пра пакой у больш дэмакратычнай гасцініцы "Гінтарас", а потым перабраліся на кватэру да майго школьнага сябра Часлава Мекіна на вуліцы Дзуку ("у краіне Дзукіі", "у дзукаў", як паўтараў Валодзя).
- У Літоўскім драмтэатры якраз паставілі гістарычную драму Вінцаса Крэве "Скіргайла". Яна выклікала вострыя спрэчкі: аўтар памёр у эміграцыі, доўгі час быў ледзь не пад забаронай, ды і на гістарычную праблематыку тады накладваласа табу… Таму Мацкявічусы рашылі звадзіць нас на гэтую пастаноўку. Білеты ім удалося здабыць з цяжкасцю, бо ўсе былі раскуплены загадзя. Аднак для "беларускага Сянкевіча і яго сяброў" усё ж знайшлася бронь. Караткевіч быў у захапленні ад маналогаў Скіргайлы пра тое, якім багам яму пакланяцца, ад "несіметрычнасці" драмы: крыжак аказваецца героем, а літовец - здраднікам. Разам з усімі Валодзя доўга апладзіраваў стоячы, а потым, у гардэробе, узрушана сказаў:
- - Трэба перакласці для купалаўцаў! - Ды тут жа аціх: - Хто ў нас цяпер такое паставіць?!
- На наступны дзень вядомая літоўская фалькларыстка Ванда Ёнаўна павезла нас у Каўнас. Валодзя быў не ў гуморы: напярэдадні, адыходзячы ў тэатр, жонка Мацкявічуса прыпудрыла яму рассечанае пры рэзкім тармажэнні аўтобуса брыво, і сёння ў невялікай ранцы пачалася злая інфекцыя. І таму на карціны Чурлёніса ў Каўнасе глядзеў ён неяк адным вокам, прымружана. Асабліва ўразіла Валодзю нарастанне змроку, беспрасветнасці ў цыкле "Хаўтуры". Ён доўга стаяў перад карцінамі, нешта шаптаў (пасля з усяго гэтага нарадзіўся верш "Чурлёніс"). Дужа шкадаваў, што лепшыя творы літоўскага генія знаходзяцца ў цёмным запасніку: пісаныя дрэннымі фарбамі, на святле яны хутка губляюць колер. Затым нам паказалі скульптуры Даўгвілене, прысвечаныя паўстанцам 1863 года (у тым ліку дзеду мастачкі). Кавалкі кары (здаецца, дубовай), наклееныя на нацягнутае палатно, стваралі незвычайны эфект.
- - Якое адзінства формы і зместу! - захапляўся Караткевіч. - І кім зроблена: не прафесіяналам, а швачкай.
- А яшчэ спадабаліся яму скульптуры Рымшы, асабліва праект помніка лётчыкам Дарусу і Гірэнасу, якія перад вайной пераляцелі Атлантык, але загінулі ў аварыі над прускім ці літоўскім лесам. Таму ўся скульптурная група нібы вырастала з лясной гушчэчы.
- Паколькі музей вітража (музея чарцей тады, здаецца, яшчэ не было) аказаўся на рамонце, Караткевіч запрасіўся ехаць назад, аднак абачлівая Ванда Ёнаўна прымусіла, каб ён зайшоў у паліклініку і даўся зрабіць "самую маленькую ў свеце аперацыю". Хірургічнае ўмяшанне пайшло на карысць, і па дарозе назад Валодзя ўжо сыпаў анекдотамі і нават пахваліў (а з раніцы лаяў) сучасную архітэктуру Электрэнай.
- У абодва прыезды Караткевіч любіў хадзіць у маленькую кавярню па вуліцы Татору (цяпер Палецкіса), дзе за буфетам стаяла ("пры ўсіх уладах") магутная жанчына родам з-пад Мсціслава. Калі яна злавалася, вока ў яе мружылася ў нервовым ціку. Казалі, што ў выпадку чаго яна не выклікала міліцыю, а сама хапала дэбашыра за шкірку і выкідвала за дзверы. Валодзю, які галантна цалаваў ёй ручкі і па-зямляцку называў "мамусяй", яна паважала і магла нават даць "на борг крупніку". У доўг, да зарплаты ці ганарару, бралі і іншыя - пісьменнікі, акцёры. Потым, па неасцярожнасці Караткевіча, кавярню прыкрылі: ён, захапіўшыся нейкім сюжэтам, расказаў пра норавы, якія там пануюць, аднаму высокапастаўленаму літоўцу, а той рашыў: хопіць!
- Праз два дзесяцігоддзі рысы вільнюскай "мамусі" я пабачыў у шынкарцы з караткевічаўскай драмы "Маці ўрагану".
- Ці не апошні раз мы пабывалі разам з Караткевічам у Вільнюсе ў жніўні таго ж 1966 года. Рэжысёр Юрый Цвяткоў тады здымаў па яго сцэнарыю дакументальны фільм "Памяць" - пра помнікі архітэктуры. У Гудагай, дзе я тады адпачываў, уся кінагрупа прыехала "рафікам". Спачатку я павёз яе ў Варняны, паказаў ансамбль XVIII стагоддзя. Валодзю захапіла вежа, узведзеная невядома дзеля чаго на востраве пасярод ставоў. Яна здалася яму маленькім паўтарэннем Камянецкага стаўпа. І сцэнарыст запатрабаваў, каб вежу дадаткова ўвесці ў фільм, ганяў галінай буслоў, каб яны трапілі ў кадр і "прыўкрасілі" яго. Потым быў касцёл аўгустынаў у Міхалішках, упрыгожаны скульптурамі знакамітага італьянца Перці - таго самага, што абяссмерціў сабор святых Пятра і Паўла ў Вільнюсе. Уражаны Караткевіч, перафразаваўшы назву аповесці Івана Шамякіна, раз-пораз усклікаў:
- - Ах, Міхалішкі, Міхалішкі!
- Заехалі мы і да дубовага крыжа, што стаяў на старым гасцінцы ля былога маёнтачка Анелін. Мясцовая легенда (расказваў яе стары "баечнік" з Палушаў Грыва) сведчыла, што сюды, да сваёй Марыські, няшлюбнай дачкі сялянкі і паніча, прыязджаў "правадыр" паўстанцаў 1863 года. І крыж быў асвечаны ў яго прысутнасці. Паглядзеўшы на прыступкі, што засталіся ад анялінскага дома і ўжо нікуды не вялі, на старое гумно, высокія дрэвы над берагам Лошы ў густы шыпшыннік ("здзічэлыя ружы"), Караткевіч узважыў усе акалічнасці і прыйшоў да вываду:
- - Ну, вядома, тут быў ён, Каліноўскі! Бо хто ж яшчэ? - і папрасіў Цвяткова дадаткова зняць крыж для фільма (не памятаю, ці засталіся гэтыя кадры ў стужцы).
- Па дарозе з Аняліна ў Гудагай Валодзя стаў пераконваць мяне:
- - Давай пра ўсё гэта напішам па аповесці. Паглядзім, што выйдзе.
- - Але ж я не пішу прозу. Толькі навуковае, крытыку. Не атрымаецца!
- - Атрымаецца! І ведаеш, чаму? Ты любіш разыгрываць людзей. Бывае, і не вельмі дасціпна… Памятаеш, як званіў Барадуліну ад імя польскага перакладчыка Антоняга Ольхі, як Рыгор бегаў па гасцініцах, шукаючы яго?! А ведаеш, чаму? Таму, што не зганяеш ахвоту, разыгрываючы сваіх герояў. Даказана гісторыяй…
- - Не ведаю. Няма часу: планавая тэма, свае і чужыя "хвасты"…
- - Кідай усю непатрэбшчыну і пішы! Зашыйся сюды. Кажу табе! Потым за локці сябе будзеш кусаць, што ўпусціў час.
- - Як быццам ты яго мала марнуеш…
- У той дзень мы нават крыху пасварыліся. Але Караткевіч усё ж угаварыў мяне паехаць разам у Вільнюс, паказаць усім будынкі, узведзеныя беларускімі дойлідамі. Хаця Цвяткоў рашуча пратэставаў, што на ўсё гэта не хопіць аніякага метражу, але сцэнарыст настойваў:
- - Інакш кіну вас, і рабіце ўсё адны, калі вы такія разумненькія…
- Па дарозе паглядзелі руіны Медніцкага замка ("не раўня нашым - дагледжаны"), заехалі ў Барэйкаўшчыну, дзе жыў Сыракомля, пашукалі Свіраны, у якіх нарадзіўся Багушэвіч. У Вільнюсе гасцініцы не аказалася (тут Цвяткоў вінаваціў Караткевіча), і мы, зноў пасварыўшыся, скіраваліся, хто куды. Цвяткоў з жонкай, аператаршай і шафёрам прыстроіўся да беларускай кінагрупы, што здымала "Усходні калідор". А мы аддаліся пад апеку Генадзю Кісялёву.
- Назаўтра, калі ўсе сустрэліся каля гатычнага касцёла святой Ганны, узведзенага рукамі гервяцкіх мужыкоў (Напалеон нібыта хацеў перанесці гэтае цуда архітэктуры на далоні ў Парыж), гуморы ва ўсіх былі яшчэ дрэнныя, пералік узаемных крыўдаў узрастаў. Дастаткова было невялікай іскры, каб з яе ўзгарэлася полымя, і такая іскра знайшлася. Караткевіч спытаў у прысутных:
- - А ведаеце, панове, чаму старыя муры так доўга стаяць?
- - Не.
- - Тады слухайце. Калі будавалі мінарэты ў Сярэдняй Азіі, то раствор замешвалі на крыві палонных. Секір башка і… А калі ўзводзілі Маскоўскі Крэмль, то дабаўлялі яечнага бялку. На ўсе ўладанні было накладзена нешта падобнае на харчовую развёрстку: казанцам - трыццаць тысяч яек, разанцам - дваццаць тысяч… І што вы сабе думаеце: разанцы прыслалі ўсе яйкі варанымі ўкрутую.
- - Гэта каб зрабіць урэд царскаму ўраду, - знайшоў тлумачэнне Цвяткоў.
- - Які там урэд - па дурасці! Разанцы ж …
- Не ведаю, чаму Цвяткоў, родам з Пскоўшчыны, апошнія словы ўспрыняў як асабістую абразу. Калі б не ўмяшанне Кісялёва, які рашуча стаў мурам паміж канфліктуючымі бакамі, іх слоўная дуэль магла б перарасці ў бойку… Караткевіч канчаткова адмовіўся ехаць з кінагрупай на Гродзеншчыну ("ёсць сцэнар - то рабіце што хочаце") і прапанаваў мне з Кісялёвым тут жа пайсці да Зоські Верас:
- - Падумаць толькі: жывая легенда, з самім Багдановічам сустракалася, а мы не выбралі часу, каб засведчыць ёй павагу.
- Але знайсці ў панарскім лесе "беларускую хатку" Зоські Верас, пабудаваную яшчэ да вайны яе мужам, аказалася не так праста. Сышлі з аўтобуса на праспекце Чырвонай Арміі, перайшлі чыгунку - і адразу апынуліся ў лясным гушчары. Сцежкі вялі ў розных кірунках. Мы выбралі адну, другую, трэцюю - нічога не выйшла. Пазмрачнелыя, зноў выбраліся на праспект і рашылі ("з гора") наведаць сяброў Генадзя Кісялёва. Караткевіч у гэтай сям'і быў добра вядомы. Нас гасцінна сустрэлі. Пачалося чытанне вершаў. А там - і застолле. І тут нечакана ў дзверы зазванілі. На парозе з'явіўся хлапчук і радасна абвясціў:
- - А ўслед за мной і мама ідзе!
- - ? - прачытаў я на твары Валодзі.
- - І папа!
- - ?!
- - І дзядуля!
- - !!
- Запасы ж для пачастунку былі абмежаваны нашымі сціплымі магчымасцямі…
- А вундэркінд тым часам сунуў кожнаму з нас сваю руку і казаў:
- - Здрастуй, старына!
- - Здароў, калі так, - у голасе Валодзі не было энтузіязму.
- Неўзабаве сапраўды з'явілася сям'я рээмігранта з Ізраіля, вядомага вільнюскага інжынера Л. Паехаўшы на зямлю "абяцаную", ён ажаніўся там, у кібуцы, з камсамолкай і прывёз яе на зямлю бацькоў.
- Новыя госці дружна накінуліся на ўсё тое, што стаяла на стале. Бачачы такое спусташэнне, Валодзя ўсё змрачнеў і змрачнеў. Нарэшце прамовіў да Л.:
- - Ведаеце, міленькі, хутка па майму сцэнарыю павінен здымацца фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Там апрача Хрыста будуць дзейнічаць і апосталы… Дык вось, ролю аднаго з іх я мог бы прапанаваць вам!
- - Цікава, якую ж?
- - Ролю Іуды!
- Усе мы чакалі, што прапанова скончыцца аплявухай. Але Л., не зразумеўшы абставін і падтэксту, прарэагаваў надзіва спакойна:
- - А вы ведаеце, я змог бы! Тады… Тады паедземце ўсе да мяне!
- Валодзя змяніў гнеў на літасць. І мы, цудам уціснуўшыся ў таксі, паехалі да Л. на Антакальніс. І пад каву з меднага егіпецкага кафейніка пачалася дужа цікавая гаворка пра традыцыі розных народаў, агульнасць чалавечай культуры.
- - Зямля і так маленькая, а мы будзем раз'ядаць яе сваімі сваркамі, - Валодзя яўна паціхамірнеў. - Трэба знаходзіць тое, што яднае людзей, а не наадварот. Бо ў кожным народзе ёсць і благое, і добрае. У нас, беларусаў, - згубная, так бы мовіць, флегматычнасць. Ведаеце анекдатычную гісторыю? У мужыка разам з ураджаем згарэла гумно. Ляснуў увесь гадавы запас неабмалочанага збожжа. Як сям'ю пракарміць - аднаму пану богу вядома. І тут да мужыка прыходзіць такое ма-аленькае суцяшэнне: "Але ж затое колькі мышэй ляснула!" Беларусы ўсе ў гэтым анекдоце… Ну, а ў вас - празмерная, так бы мовіць, дзелавітасць, гешэфтнасць. Аднак жа гэта не перашкаджае нам разам сядзець ды піць каву. У вас тут, у Вільні, дзівосная агульнасць. Учора выпадкам на вуліцы чуў фразу: пачаў чалавек па-літоўску, увярнуў польскае, беларускае і яўрэйскае слоўцы, а скончыў па-руску.
- У той вечар Караткевіч здзівіў усіх нас здольнасцю адчуваць сэнс зусім незразумелай мовы. Паміж сабой гаспадары гаварылі па-арамейску. Аднак па інтанацыі, жэстах, міміцы твараў Валодзя ўгадваў, што было сказана. З цікавасцю разглядаў кнігі, надрукаваныя нязвычнымі літарамі - на ідыш. Як аўтара сцэнарыя фільма, у якім можна сыграць ролю Іуды, Караткевіча паклалі на раскладушцы. А мяне, як менш перспектыўнага госця, - на падлозе, побач з ім. Дзесьці ў шэсць гадзін раніцы перад намі паўстаў вундэркінд і пачаў цягаць нас за "вухі":
- - Эй ты, старына, уставай, мне ў дзіцячы садзік пара!
- Выйшлі мы на вуліцу, да тралейбуснага прыпынку, каб ехаць на вакзал. І тут я спытаў:
- - Ну як, будзеш болей прапаноўваць ролі ў сваіх фільмах?
- - Дальбог, не буду. І шкадую, што з Цвятковым пасварыўся. Здольны ён хлопец. І па-беларуску пачынае гаварыць.
- Караткевіч нейкі час вагаўся: вяртацца яму ў Мінск ці даганяць Цвяткова ў Гродне. Але потым рашыў, што абыдуцца там і без яго, бо асноўная частка матэрыялу ўжо адзнята. Ды сцэнарыст і не абавязаны ўвесь час ездзіць з рэжысёрам… Дарэчы, фільм "Памяць" неўзабаве выйшаў на экраны і здзівіў гледачоў: аказваецца, і ў Беларусі ёсць многа вартага дбайнай аховы - замкі і храмы, палацы і ансамблі жылых дамоў, ветракі і лямусы, корчмы і паштовыя станцыі. У часы, калі мінуўшчына перадавалася анафеме, калі ў Віцебску ўзарвалі Благавешчанне, у Магілёве - ратушу, а ў Гродне - касцёл, пабудаваны яшчэ пры Вітаўце, усё гэта ўспрымалася як смелае, ледзь не крамольнае.
- Ці бываў болей Караткевіч у Вільнюсе - не памятаю (здаецца, ездзіў туды яшчэ ў 1967 годзе). Але заўсёды з вялікім сентыментам успамінаў гэты горад, з нязменнай павагай ставіўся да самабытнай літоўскай культуры, ахвотна пісаў артыкулы і даваў інтэрв'ю для літоўскага друку (ці не апошняе было для часопіса "Културос барай").
- Сваю абазнанасць з гіторыяй літоўскай літаратуры ён бліскуча прадэманстраваў у час сустрэч з Онай Главацкене (Прыс), дачкой літоўскай пісьменніцы Марыі Ластаўскене (пад псеўданімам Лаздзіну Пяледа яна выступала разам са сваёй сястрой Софіяй) і беларускага гісторыка Вацлава Ластоўскага. У сярэдзіне шасцідзесятых гадоў мы з Валодзем некалькі разоў пабывалі на яе мінскай кватэры (у доме па Ленінскім праспекце, - дзе некалі месціўся магазін "Антыквар"). Она Вацлаваўна, нягледзячы на свае гады, была вельмі жвавая і прывабная. Казала, што яе дзед (наколькі я зразумеў, па мацярынскай лініі) быў польскі паэт, паказвала яго п'есу пра паўстанне 1863 года (ці не гэта прывяло сюды ў першы раз Валодзю?). У Савецкім Саюзе яна з часоў першай сусветнай вайны - у адрозненне ад малодшай сястры, якая жыла ў Каўнасе (яна ж "пусціла па свету жмудскую бібліятэку" бацькі, якога бацькам не лічыла).
- Она Главацкене ўспамінала нам, хоць і цьмяна помнячы пра "нашаніўскую" пару, калі ў Вільні, па вуліцы Завальнай, на кватэры Ластоўскіх бывалі Янка Купала, Людас Гіра, мастак Жмуйдзінавічус. Звычайна ў сутарэнні, дзе месціўся склад беларускай кнігарні, пілі гарбату за абаранкамі, елі селядцы з бульбай, абрэзкі таннай каўбасы. Дзецям куплялі цукеркі. Па словах Оны Вацлаваўны, Янка Купала і яе бацька дужа паважалі эрудыта Івана Луцкевіча, хоць і папракалі яго за тое, што ён прадаў музейную жырандолю, каб фінансава падтрымаць "Нашу ніву".
- Она Главацкене ў снежні 1940 года ўдзельнічала ва ўрачыстатцях, прысвечаных 35-годдзю творчай працы ЯнкіКупалы. З савецкага ўжо Вільнюса ў Мінск тады прыехалі Пятрас Цвірка і Антанас Венцлава. Першы быў вельмі вясёлы і непасрэдны, нейкую высокую госцю называў "мандалінай балалаеўнай", чым выклікаў незадавальненне скаванага ("штыўнага") Венцлавы. Беларускія і літоўскія пісьменнікі дамовіліся тады ўзнаўляць кантакты, аслабленыя ў часы, калі ў Літве панавала буржуазная ўлада, і спачатку ўсё ішло добра: за год Купала двойчы пабываў у Вільнюсе і Каўнасе. Аднак з яго смерцю абарваліся многія жывыя ніткі. І нікому асабліва не баліць, жалілася гаспадыня, каб іх снаваць нанава.
- - Вашы творы, Уладзімір Сямёнавіч, мне вельмі падабаюцца, - сказала Она Вацлаваўна на развітанне ў другі ці трэці наш прыход. - Абяцаю што-небудзь перакласці на літоўскую мову. Ну хаця б "Каласы…", якія, чула я, вы заканчваеце.
- Аднак Она Главацкене пачала хварэць, праз пару гадоў памерла, так і не здзейсніўшы многія свае задумы (у тым ліку і напісаць успаміны - "у піку Мядзёлцы"). Засталіся ад яе некалькі перакладаў з літоўскай на беларускую мову, зробленых у сааўтарстве, ды добрая памяць.
- Але пара вярнуцца да рамана "Каласы пад сярпом тваім". Закончыўшы першую яго кнігу, Уладзімір Караткевіч аднёс яе ў "Полымя", дзе, насцярожаныя герцовічаўскімі адмоўнымі ацэнкамі папярэдніх яго твораў, не дужа спяшаліся друкаваць. Між тым аўтар чытаў урыўкі з рамана сябрам - у аспіранцкім пакоі Арсена Ліса, на кватэрах у супрацоўніц Інстытута літаратуры Валянціны Гапавай і Ірыны Крэнь. Патрыятычныя маналогі і дыялогі Алеся Загорскага, галоўнага героя, узбуджалі слухачоў, спараджалі розныя асацыяцыі з сучаснасцю. Нехта прапанаваў зрабіць копіі і пусціць іх па руках, але Караткевіч быў супраць усялякай "нелегальшчыны":
- - Вялікую і святую справу трэба рабіць з адкрытым забралам.
- Нарэшце ў другім - шостым нумарах часопіса "Полымя" за 1965 год раман пабачыў свет. На "сінкліце" сяброў (рэй вёў Рыгор Барадулін) было вырашана, што я зноў напішу рэцэнзію - толькі як мага дыпламатычней, са спасылкамі на гісторыкаў ("каб выбіць падрыхтаваныя козыры ў Герцовіча і іжэ з ім"). На гэты раз свой водгук я даў пачытаць Караткевічу, і ён, выкрасліўшы некалькі гучных эпітэтаў, блаславіў опус у друк. Рэцэнзія з'явілася даволі хутка, 6 жніўня таго ж года, у газеце "Літаратура і мастацтва" пад назвай "Праўда мастацкая і праўда гісторыі":
- "Стагоддзе аддзяляе нас ад гераічнага і шматпакутнага паўстання 1863 г., калі лепшыя сыны беларускай зямлі ўзняліся на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне супраць царскага самаўладства і прыгонніцтва. Сто год у народзе жыве памяць аб палымяным дэмакраце Кастусі Каліноўскім і яго баявых паплечніках. Іх подзвігі неаднойчы натхнялі нашых паэтаў, кампазітараў, мастакоў. Аднак за стагоддзе так і не была створана шырокая мастацкая панарама падзей 1863 г. Вось чаму беларускі чытач з такой нецярплівасцю чакаў, калі ж урэшце "Полымя" выканае свае абяцанні і пачне друкаваць раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім", прысвечаны легендарнаму паўстанню. Якой будзе яна, сустрэча з народным трыбунам Кастусём? Ці ўдасца аўтару паказаць усю веліч, складанасць, супярэчлівасць і трагізм паўстання? Урэшце, ці будзе мастацкая праўда ў рамане адпавядаць праўдзе гістарычнай?
- І вось першая кніга рамана "Каласы пад сярпом тваім" убачыла свет (Полымя. № 2 - 6). Яна не можа даць поўнага адказу на пастаўленыя вышэй пытанні, бо аўтар яшчэ не давёў апавяданне да 1863 года. У першай кнізе гаворка пераважна ідзе пра падрыхтоўку паўстання, пра тую рэвалюцыйную сітуацыю, якая ўзнікла ў беларускай вёсцы напярэдадні і пасля адмены прыгоннага права. Думкамі аб паўстанні, прадчуваннем яго жыве і галоўны герой рамана Алесь Загорскі, і яго верныя сябры, якім "немагчыма бачыць рабоў і паноў, немагчыма напрактыкоўвацца ў цярпенні, бачыць, як другія надасканальваюцца ў ліслівасці". Алесь адчувае: "Бунт ідзе… Ідзе паўстанне… Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмолны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі… Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў…" Першая кніга рамана - гэта апавяданне аб тым, як кроплі народнага гора паступова зліваліся, каб потым стаць магутнай ракой народнага гневу і помсты.
- "Каласы пад сярпом тваім" пачанаюцца паэтычным апісаннем грушы, якая апошні год буяна цвіла на крутым беразе Дняпра - наступная повень павінна была кінуць яе галавой у хвалі. І гэтая груша ўспрымаецца як алегорыя, як сімвол усяго таго лепшага, што павінна было загінуць у хвалях паўстання. Узнімаючыся на барацьбу, паўстанцы не мелі амаль ніякіх шанцаў на перамогу - занадта няроўныя былі сілы. З аднаго боку- жменька такіх, як Алесь Загорскі, "блудных сыноў" свайго класа, якія шчыра хацелі заняволенаму селяніну дабра, але не змаглі, за рэдкімі выключэннямі, узняць сялян на барацьбу, жменька шляхецкіх рэвалюцыянераў, якія ў пераважнай большасці, як і дзекабрысты, былі ўсё ж далёкія ад народа. З другога боку - магутная махіна царскага самаўладства. Сіле царскіх штыкоў і гармат патрыёты маглі супрацьпаставіць толькі косы і паляўнічыя стрэльбы.
- Разрозненае, дрэнна арганізаванае і заўчаснае паўстанне закончылася той змрочнай мураўёўскай ноччу, якая запанавала ў Беларусі з 1864 года. Гэтая ноч была такой беспрасветнай, а ахвяры такімі значнымі і беззваротнымі, што скептыкі пачалі лічыць паўстанне непатрэбным, рамантычным шаленствам. Скептычныя галасы раздаваліся і напярэдадні 1863 года. "Мы згубім усё прыдбанае з такой цяжкасцю", - перасцерагае Алеся Мсціслаў. І ўсё ж слушнасць была на баку Загорскага, які адказвае свайму сябру: "А зброю браць усё адно давядзецца… Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух".
- Так, паўстанне было неабходнасцю. Дзякуючы паўстанню ў Беларусі, Літве, Польшчы сяляне атрымалі зямлю куды на лягчэйшых умовах, чым у Расіі. Дзякуючы паўстанню тут была вымецена не адна куча феадальнага смецця, якое стрымлівала развіццё краю па капіталістычнаму шляху. Думка аб гістарычнай неабходнасці паўстання выказана, як мне здаецца, ужо ў самім загалоўку рамана, вельмі ёмістым і метафарычным. Падзеі 1863 года - гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў.
- Хаця першая кніга "Каласоў пад сярпом тваім" завяршаецца толькі падзеямі 1861 года - сялянскай рэформай, расстрэлам маніфестантаў у Варшаве, - аўтар дакладна, у адпаведнасці з гістарычнай праўдай, вызначыў і прычыны, якія абумовілі паўстанне 1863 года і яго рухаючыя сілы. А гэта - нялёгкая справа. Варта прыгадаць, што аб характары паўстання 1863 года вядуцца даўнія спрэчкі. Раней царскія гістарыёграфы сцвярджалі, што ў 1863 годзе "бунтавалі" толькі польскія паны, беларускае ж сялянства заставалася верным "добраму цару-бацюшку". Уласна кужучы, такіх жа пазіцый прытрымліваліся і польскія буржуазныя даследчыкі. Яны характарызавалі рух 1863 года ў Беларусі выключна як нацыянальна-вызваленчы, шляхецкі рух. Потым, у гады культу асобы, некаторыя вульгарныя сацыёлагі кінуліся ў другую крайнасць. Яны абвясцілі паўстанне 1863 года выключна сацыяльным паўстаннем беларускіх сялян. З гістарычных даследаванняў такі пункт гледжання перавандраваў у некаторыя літаратуразнаўчыя працы і мастацкія творы.
- Аднак, як гэта часта бывае ў спрэчках, ісціна была недзе пасярэдзіне. Факты сведчаць, што ў 1863 годзе беларускае сялянства так і не змагло ўзняцца на рашучае выступленне супраць самаўладства і прыгонніцтва. Больш таго, уведзеныя у зман дэмагагічнай прапагандай сяляне часам самі выдавалі паўстанцаў у рукі ўлад. Адзінае, на што была здольная непісьменная і неарганізаваная беларуская вёска з яе верай у "добрага царка", - гэта стыхійнае выступленне. Гэтая абмежаванасць сялянскага руху добра паказана ў рамане "Каласы пад сярпом тваім". Адзін з герояў рамана, стыхійны бунтар Корчак, сам разумее, што яму "не ўзняць грамаду" на вялікую справу, і тым не менш ён вядзе людзей у Гарыпяцічы, каб здабыць схаваную нібы ў царкве "сапраўдную царскую волю". З іроніяй і нават з нянавісцю пагляядае Корчак на князя Алеся Загорскага, не разумеючы, што той шчыра жадае дабра грамадзе і збіраецца павесці яе ў бой.
- Паўстанне 1863 года ў Беларусі і Літве было вельмі складанае і супярэчлівае. Гэта пацвярджаюць і апошнія працы гісторыкаў А. Смірнова, М. Міско, Г. Кісялёва, А. Касцюшкі, В. Кардовіча, С. Кяневіча, П. Ясеніцы і інш. Яно мела адначасова і сацыяльны, і нацыянальна-вызваленчы характар. Яно разгортвалася ў цеснай сувязі (і ў гэтым - яго сіла, а не слабасць, як сцвярджалася раней) з польскім шляхецкім рухам, які, па вызначэнні У. І. Леніна, меў гіганцкае значэнне "з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай". На беларуска-літоўскіх землях паўстанне вызначалася большай паслядоўнасцю і бескапраміснасцю, чым на польскіх. Шляхецкі вызваленчы рух дапаўняўся тут сялянскімі выступленнямі. Абодва рэвалюцыйныя патокі тут перакрыжоўваліся, але рэдка калі спалучаліся, - асобна рыхтуе шляхецкую "змову" адзін з герояў рамана Яраслаў Раўбіч і асобна збіраюцца "лясныя людзі" вакол сялянскага заступніка Корчака. І толькі такім дальнабачным кіраўнікам паўстання, як К. Каліноўскі, удавалася аб'ядноўваць дзеля агульнай мэты абедзве рэвалюцыйныя сілы. Будзем спадзявацца, што ў другой кнізе рамана гэта ўдасца зрабіць і Алесю Загорскаму, які, па выбару нелегальнага цэнтра, павінен стаць камісарам атрадаў у ніжнім Падняпроўі.
- Князь Алесь Загорскі выбіраецца адным з кіраўнікой будучага паўстання ў Беларусі далёка невыпадкова. Гэта - адзін з прадстаўнікоў той "масы дваранства", звязанай з польскім вызваленчым рухам, пра якую У. І. Ленін пісаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яна з'яўлялася рэвалюцыйнай. Алесь выйшаў якраз з той мясцовай шляхты, беларускай або апалячанай, якая была незадаволена і сабой, і ўмовамі жыцця ў "турме народаў". Гэтая шляхта разумела ўсю бязглуздасць прыгонніцтва і, наперакор афіцыйным уладам, дабівалася вызвалення сялян. Прыгадаем, з якой палымянасцю выступаюць у пэўны час за адмену прыгонніцтва прадстаўнікі ўсіх трох пакаленняў Загорскіх - стары Вежа, пан Юры і Алесь. Не чакаючы царскага маніфеста, Алесь самастойна вызваляе сваіх сялян на выгадных для іх умовах. І мы ведаем гэтаму гістарычныя паралелі: у першай палавіне XIX стагоддзя адпускалі сялян на волю ў многіх беларускіх маёнтках - напрыклад, Храптовічы ў Шчорсах, Манюшкі ў Смілавічах. Як сведчаць дакументы, у 1850 годзе большасць віцебскага дваранства на сваім сходзе катэгарычна выказалася за адмену прыгонніцтва. За такую ж адмену галасуе большасць удзельнікаў "зборні" магілёўскага дваранства, якая каларытна апісана ў рамане Караткевіча. Намаганні перадавой і адукаванай часткі шляхты заўсёды сустракаліся ў штыкі не толькі царскімі ўладамі, але і кансерватыўна настроенымі прыгоннікамі, якія, як Кроер у рамане, лічылі, што мужык яшчэ не дарос да волі.
- Аўтар досыць пераканаўча паказвае, што ў тагачасным грамадстве і, у прыватнасці, у "шляхецкім стане" не было і не магло быць адзінства. Загорскім, Раткевічам у рамане супрацьпастаўлены Кроер, які самавольна парушае звычаёвае права і павялічвае прыгон, супрацьпастаўлены графы Хаданскія, якія здзекуюцца з сялян. І прорва, якая аддзяляе Загорскіх і Раткевічаў ад Кроераў і Хаданскіх, бесперапынна пашыраецца: першыя, пераадольваючы свае каставыя забабоны, перамагаючы ў сабе, як гэта робіць Алесь, "панскі дух", усё больш набліжаюцца да народа, да яго патрэб, другія ж распраўляюцца з кожным праяўленнем свабодалюбства пры дапамозе штыкоў.
- Алесь Загорскі належыць да той мясцовай шляхты, якая ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пачынала ўсведамляць сваю сапраўдную нацыянальную прыналежнасць. У дзяцінстве ён выхоўваўся, у адпаведнасці са старадаўнім прыдняпроўскім звычаем, у сялянскай сям'і Кагутоў, там навучыўся "мужыцкай" гаворцы, а потым, вярнуўшыся ў палац, пасля спрэчак са старым Вежай, сустрэч з Кастусём Каліноўскім усвядоміў, што гэтая говарка з'яўляецца мовай цэлага народа, у якога нават ёсць імя - Белая Русь. З таго часу Алесь становіцца свядомым змагаром за сваю Бацькаўшчыну, абарона якой была ў свой час абаронай дэмакратыі, усяго прагрэсіўнага. Ён пачынае даследаваць мінулае свайго народа, яго мову, пісаць на ёй вершы. Адначасова ў хаце Кагутоў, у часе дзядзькавання, Загорскі вучыўся разумець народнае жыццё, глядзець на свет вачыма сялян. Усё гэта ўплывала на фарміраванне рэвалюцыйнай свядомасці ў Алеся, які ў канцы першай кнігі горда заяўляе: "Я мужык. Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да народа. Да гнанага, да аббрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася".
- Менавіта нарадалюбства зблізіла Загорскага з Кастусём Каліноўскім, прывяло ў нелегальную пецярбургскую арганізацыю "Агул", якая рыхтавала паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі, была цесна звязана з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі. Той Алесь Загорскі, які паўстае перад чытачом у канцы першай кнігі рамана, - гэта свядомы барацьбіт супраць прыгонніцтва і рускага самаўладства. Аднак ён ніколі не атаясамліваў, як некаторыя яго сучаснікі, рускае самаўладства з рускім народам. Знаёмства з рускай класічнай літаратурай, з "Современником" і "Колоколом", з пецярбургскай і маскоўскай грамадскасцю прывяло яго да вываду, што ёсць Расія тых, каго вешаюць, і Расія тых, хто вешае. Расія сваяка дзекабрыста Ісленьева і Расія жандарскага паручніка Мусатава. Рускія, кажа Алесь у палеміцы з польскім шавіністам Ямантам, "гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад толькі ў іх дрэнны, вось што. Зменім - усё будзе хораша".
- Вобраз Алеся Загорскага, вачыма якога ўспрымаецца большасць падзей у рамане, з'яўляецца творчай удачай аўтара. Гэта - надзвычай цэльная і бескампрамісная натура, здольная на гераізм і самаахвяраванне ў імя агульнай справы. Сімпатыі Алеся заўсёды на баку абяздоленых. Прыгадаем хаця б, як ён, уступаючыся за скатаванага Корчака, уляпіў дзяржалам Кроеру ў "перакошаны твар". Прыгадаем, з якой высакароднасцю ён паводзіць сябе, ратуючы Чорнага Войну або старога Раўбіча, абараняючы ад Мусатава гарыпяціцкіх сялян. Гэтая высакароднасць праяўляецца і ў яго адносінах да жанчын. Пачуцці Алеся да Майкі Раўбіч, да былой прыгоннай актрысы Гелены вызначаюцца незвычайнай цнатлівасцю, душэўнай шчодрасцю і пяшчотнасцю. І ўсё ж, гаворачы аб тым, як у рамане паказана інтымнае жыццё героя, нельга не папракнуць аўтара за некаторыя мастацкія хібы. У Алесева каханне да Гелены чытач верыць, бо яна - рэальная, зямная істота, акрэсленая індывідуальнасць. На жаль, гэтага нельга сказаць пра Майку Раўбіч. Яна хутчэй прывід, увасабленне жаночага ідэала ўвогуле, яе адметнасць, "другасць" у параўнанні з Геленай толькі дэкларуюцца (магчыма, у гэтым вінаваты зробленыя рэдакцыяй часопіса скарачэнні).
- Алесь Загорскі - гэта дзіця свайго часу, свайго веку. Ён адначасова строгі рэаліст і ўзнёслы рамантык. Ён становіцца вучоным-энцыклапедыстам і адначасова застаецца летуценнікам. Ён можа да драбніц аналізаваць кожны свой учынак, кожную сваю думку і адначасова паддавацца настраёвым, падсвядомым імкненням. У душы Алеся змагаюцца рацыянальны і эмацыянальны пачаткі: ён можа марыць і сніць пра белых, як снег, коней з доўгімі грывамі (любасць да коней - у крыві Загорскіх) і адначасова цвяроза разлічваць, якую выгаду прынясе яму новая цукраварня. І гэты "гаспадарскі розум" героя не павінен нас здзіўляць і шакіраваць. Па сваёй накіраванасці паўстанне 1863 года было буржуазна-дэмакратычным, і Алесь Загорскі, яго ўдзельнік, змагаецца з прыгонніцтвам не толькі таму, што яно супярэчыць яго перакананням, але і таму, што яно стрымлівае развіццё краю па капіталістычным шляху, што яно стала таксама эканамічна нявыгадным. У Загорскім увасоблены як моцныя, так і слабыя бакі тагачасных шляхецкіх рэвалюцыянераў. Моцнае - падкрэсліваецца, аўтар любуецца ім, укладвае ў героя часцінку сябе. Але гэты герой не ідэалізуецца, не ставіцца на ўяўныя катурны. У ім многа такога, што было данінай часу, што складала трагедыю шляхты.
- Побач з Алесам Загорскім, які народжаны творчай фантазіяй аўтара (мы не ведаем, меў Алесь свайго прататыпа ці не, ды гэта не так і важна; важна, што час якраз нараджаў такіх, як ён), побач са старым вальнадумцам Вежай, Раўбічамі, Клейнай, Хаданскімі, Кагутамі, Корчакам у рамане дзейнічаюць і гістарычна рэальныя асобы - Тарас Шаўчэнка і Зыгмунт Серакоўскі, Адам Кіркор і Станіслаў Манюшка, Дунін-Марцінкевіч і Сыракомля. З дакументальнай дакладнасцю (можа, нават празмернай) апісаў аўтар літаратурны вечар пісьменнікаў, якія групаваліся вакол "Кур'ера Віленьскага", і нелегальныя сходкі рэвалюцыянераў у Пецярбургу. Як правіла, мастацкая характарыстыка рэальных асоб адпавядае той, якую дала ім гісторыя. А часам аўтар уступае і ў палеміку з гісторыкамі. Так у творчых абліччах Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча падкрэсліваюцца народныя, дэмакратычныя элементы, на якіх раней не акцэнтавалася ўвага. Мастацкая інтуіцыя падказала аўтару, што не мог Кіркор, як гэта сцвярджаюць гісторыкі, папракаць Дуніна-Марцінкевіча ў насаджэнні правінцыялізмаў - у рамане гэтыя словы ўкладзены ў вусны Ходзькі. І гэта слушна: Кіркор, які зрабіў столькі карыснага для беларускай літаратуры, не мог выступаць супраць аднаго з яе пачынальнікаў.
- Сярод гістарычных асоб рамана на першы план вылучаецца фігура Кастуся Каліноўскага. Праўда, у першай кнізе ён яшчэ эпізадычны персанаж. Чытач знаёміцца з Каліноўскім пераважна па пісьмах, якія той адрасуе Загорскаму, пісьмах усхваляваных і шчырых, хаця часам і празмерна пафасных - наўрад ці выказваў бы Каліноўскі, умелы і асцярожны канспіратар, так адкрыта сваю варожасць да царызму ў пісьмах, якія маглі б трапіць у рукі пабочных асоб. І ўсё ж з асобных рысаў перад чытычом прадстае прывабны воблік прафесіянальнага рэвалюцыянера, патрыёта і грамадзяніна, валявога і адначасова чулага чалавека, які дзеліцца апошнім з галодным дзіцём. Каліноўскі разумее, што вайна - зло, што смерць - гэта страшна. І тым не менш ён без ваганняў заклікае пачаць паўстанне: "Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы майна, а цмокаў - расстрэльваць рукамі працоўных людзей". Пісьмы і прамовы Каліноўскага аказалі велізарны ўплыў на погляды і перакананні маладога Загорскага. З першай сустрэчы, з той бяскрыўднай бойкі на свіслацкім кірмашы яны сталі сябрамі на ўсё жыццё.
- Раман "Каласы пад сярпом тваім", адзін з нямногіх у нас гістарычных раманаў, сведчыць аб творчай сталасці яго аўтара. Можна было б пісаць і аб уменні пісьменніка будаваць сюжэт, і аб вобразнасці і свежасці мовы рамана, крыху архаізаванай (прыгадаем хаця б гэта: "І яшчэ Аза мела ласку прывесці шчанюкоў") і адначасова вельмі сучаснай. У кожным дыялогу, у кожным параўнанні ("Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік"; "Чорныя, з цяжкім, як галаўны боль, адценнем") адчуваецца свой пісьменніцкі почырк, свой індывідуальны стыль, свая інтанацыя, якую не зблытаеш з іншай. Часам гэтая вартасць, праўда, абарочваецца процілеглым бокам, і героі Караткевіча (Марка, Павал) пачынаюць гаварыць так, як гаварыў бы сам аўтар.
- Паколькі гаворка ўжо зайшла пра недахопы рамана, хочацца папракнуць аўтара і ў тым, што часам ён выдае жаданае за сапраўднае. Я маю на ўвазе пашырэнне беларускай мовы сярод буйной шляхты ў сярэдзіне ХІХ ст. Вядома, нават магнаты добра ведалі "мужыцкую" гаворку - не па-французску ж яны звярталіся да сялян. Як бачна з мемуарных і архіўных крыніц, беларуская мова была пашырана сярод шляхты куды больш, чым прынята ў нас цяпер сцвярджаць. З'яўляліся і адзіночкі накшталт Загорскага, якія прынцыпова пачалі гаварыць па-беларуску. І ўсё ж, калі аўтар піша, што ў прыгонным тэатры старога Вежы ставілася беларуская вершаваная драма "Гарыслава і Людамір" і цытуюцца радкі з гэтай драмы, якія гучаць як сучасны верш, - я ў гэта не веру. Гісторыя не ведае беларускіх п'ес (прытым п'ес дасканалых!), якія ставіліся б прыгоннымі тэатрамі ў ХІХ ст.
- Калі чытаеш "Каласы пад сярпом тваім", ловіш сябе на думцы, што часам аўтар гоніцца за вонкавай займальнасцю ("жахі" ў двары Раўбіча, драўляная змяя, якую кідае пастушкам Чорны Война), што яго героі часам становяцца ў меладраматычную позу. Штучнай, напрыклад, здаецца сцэна, калі Алесева маці, зламаная горам арыстакратка, страляе з пісталетаў у тушу мядзведзя, ад якога загінуў яе муж. Гэта - літаратуршчына, прыгожая, эфектная, але літаратуршчына. Налёт гэтай літаратуршчыны ёсць і ў сцэнах балю, начной паездкі на санках. Тут адчуваецца і нятворчае перайманне талстоўскай "Вайны і міру": Загорскі і Майка на нейкі час перастаюць быць самі сабой і ператвараюцца ў Андрэя Балконскага і Наташу Растову. Прынамсі, такое ўражанне склалася ў мяне.
- Хаця ў рамане "Каласы пад сярпом тваім" гаворка ідзе пра падзеі стогадовай даўнасці, аўтар напісаў вельмі сучасны твор, дзе далёкае мінулае асэнсавана з пазіцый сённяшняга дня. Напісаў страсна і зацікаўлена, як гэта і патрабуе адна са слаўных старонак гісторыі нашага народа".
- Раман "Каласы пад сярпом тваім", вяршыннае (побач з раманам "Хрыстос прызямліўся ў Гародні") дасягненне ў прозе Уладзіміра Караткевіча, этапны твор для развіцця беларускай літаратуры ўвогуле, быў з энтузіязмам успрыняты моладдзю, узняў папулярнасць аўтара ў самых розных асяроддзях - нават там, дзе па-беларуску не чыталі. Адны яго ўзносілі пад нябёсы, другія (такіх было меней, але ў іх засяроджвалася духоўная ўлада) з такой жа рашучасцю яго не прымалі - маўляў, ідэаліст, рамантык, адарваны ад жыцця містыфікатар… Нейтральных я не памятаю. Нейтральных людзей не было ўвогуле - яго або любілі, прымаючы з усімі недахопамі, або ненавідзелі.
- Многа новых сяброў знайшоў Караткевіч на Далёкім Усходзе, куды ён нечакана трапіў на ваенныя зборы ў жніўні - верасні 1965 года (маю рэцэнзію на "Каласы…" пераслалі яму ўжо ва Уладзівасток). А было яно так. Неяк сабраліся вечарам у Караткевіча Рыгор Барадулін і Генадзь Кляўко і рашылі дзеля жарту пазваніць пісьменніку Мікалаю Аляксееву, які займаўся ваенна-шэфскімі справамі, і пачалі жаліцца, што ён іх забыў, што яны, прагнучы прыгод, хацелі б куды паехаць - хоць на Чукотку, хоць на Камчатку. Той, не дужа ўнікнуўшы ў сітуацыю, пахваліў іх за такое імкненне і абяцаў што-небудзь прыдумаць. А праз месяц, калі пра званок усе забылі, нечакна прыйшлі павесткі на зборы ў "Боевую вахту", штодзённую газету Ціхаакіянскага флоту. Барадулін і Кляўко, будучы людзьмі жанатымі, крыху прызадумаліся, пачалі шкадаваць, што патрывожылі Аляксеева. А Караткевіч, наадварот, узрадаваўся:
- - Што вы, хлопцы! За казённы кошт паглядзець такі кавалак краіны! Туды палецімо самалётам, а назад ужо абавязкова будзем ехаць цягніком. Каб ведаць, што такое Сібір.
- З Далёкага Усходу Валодзя прыслаў мне тры лісты. Першы з іх напісаны на рэдакцыйным бланку "Боевой вахты" і датаваны 18 жніўня:
- "Дарагі Адам!
- Даслалі мне твой артыкул. Прачытаў. Выдатна. Думаю, і надалей з тымі "Каласамі" ўсё абыдзецца. Хацелася б гэтага ад усёй душы.
- Работу па рэдагаванні канчаю. Сёе-тое скараціў, сёе-тое дапісаў. Пасля сяду за трэці варыянт "Хрыста" і ўсё разам дашлю ў Мінск.
- Вось ужо ідзе трэці тыдзень маёй службы. Акрамя сваіх спраў, нічога путнага не зрабіў. Для газеты я яшчэ, пакуль тое, тэра інкогніта. Хіба што здаў пераклад "Здратаваных магіл" у літаратурную старонку. Пераклаў адзін такі мясцовы паэта. Кепскавата пераклаў, ну ды ладна.
- Пакуль што тут глухі туман і морась. Імжыць і імжыць. Варта кінуць на тры дні туфлі, як яны зацвітаюць. Прасціны прасыхаюць толькі да раніцы - клімат аж вельмі спрыяльны, асабліва для сухотных. Але днямі абяцаюць мора сонца: пачнецца залатая прыморская восень. Вось тады мы ўжо дамо раскрутку. Былі ў сакратара краёвага, Чарнышова (той раней быў у нас, на Беларусі), і ён паабяцаў нам даць на тыдзень машыну, каб паездзілі па краі, пазнаёміліся. Ну і на флоце, на караблях пабываем, паплаваем.
- Шкада, але на Курылах і Камчатцы нам, відаць пабываць не давядзецца.
- Ну добра. На пачатку кастрычніка будзем у Мінску, зноў работа, пасля Новага года паедзем, як дамаўляліся, у Вільню, пасядзім у архівах, ды трэба выпускаць з рук хаця трэцюю частку "Каласоў".
- А як у цябе? Як пачалася праца, калі пачалася? Як здароўе Мальдзісовай, і Мальдзісяняткі, і мамы? Што новага бачыў? Перадавай прывітанне ўсім як адзін, акадэмшам і акадэмам. Ужо трохі скучыў па Мінску і па ўсіх вас, братове.
- У Прымор'е, вядома, трэба ехаць не на дзяржаўны кошт, каб не сядзець па рэдакцыях, а швэндацца па краі. Прывітанне табе ад Рыгора і Генкі.
- Твой сябар Уладзімір."
- У другім лісце, датаваным 14 верасня, падрабязна расказваецца аб паездцы па Прымор'і, па Усурыйскай тайзе. Сёння ён мае асаблівую цікавасць, бо дазваляе нам меркаваць, пры якіх акалічнасцях нарадзілася задума напісаць аповесць "Чазенія" - ці не самую рамантычную ў Караткевіча:
- "Пане шаноўны Адомас!
- Адказваю Вам аж на чатыры Вашыя цыдулы: паштоўку і тры лісты. Паштоўку і ліст пераслалі мне толькі што з Рагачова, яны яшчэ з Польшчы (бач, як "судьба играет человеком, а человек играет на трубе"), а астатнія два - нядаўнія.
- Ну, польскія навіны, вядома, не вызначаюцца свежасцю, хаця паштоўка па праву зойме сваё месца ў альбоме, а з ліста, як заўсёды разумнага і цікавага, толькі тое, што наведвалі Вестэрплятэ. Ты, пры нагодзе, раскажы пра гэта Брылю. Яму будзе не тое каб прыемна, а цікава…
- У рэстараны на чаўне мы не плаваем. Уладзівасток не залівае. Гэта Прыханкайскую і Суйфунскую даліны залівала ўжо два разы, а людзі сядзелі на дахах, чакалі верталётаў і пілі гарэлку. І нам не давалі, так што ніякія мы не мачыляпы і не мачыморды. Гэта вы там у Мінску распусціліся, як цыганскія пугі і як яшчэ нешта, мяркуючы па выразках, а мы тут цацы, лялі і ўвогуле. І хлопцы, каб былі ўдома, то абавязкова перадалі б табе прывітанне, як творча камандзіраваныя…
- Мы нядаўна ездзілі па краіне з аператарам. Цераз Арсеньеў-Анучына, цераз перавалы, палохаючы коз, у Цецюхе. А наступнага дня, палазіўшы па сопках (там свінцовы руднік), пакаштаваўшы лімонніку, паперлі на мора, на Цецюхе-прыстань. Скалы, грозныя хвалі, прыліў, пацук, што кінуўся да мяне шукаць паратунку.
- З Цецюхе цераз Канцухінскі перавал - на Кавалераўку. Там начавалі, хадзілі на раку Луд'е, я пералазіў яе з апаратурай па бервяне ільма (экзотыка!!!), а аператар купнуўся не па сваёй ахвоце, а Грыц і Генка ўвогуле не палезлі, бо рака, як вір. А за ракой скала Халаза, а пад ёй бурундукі бегаюць і лётаюць блакітныя сарокі.
- Адтуль паехалі цераз Малінавы перавал, які перайшлі Венюкоў, Пржэвальскі і Арсеньеў. Глядзелі там са стромы, ля якой тракт на р. Фудзін: кінеш камень - да самай ракі коціцца. Палі на ім ваду (і толькі). Начавалі ў Чугуеўцы. Былі ў музеі Фадзеева, на пасецы, дзе пасечнікам беларус Лось, елі мёд і пілі медавуху, абкружаныя пчоламі. Ішлі тайгой, пераходзілі па дрэвах рэкі, былі на баштане, а вечарам на ўлазінах.
- Раніцай я агледзеў Бахайскае гарадзішча, а пасля паехалі на Спаск ("штурмавыя ночы"), Усурыйск і, цераз Чортаў перавал, на нізіну. Захад такі быў трывожны - д'ябал яго ведае які.
- І ўначы прыехалі ва Уладзівасток. Днямі набяру работы на 2 дні, скажу, што на чатыры, і з'езджу ў запаведнік Кедравая Падзь, сплаваю на вос. Пуцяцін, а там і дадому.
- Абрыдла ўжо тут да д'ябла. Хочам вырвацца 25-га, але можа быць так, што і не вылезем. Тады 30-га.
- А што з тваім страўнікам, браце? Ты сцеражыся. А то Герцовічам занадта добра будзе (чытаў бездапаможную дурасць у "Сов. Бел."?). Я плюю, нават рэклама, але матузы могуць насцеражыцца.
-
Перадай Зайцаву прывітанне, і ўсім хлопцам і дзяўчатам прывітанне. Не кажу нават пра Марыю, а проста, з твойго дазволу, цалую яе. Ссумаваўся - страшэнна.
Твой Уладзімір".
- У канцы ліста - малюнак (Караткевіч цудоўна маляваў): дзве стромкія скалы, а на вяршыні адной з іх - маленькая фігурка са стрэлкай. Унізе подпіс: "Я і рэчка Луд'е".
- Трэцяе ж пасланне, датаванае 30 верасня, зусім кароткае. Напісана яно на паштоўцы з кветкаю жэньшэня:
- "Адась, дарагі!
-
Трымайся, заўтра мушкецёры выязджаюць у свой набег на стольны беларускі горад. Здзічэлі без жанчын і таму небяспечныя, аж зубамі скрыгочам. Вязем табе васьмінога. Прывітанне Мальдзісісе і Мальдзісянятку. Цалуем.
Твой сябар Уладзімір".
- Абяцанага васьмінога, аднак, я не атрымаў: "мушкецёры" з'елі яго, едучы цягніком праз Сібір. Замест яго прывезлі засушаных марскіх зорачак і пеўняў. А яшчэ - новыя вершы. А Караткевіч - падрабязны план "Чазеніі".
- З 1965 года, пасля публікацыі "Каласоў…", Уладзіміра Караткевіча часта сталі запрашаць на розныя публічныя і "неафіцыйныя" вечары і сустрэчы. 27 кастрычніка па маёй ініцыятыве ў Інстытуце літаратуры адбылася першая чытацкая канферэнцыя па гэтым рамане. Прыйшлі гісорыкі, філосафы, мастакі. З Крывічоў прыехала Паўліна Мядзёлка, якая называла Валодзю сваім сынам. Хораша выступілі супраць таго, што мы сёння называлі б нацыянальным нігілізмам, гісторык Міхаіл Біч і стары культурны дзеяч, з пецярбургскай "закваскай", Язэп Сушынскі. Яны гаварылі, што беларусы як нацыя яшчэ не пазналі сябе. На іх словы Караткевіч парываў: гэта мы не пазналі свой народ, пакутліва ідзем да яго. Былі і незадаволеныя, насцярожаныя галасы. А філосаф Я. прама назвала ўсё абмеркаванне "гадзючнікам".
- 19 лістапада 1966 года разам з іншымі пісьменнікамі маладзейшага пакалення - Юркам Голубам, Алесем Разанавым, Яўгеніяй Янішчыц - Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна запрасілі да сябе студэнты Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута. Сцены былі ўпрыгожаны вытрымкамі з Валодзевых вершаў, сімвалічнымі малюнкамі. На сцэне сядзеў "ганаровы прэзідыум": Рыгор Шырма, Язэп Сушынскі, маці Караткевіча Надзея Васільеўна. У першым аддзяленні студэнты чыталі вершы Жылкі, Родзевіча, Барадуліна, Зуёнка, але найбольш Караткевіча (запомнілася "Трызненне мужыцкага Брэйгеля" ў выкананні Сашы Лабанка). Другое аддзяленне пачалося з майго ўступнага слова, дзе я асцярожна, спасылаючыся на класікаў, апраўдваў цікавасць да мінулага, а значыць, і з'яўленне "Каласоў...". Валодзя чытаў больш "змрочнае". Каб разрадзіць атмасферу, Рыгор Барадулін (пачаў ён з сардэчнага звароту да "ганаровага прэзідыума") стаў згадваць дасціпныя вершы, напісаныя ў час мінулагодняй паездкі на Далёкі Усход (памятаецца, слухачак шакіравала фраза: "Глядзяць зялёнымі вачыма, як незанятыя таксі").
- З вечара ўсе разыходзіліся з прыўзнятым настроем, нібы са свята.
- - Аказваецца, ёсць у нас моладзь! - радаваўся Караткевіч. Пасля вечара ён спяшаўся на вакзал, каб сустрэць акцёра Льва Дурава, выканаўцу галоўнай ролі ў фільме "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". - Значыць, стары, варта нам жыць і варта пісаць.
- Аднак такія вечары тады здараліся не часта. Ды і арганізатараў іх потым чакалі розныя спагнанні. Таму ў тыя, застойныя, часы літаратурнае жыццё ў многім засяроджвалася на прыватных кватэрах - у Караткевіча, Барадуліна, Гапавай, Крэнь, у інтэрнацкіх пакойчыках Ліса, Прашковіча. Нярэдка збіраліся ў нас. Карыстаючыся гасціннасцю Валодзі, у яго часта адзначалі дні нараджэння сябры і проста знаёмыя. Так на пачатку 1968 года тэатразнавец Сцяпан Міско, чалавек здольны, але беспардонны, справіў у яго свае "халасцяцкія імяніны". На іх выпадкова прысутнічала і Ларыса Антонаўна Геніюш, якой Караткевіч рэдагаваў паэтычны зборнік "Невадам з Нёмана". Падпіўшы, Міско пачаў кідацца фразамі накшталт:
- - Ты добрая дзеўка, Ларыса!
- Але гэта не дужа бянтэжыла Ларысу Антонаўну. Куды больш трывожыў яе багемны, "ясенінскі" стыль жыцця, якому паддаўся тады Валодзя. Абараняючыся, ён казаў, што вось няма належнага парадку, належнага настрою...
- - Для мяне не існуе слова "няма"! - перапыніла гаспадара паэтэса. - Для мяне існуе слова "будзе"! Такая ж вера павінна быць і ў цябе, Валодзечка.
- Ларысу Антонаўну горача падтрымала Надзея Васільеўна. Ёй таксама не падабаліся паводзіны сына, але пратэст яе быў больш інтэлігентна-пасіўны. Адчувалася, што яна прытамілася ў сваім ушчуванні.
- Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў "Лермантавым беларускай паэзіі". Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу - паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію - сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў "анёлкам", Беларусь - Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў, яшчэ нехта. Чыталіся вершы. Караткевіч запяваў і хораша вёў "Ой, косю мой, косю", "Ой, расцвіла ружа", "Ад панядзелка да панядзелка", старыя рэлігійныя гімны. Сваёй непасрэднасцю ўсіх, асабліва жанчын, зачароўваў Барскі: кожнай з іх ён адразу ж гаварыў "коціку" і тут жа дадаваў: "То я ўжо паню кахаю"... Але, калі сур'ёзна, то ў той вечар завязаліся новыя творчыя кантакты, умацаваліся старыя. Толькі Вацлаў Жыдліцкі пераклаў тры кніжкі Уладзіміра Караткевіча (у тым ліку раман "Нельга забыць", які ў Чэхаславакіі выйшаў асобнай кніжкай намнога раней, чым у Беларусі).
- Ну і, вядома ж, як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча - 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі ("беларуска-літоўскі крупнік"). Гасцям раздаваліся "буські", чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы - пляменніца Ляля з мужам Юркам ("сапраўдным казаком"). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася "газетка", згорнутая ў выглядзе папіруса.
- Даволі часта збіраліся на кватэры ў Валянціны Ігнатаўны Гапавай, жанчыны, якая добра ведае і тонка адчувае паэзію. У добрым настроі Валодзя параўноўваў яе пакой з салонам княгіні Валконскай. Сюды прыходзілі супрацоўнікі Акадэміі навук Эльвіра Міхайлаўна і Віктар Уладзіміравіч Мартынавы, якія толькі што пераехалі з Украіны, "касмічны" Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў, былы дацэнт Ленінградскага універсітэта, а тады даследчык беларускага Рэнесансу (а яшчэ ён пераклаў на рускую мову "Османа" І. Гундуліча), часам забягаў Сцяпан Гаўрусёў. Мартынаў іграў на фартэпіяна, Караткевіч падпяваў яму розныя арыі, заводзіў "Сядзеў дзед на пячы", "Истопника", "Парамоновну" (па словах Зайцава, у дзвюх апошніх песнях адбіўся лёс цэлага пакалення), маляваў дэманаў. Чыталіся вершы - свае і чужыя (Ясеніна, Цвятаевай, Еўтушэнкі, Вазнясенскага). Зайцаў пераконваў нас, цытуючы Біблію, што Хрыстос быў прышэльцам з космасу, прадстаўніком вышэйшай, чым зямная, цывілізацыі.
- - Вячаслаў Кандратавіч, - пакепліваў Валодзя, - ну прызнайцеся нам па шчырасці! Вы - таксама адтуль?
- Зайцаў не пярэчыў: яму падабалася выглядаць выключэннем. Былы асабіст, ён абвострана ўспрымаў многія тагачасныя з'явы і пратэставаў супраць іх, часам экстравагантна. Яго лекцыі "Космас і розум" збіралі вялікую аўдыторыю і заканчваліся "аргвывадамі" (асабліва не цярпеў іх тагачасны акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Ц. С. Гарбуноў). Караткевіч адносіўся да Зайцава з цікаўнасцю, але многія яго ідэі не ўхваляў:
- - Падумаць толькі: чалавек - вынік чыйгосьці эксперыменту, зборшчык інфармацыі для вышэйшай цывілізацыі... Хоць ты ўзвый на месяц, стаўшы ракам!
- А калі Зайцаў прывёз у Мінск сваю жонку, чэхістку Наталлю Ашкназі (удваіх яны зладжана спявалі сербскія, македонскія, чэшскія песні), Валодзя, прыглядаючыся да яе каўказска-ўсходняга аблічча, дапытваўся:
- - Прызнайцеся, Наталі, вы часам не мурсіяначка? Бо ў зямлянак такіх чорных да сінечы валасоў не бывае.
- Потым, калі Вячаслава Кандратавіча за яго крайнія погляды (ён сцвярджаў, што ў Брэжнева ўсяліўся дэман, які раней знаходзіўся ў Мао, што жанчыны не павінны нараджаць, пастаўляючы ваеннаму молаху гарматнае мяса) звольнілі з работы, Караткевіч і Гапава спачувалі яму, часам падкормлівалі. Але "касмічныя" ідэі Зайцава (дарэчы, выкладзеныя ім у фільме Дзёнікена "Успаміны аб будучым") па-ранейшаму выклікалі ў іх іранічную ўсмешку.
- На вечарах у Валянціны Ігнатаўны Караткевіч часта разважаў аб законах мастацкай творчасці, называў і цытаваў сваіх літаратурных куміраў.
- - Верш у мяне пачынаецца з думкі, - казаў ён. - Потым узнікае фраза - з сярэдзіны, з канца. А ўсё астатняе падганяецца пад яе.
- Іншы раз, адказваючы на пытанне, якому памеру верша ён аддае перавагу, Валодзя канкрэтызаваў папярэдняе выказванне:
- - Дальбог, ніколі не ведаю, якім памерам пішу. Для мяне важны асноўны радок. Радок-бацька ці маці. Ён цягне за сабой іншыя - спераду ці ззаду. Яны могуць быць лепшыя ці горшыя. Але пачатак, аснова - у тым, першым.
- 19 снежня 1966 года Караткевіч уголас перачытваў Гапавай урыўкі з "Хаджы-Мурата" Л. Талстога:
- - Во, сцярвец! Што я ў параўнанні з ім?! Г... пана бога, парэзанае на талеры!
- І доўга спрачаўся з Валянцінай Ігнатаўнай наконт таго, патрэбен ці не патрэбен быў нам тады Каўказ як "заплечча" на потым.
- У другі прыход Караткевіч гучна захапляўся Аксакавым, яго апісаннем зімы:
- - Проста і здорава! Так не напісаў бы нават Талстой!
- На пачатку 1967 года Гапава разам са сваёй сяброўкай Федзюковай завялі Караткевіча на канцэрт вядомага "ўгадвальніка думак" Вольфа Месінга. Апошняму была прапанавана картачка са спісам кніг, з якога трэба было выбраць Караткевічавы творы. Месінг выдатна справіўся з гэтай задачай, толькі прыпыніўся на "Каласах...", бо Федзюкова, складаючы спіс, сама добра не ведала, ці выйшлі яны асобным выданнем. Тут жа дадаў, што мае справу з творамі таленавітага чалавека. І пагадзіўся з прапановай Валянціны Ігнатаўны, каб назаўтра прыняць Караткевіча ў гасцініцы. Гаворка ў нумары працягвалася мінут сорак. Па дарозе на выступленне ў Вязынскую школу (туды ехалі на таксі, а назад, нягледзячы на мароз, у кузаве грузавіка) Валодзя расказваў мне, што Месінг літаральна ашаламіў веданнем самых патаемных ягоных спраў (у тым ліку кіеўскіх), даў некалькі парад. У першую чаргу - пазбягаць частых застолляў, асабліва з ворагамі (уласна кажучы, дзеля такога ўнушэння і старалася Гапава). "Угадвальнік думак" прадказаў, што пасля ўсялякіх выпрабаванняў сітуацыя яго як пісьменніка зменіцца да лепшага, прыйдзе прызнанне ("але будзе ўжо позна"). Расказваў Валодзю, як ён уцёк ад фашыстаў, за што яго неўзлюбіў Сталін... Па словах Валянціны Ігнатаўны, якая чкала канца размовы на калідоры, Караткевіч выйшаў з нумара задуменны. Месінг жа выбег, нібы звар'яцелы, усклікнуў:
- - Вы правільна зрабілі, што прывялі яго. Гэта наш геній!
- Побач з "салонам" Валянціны Ігнатаўны Гапавай тады быў вядомы "салон" Ірыны Платонаўны Крэнь, дзе збіраліся людзі, якім балеў заняпад усяго беларускага. Муж яе, Мікола Верабей, надрукаваў якраз у "Полымі" артыкул, у якім даказаў блізкасць некаторых публікацый "Нашай нівы" да палажэнняў У. І. Леніна. Гэта выклікала адмоўную рэакцыю Л. Абэцэдарскага і іншых гісторыкаў. З'явіліся разносы ў рэспубліканскім друку. Караткевіч суцяшаў гаспадара:
- - Нічога, яшчэ пагледзімо, на чыім баку будзе праўда. Прыйдуць да ўлады разумнейшыя людзі. Не можа быць, каб наша славянская зямля збяднела на моцныя галовы!
- 12 снежня 1966 года ў Крэнь апрача Уладзіміра Караткевіча былі стрыечная сястра Максіма Багдановіча Ганна Кіпрыянаўна, Алег Лойка, Мікола Прашковіч, літаратуразнавец Лідзія Голубева. Гаварылі дапазна аб розным. Ганна Кіпрыянаўна згадвала абстаноўку ў доме Багдановічаў ("Максім рос у адзіноце, галоўная прычына - эгаізм бацькі"). Успаміналі абставіны смерці Янкі Купалы і Якуба Коласа.
- - Што гэта вы, даражэнькія даследчыкі, спіце ў шапку, - папракаў Валодзя супрацоўнікаў Інстытута літаратуры. - Пакуль жывуць яшчэ відавочцы таго, што здарылася летам 1942 года ў гасцініцы "Масква", сабралі б усе версіі, супаставілі, зрабілі высновы...
- У той вечар Валодзя ахвотна гаварыў аб сваіх творчых справах. З рускай літаратуры найвышэй ставіў Чэхава, Льва Талстога і Дастаеўскага. Казаў, што Някрасаву за яго верш, у якім усхваляецца Мураўёў-вешальнік, яшчэ можна дараваць, а вось Бялінскаму за яго нянавісць да Шаўчэнкі - нельга.
- У тыя гады летам Караткевіч звычайна ездзіў да дзядзькі ў Рагачоў, дзе добра пісалася, падарожнічаў па Беларусі (з Брылём і Барадуліным - па іх радзімах, з групай творчай моладзі - на агітцеплаходзе па Прыпяці, да Грынчыкаў - у Бытэнь). Наняўшы аўтобус, аднойчы разам вандравалі па мясцінах Адама Міцкевіча (сам быў сведкам, як Валодзя пераплыў Свіцязь, а тыя, хто рашыў паўтарыць яго ўчынак, - не змаглі). Некалькі разоў і адзін, і з актрысай Б. Караткевіч пабываў на маёй Астравеччыне. Згуляў тут адно сялянскае вяселле (адстаў ад вясельнікаў, каб паглядзець у Зулове, ужо на літоўскім баку, месца, дзе нарадзіўся Пілсудскі). З ахвотай касіў сена і спрабаваў падаіць карову. Любіў хадзіць у Анелін, на месца, дзе стаяў легендарны маёнтачак, і ўсё падбіваў мяне напісаць "нешта такое". Збіраўся нават у Анеліне лакалізаваць апошнія сцэны "Каласоў..." (Марыська мелася тут пакутаваць ад таго, што ненаўмысна, з зайздрасці выдала Каліноўскага).
- А аднойчы, калі мы прыехалі ў Гудагай разам сустрэць Новы год, з ім здарыўся такі анекдатычны выпадак. Назаўтра вечарам усе мы пайшлі ў клуб, каб паглядзець купалаўскіх "Прымакоў". Хтосьці з самадзейных артыстаў пазніўся, і Валодзя, стомлены чаканнем і папярэдняй бяссоннай ноччу, ціха прыдрамнуў. Перапоўненая зала гучна выказвала незадавальненне ўсёй затрымкай вядучай вечара, дачцэ гудагайскага ўчастковага міліцыянера Голубева, і яна, даведаўшыся ад маці, удзельніцы ўчарашняй сумеснай сустрэчы Новага года, аб прыездзе пісьменніка, выйшла на сцэну і гучна абвясціла:
- - Таварышы! Сярод нас прысутнічае вядомы беларускі паэт Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч! Просьба на сцэну.
- Зала заапладзіравала. Хтосьці штурхнуў Караткевіча: цябе! І ён з яўным незадавальненнем выйшаў уперад. Але на сцэну не ўзышоў, а толькі прысланіўся да яе. Пачаў пакрыўджаным голасам:
- - Людзі добрыя! Учора быў Новы год, сёння таксама свята. Вы стомленыя, я змораны... То якога ж яшчэ выспятка ад пана бога вам трэба?!
- Нейкая развясёлая і дзябёлая жанчына, што сядзела ў першым радзе, рашыла, што чалавек такім чынам крыўляецца, смяшыць публіку. І, каб было яшчэ смяшней, падбегла да Караткевіча, схапіла яго за ногі і кульнула на сцэну. Валодзя ўзняўся і неяк безнадзейна махнуў рукой:
- - Калі так, то не трэба! - і вярнуўся на сваё месца.
- Праўда, у канцы вечара, каб рэабілітаваць сябе і Голубеву, усё ж прачытаў пару вершаў, у тым ліку пра зайца, што варыць піва.
- Назаўтра мы пачалі фантазіраваць на тэму, які цяпер душэўны стан у той жанчыны.
- - Разумееш, Валодзя, а раптам яна ўсвядоміла, якога чалавека кульнула. Ці яе разыгралі адпаведна. Пасмяяліся, што ў гісторыю ўвойдзе, пакарана будзе... І яна сёння пакутуе. Думае, канчаць жыццё самагубствам ці не...
- - Што ж мне рабіць? - Караткевіч яўна не разумеў жарту.
- - Узяць паўлітэрка і пайсці да яе. Вывесці з трансу... Вунь, праз акно відаць яе дом.
- І трэба ж такому здарыцца, што, ступіўшы пару крокаў на вуліцу, Валодзя сутыкнуўся з той жанчынай. Разыграная кімсьці, мусіць, участковым, яна ішла да нас "мірыцца з пісацелем", несучы з сабой сумку з прыпасамі... Расчулены Караткевіч спыніўся, пацалаваў яе ў лоб.
- Увогуле Валодзя не крыўдаваў за цікавыя розыгрышы. Наадварот, лічыў, што чалавек, асабліва пісьменнік, павінен абрастаць імі ("міфамі"), як карабель "ракушкамі". Не пакрыўдзіўся ён, калі даведаўся, што ніякі не інжынер трэста па азеляненні Ілля Хаданскі, а мовазнавец Арнольд Міхневіч пазваніў яму з "прэтэнзіяй": нібыта яго, сумленнага працаўніка, вывелі як адмоўнага тыпа ў "Каласах..." ("Я вашего романа не читал и читать не стану, но друзья издеваются, поэтому требую сатисфакции"). Не крыўдаваў, калі выйшла, што не для "нявесты" Генадзя Кісялёва, а для касцёла ў Друскінінкай цягаў ён з магазіна да таксі дзевяноста метраў танных дарожак ("гэта, мусіць, мне пакаранне за сцэнар "Хрыста").
- Дараваў ён мне і тады, калі я ледзь не падвёў яго "пад дурнога хату". Неяк Валодзя папрасіў мяне знайсці ў якой гістарычнай крыніцы і выпісаць яму старашляхецкае запрашэнне ў госці. Не ведаючы, што гэта для працягу "Каласоў...", я скапіраваў адзін тэкст з гумарыстычнай кнігі Антося з Лепля, выдадзенай у Беластоку, і паслаў яму ў Рагачоў (запомніліся макаранічныя фразы: "А і дужа хто будзе сабраўшысен"; "Будуць а і яблыкі ў клустасці, а і сырнікі з млекам"). Ён перапытаў у лісце: адкуль ты ўзяў такое? Я чыстасардэчна прызнаўся. У адказ атрымаў цэлае пасланне, вытрыманае ў характэрным для Караткевіча іранічна-здзеклівым стылі. Для ўзору прывяду некалькі абзацаў:
- "Ты што ж гэта, былы фальварковец з Расолаў, былы местачковец Астравецкі, а цяпер мешчанін Менскі, мне, князю, у мой ціхі зацішак, самоту маю гордую, у стольны град княства майго здзеклівыя лісты пішаш, га? Баніцыі не зазнаў, святы божыя святкаваць на зямлі даела?
- Перадаю табе з цыдуляю той, у стылі барока пісанай, высокае сваё незадавальненне, а і не толькі за ліст, а і за тое, што выпісаў ты, пісака, з сувоя, напісанага шляхціцам Антосем з Лепля, запрашэнне на шляхецкае свята, і мне той грымзол твой, як нібыта з акта нейкага выпісаны, нахабна даслаў, і ляпу, прытым, такую ганаровую рабіў, як бы энцыкліку ці булу свентага папы нашага мне дасылаеш.
- Пад карэннямі рыеш, нягледзячы ўгору. Прычын не ведаеш, і вынікі схаваныя ад вачэй тваіх. А каб я тое дзе-небудзь ужыў? Якая б то ганьба княскаму гонару майму была!?!
- Свае абазнаныя паглядзелі б і сказалі: "крадзёж". Лацінцы зірнулі б і сказалі: "плагіятус вульгарыс".
- То якое смеласць маеш мяне ў лаянцы і завушэнні выкрываць? Мала па грахах тваіх, галгане! Хто падбіў, хто падбухторыў на гэта цябе, нешчаслівы!?! Кабеты, пэўна, бо з імі ты нарадзіўся, з імі ты жыў, з імі ў зямлю адыдзеш, а і ў чысцец - ды не, у пекла! - з імі пойдзеш.
- О, будзе там табе цемра непрасвяцімая, вогнь нязгасны, скрогат зубоўны! Будзеш ты вісець там за ўсе тыя члены, што грашыў ты імі ў жыцці. За язык і за вочы, за пальцы і за іншае многае. Будзеш круціцца давеку на гаку, як вяндліна, што на сонцы яе варочаюць. Адным ты не грашыў толькі, галавою. То за галаву не павесяць цябе, абяцаю.
- За тое ж, што ў замак мой Менскі шалбераў нейкіх з чарамі і гуслямі пусціў і не шкодзіў ім улезці туды і кашталяна майго вернага з невянчанай малжонкай ягонай стуль выперці, біць, мардаваць, ад якога морду сам не ведае, яка жывы будзе, за тое, што "Каласы" на "Калоссе" змяняў, - кару атрымаеш. На суллях распну, агурком салоным зарэжу!
- Руку прыклаў, па проразях у дошчачцы абвёўшы, князь Рагачоўскі".
- І ніжэй - лацінкай, друкаванымі літарамі: "Влодсімер".
- Часам анекдатычныя сітуацыі стварала само жыццё. Караткевіч іх дапаўняў уласнай выдумкай, і ў асобных выпадках цяпер цяжка аддзяліць тое, што было ў сапраўднасці, ад таго, што народжана містыфікацыяй. Для доказу спашлюся хаця б на такі прыклад.
- Сёння шырока вядома апавяданне Уладзіміра Караткевіча "Былі ў мяне мядзведзі" (яно нават дало назву польскай анталогіі беларускай прозы). Асновай для аднаго з яго эпізодаў паслужыў рэальны факт: калі на "Беларусьфільме" здымалася беларуска-чэшская стужка "Пушчык едзе ў Прагу", яго галоўнага "героя", маладога мядзведзя Пушчыка, кінаработнікі неяк прывялі да Караткевіча, выкупалі ў ванне, а потым паклалі спаць на тахце і селі абедаць. Тады ж быў зроблены і фотаздымак: Караткевіч гуляе з мядзведзем. Гэты здымак трапіў у газету "Ніва", што выдаецца ў Польшчы, у Беластоку, на беларускай мове. І там яго ў 1965 годзе апублікавалі з прыкладна такім подпісам: "Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч вельмі любіць жывёл; на гэтым здымку вы бачыце яго з уласным мядзведзем, з якім ён любіць прагульвацца..." Пасля той публікацыі не было адбою ад званкоў: а калі можна прыйсці, каб яго паглядзець, а дзе ты яго трымаеш, а чым корміш?
- І вось у 1977 годзе Караткевіч быў у Польшчы. У Варшаве яго запрасілі на творчую сустрэчу, дзе той жа мядзведзь усплыў у нечаканым ракурсе. У справаздачы з сустрэчы, надрукаванай у "Ніве", сказана наступнае: "Маючы заўсёды "жартаў поўныя кішэні", як сцвярджаецца ў адным з яго вершаў, Караткевіч пачаў расказваць анекдоты, гумарыстычныя гісторыі, ствараючы вясёлы настрой сярод сваіх слухачоў. Адказваючы на пытанне аб мядзведзі, які жыў на яго кватэры, прыпомніў камічнае здарэнне. Выкупаў я яго - кажа Караткевіч - у ванне, мядзведзь выйшаў у пярэднюю, дзе ў вялікім люстры ўгледзеў свой адбітак. Мядзведзь прыглядаўся сабе хвіліну, потым грымнуў з усяе сілы лапай, і люстра рассыпалася на кавалачкі. Адгэтуль было ў мяне толькі маленечкае люстэрачка да брыцця, каб не гнявіць чатырохногага кватаранта".
- ...Але ж я добра памятаю, што тое люстэрка ў перадпакоі было разбіта не мядзведзем!
- Або прыпамінаецца яшчэ выпадак. Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай частцы Інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся тэлефонныя званкі:
- - Фама Фаміч, аплачвайце заказ...
- - Фама Фаміч, чакаем машыну...
- Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка, што нумар перададзены іншаму абаненту. Не памагала! За нейкім сотым званком новы ўладальнік пачаў кіпець.
- Урэшце аднойчы, позняй ноччу, зноў патрывожылі:
- - Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?
- - Так! - узравеў Караткевіч, нібы той мядзведзь. - Абавязкова разгружаць!
- З таго выпадку, казаў Валодзя, нібы рукой зняло. Ніхто больш не пытаў Фаму Фаміча.
- Але затое Рыгор Барадулін стаў велічаць Караткевіча не іначай як Фамой Фамічом. Потым Фама Фаміч трансфармаваўся ў Хаму Хаміча і проста ў Хаму. Але Валодзю гэта не раздражняла. У адказ ён называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам. Дробныя шпількі і шпілечкі не перашкаджалі іх сапраўднай мужчынскай дружбе. Былі ва ўзаемаадносінах і суперніцтва, і зайздрасць, і спрэчкі, і дні адчужэння, і нават, казалі, ледзь не бойка. Але не прыпомню ніводнага выпадку, каб яны дайшлі да непавагі, узаемных абраз. У мяне склалася ўражанне, што яны адзін без аднаго проста не маглі існаваць. Вельмі розныя па характары і мастацкім бачанні свету (Валодзя больш рацыяналістычны, "зададзены", Рыгор больш эмацыянальны, непасрэдны), яны цудоўна сябе ўзаемна дапаўнялі. Адказваючы на вечарах на пытанні, Караткевіч нязменна высока ацэньваў творчасць "ушацкага хлапца" ("Кулінінага сына"):
- - У нас цяпер толькі два паэты, якія пішуць натуральна і арганічна, - Вазнясенскі і Барадулін. Яны нібы спецыяльна створаны для гэтага прыродай. Спяваюць, як птушкі на голлі!
- Барадулін адплачваў тым жа. Не раз памагаў ён Караткевічу і добрым словам, і слушнай парадай, і грашыма, асабліва калі Валодзю нейкі час не друкавалі.
- Такая ж сардэчная дружба, нягледзячы на розніцу ў гадах, звязвала Уладзіміра Караткевіча з Янкам Брылём. У ёй, вядома, былі свае ўзлёты (калі абодва пісьменнікі жылі на адной лесвічнай пляцоўцы) і спады. Да свайго старэйшага сабрата Валодзя адносіўся часам крыху задзірліва ("як малады певень"). Але Янка Брыль нязменна адказваў паблажлівасцю. Памятаецца, 27 лютага 1967 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР быў вечар новага верша. Цікава выступалі Ю. Голуб, А. Разанаў. Валодзя ж чытаў нешта са зборніка "Дзень паэзіі". Пасля вечара разам са Сцяпанам Міско і геолагам Віктарам Лапуцем ("бацькам беларускай нафты") пайшлі ў кафэ, што адчынілася ў Доме мастацтваў (з лёгкай рукі Барадуліна яго ахрысцілі "мутным вокам"). Зусім блізка сядзелі Брыль з Карамазавым і нейкім госцем з Сібіры. Міско гучна, каб чувалася за суседнім столікам, правакаваў Караткевіча:
- - Хто вышэйшы, ты ці Брыль?
- - Вядома, ён.
- - А хто таленавіцейшы?
- - Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?!
- На гэта Брыль:
- - Самае смешнае, што і я так лічу!
- У часы, калі пасля разноснай крытыкі ў Караткевіча апускаліся рукі, Брыль настойліва ўгаворваў яго не паддавацца чорнаму настрою і - пісаць, пісаць, пісаць! На гэта Валодзя агрызаўся:
- - Па вашай скуры пісаць бы! Бо хто ж друкаваць будзе?!
- У адказ Брыль прывёў словы Хемінгуэя:
- - Пішы сумленна, а некалі цябе прызнаюць, хоць пасля смерці, што ўжо сумней.
- Калі ў студзені 1980 года ў бібліятэцы АН БССР была сустрэча з Янкам Брылём, ці не найбольш пытанняў было пра яго адносіны да творчасці Караткевіча. Аўтар "Птушак і гнёздаў" адказаў, што цэніць яго вельмі высока, што гэта "самы чытабельны" беларускі аўтар ("нават у Туніс з сабой бяруць"):
- - Падумаць толькі: быў час, калі выдаўцам даводзілася даказваць, што "Каласы..." трэба выдаць асобнай кніжкай. І дзякуй Мележу, які тады заступіўся за раман на абмеркаванні, па сутнасці арганізаваў яго.
- Па сваёй сціпласці Янка Брыль не сказаў, што ў тым, "пераломным" 1967 годзе і ён нямала прычыніўся да таго, каб "Каласы пад сярпом тваім" выйшлі асобным выданнем (у дзвюх кнігах). Яго рэдагаваннне вельмі зацягнулася. Аўтару прад'яўляліся шматлікія, часам некампетэнтныя і смешныя прэтэнзіі.
- У выдавецтве ад Караткевіча патрабавалі, каб ён улічыў прадузятыя заўвагі Я. Герцовіча, які пасля часопіснай публікацыі рамана, нібы палемізуючы з маёй станоўчай рэцэнзіяй, выступіў з артыулам "Лёсы чалавечыя і лёсы народныя", надрукаваным у газеце "Советская Белоруссия" 9 верасня 1965 года (яго меў на ўвазе Валодзя ў працытаваным лісце з Уладзівастока). Побач са слушнымі крытычнымі меркаваннямі (аб празмернай "даросласці" і рытарычнасці слоў і думак галоўнага героя Алеся Загорскага) там былі і шматлікія тэндэнцыйныя пасажы, на якіх ляжаў выразны адбітак вульгарнага сацыялагізму. Караткевічу інкрымінавалася, што ён рэалізаваў задуму толькі часткова, нават "на другім плане" не знайшоў месца для сацыяльных "нізоў", што ён, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру "паміж прыгоннікамі і прыгоннымі". "Аўтар, - гаворыцца ў артыкуле, - зноў прадэманстраваў абмежаванасць свойго гістарычнага бачання, звязаўшы адной вяровачкай буйнога зямельнага магната князя Юрыя Загорскага і прыгоннага селяніна Міхала Кагута і зрабіўшы з гэтага далёка ідучыя вывады". У апошнім абзацы сцвярджалася, што Караткевіч "паспяшаўся з публікацыяй", што яму яшчэ трэба нямала папрацаваць над раманам, "каб у ім зліліся ў адно лёсы чалавечыя і лёсы народныя, загаварыла поўным голасам сапраўдная гісторыя". Такім чынам, у артыкуле Герцовіча ставілася пад сумненне мастацкая і гістарычная вартасць "Каласоў..." увогуле. Ад раманіста патрабавалася, каб ён напісаў новы, прынцыпова іншы твор.
- На артыкул Герцовіча рэагавалі па-рознаму. Адны абураліся ім, слалі пратэсты ў рэдакцыю, званілі аўтару артыкула, на што ён не раз публічна скардзіўся з трыбуны (Караткевіч не ўхваляў такіх званкоў). Мы з Барадуліным суцяшалі Валодзю, што ў кожнага Моцарта павінен быць свой Сальеры. Іншыя ж паціралі рукі ад задавальнення. Кіраўнікі выдавецтва ўспрынялі артыкул як прамое ўказанне афіцыйнага органа і паставілі перад раманістам нерэальную задачу - замест палымянскай публікацыі прынесці ім нешта дыяметральна супрацьлеглае. Усё часцей раздаваліся галасы, што ў канфліктную сітуацыю павінен умяшацца Саюз пісьменнікаў БССР. Гарачым прыхільнікам абмеркавання быў Іван Мележ.
- І вось 22 лютага 1967 года адбылося сумеснае пасяджэнне сакратарыята СП БССР і секцый прозы і крытыкі. Перш чым адкрыць "баталію", Вячаслаў Адамчык і Янка Скрыган запатрабавалі, каб прадстаўнік выдавецтва, Леў Салавей, прыўзняў "забрала", выклаў прысутным усе контраргументы. І той вымушаны быў зачытаць урыўкі з выдавецкай рэцэнзіі, аўтар якой пачаў за "здравие", а скончыў за "упокой". Аддаўшы належнае таленту Караткевіча, рэцэнзент далей папракаў яго, што ён напісаў не хроніку народнага жыцця, а хроніку князёў Загорскіх. Народны заступнік Корчак дарэмна не выразаў іх. "Добрых" паноў накшталт Загорскіх не было і быць не магло, даказваў рэцэнзент. Абвяргаючы яго спрошчаныя ўяўленні пра гісторыю, Янка Брыль, Іван Мележ, Алесь Адамовіч, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч, Генадзь Кісялёў, Алесь Асіпенка, аз грэшны, іншыя гаварылі пра тое, што, як і рускае дваранства, беларускія магнаты і шляхта бывалі розныя - і прагрэсіўныя, і "ніякія", і рэакцыйныя, што трэба пераадольваць ранейшую абмежаванасць нашай літаратуры, калі ў ёй (у Купалы, Бядулі) быў толькі "дрэнны пан". Прагучалі заклікі ўлічваць рэальную расстаноўку сіл у паўстанні 1863 года, спецыфіку тэматыкі, індывідуальнасць аўтара. Крыху скептычна выступіў Адамовіч: вось мы хораша пераконваем тут адзін аднаго, а выдавецтва ўсё роўна не выдасць раман яшчэ гадоў з пяць - пра гэта нават можна біцца аб заклад.
- Узровень абмеркавання быў у цэлым вельмі высокі. Слушных аргументаў у абарону Караткевіча выказалі многа, і яны, па вобразнаму выражэнню Янкі Брыля, зваліліся на беднага Льва Салаўя нібы капа сена.
- Уладзімір Караткевіч застаўся задаволены вынікамі абмеркавання. З Саюза мы пайшлі да яго дамоў. Былі Генадзь Кісялёў, які яшчэ прыязджаў з Вільнюса, мовазнавец Міхась Сыракваш (Валодзя пакепліваў над яго магутнай постаццю: "Занимает целый пляж изможденный Сырокваш"), рэдактар ашмянскай раёнкі Якаў Карабок. За сталом узнікла спрэчка, ці мелі права супрацоўнікі Дзяржаўнага музея БССР вырваць з памятнай табліцы ў жупранскім касцёле Ашмянскага раёна партрэт Багушэвіча. Караткевіч горача даказваў, што не мелі, што гэта акт вандалізму. Мы тут жа дамовіліся, што напішам пратэст. Ліст такі (у Міністэрства культуры БССР) быў неўзабаве адпраўлены. Але партрэт не вернуты і да сёння (замест яго веруючыя ўстанавілі прыблізны заменнік).
- Абмеркаванне рамана ў Саюзе пісьменнікаў, здаецца, не зрабіла на выдавецкіх работнікаў асаблівага ўражання. На рукапісе "Каласоў..." было пастаўлена столькі пытальнікаў і клічнікаў, панапісана столькі здзеклівых заўваг, што Караткевіч схапіўся за галаву:
- - Гары яно ўсё гарам! Не буду я правіць ні слова! Няхай ляжыць да сканчэння свету!
- Але тут умяшаўся Барадулін:
- - Не рабі глупства, Хама. Твой раман патрэбны людзям цяпер! Зрабі выгляд, што сур'ёзна правіш, іначай увогуле выкінуць цябе з плана.
- - Не магу, стары, - ледзь не рыдаў Валодзя. - Не магу пагадзіцца з чалавечай дурасцю.
- - Дурны і ты, Валодзечка. Не лезь на дыбы з-за дробязей. Папраў нешта другараднае, замяні адзін эпітэт другім. Так, каб можна было сказаць, што ўлічана заўваг працэнтаў семдзесят. А на істотнае махні ім ручкай: маўляў тут другаразраднае глупства, ды і не стану я тут прыхарошваць розных прыгоннікаў... З імі, Хама, трэба ваяваць іхняй жа зброяй.
- - Рука не ўзнімаецца!
- - Тады папрасі Адася, - Рыгор кіўнуў у мой бок. - Чалавек тры гады ў рэдакцыі працаваў, розную дыпламатычную праўку рабіў.
- І ў маі 1967 года мы разам заселі за стол. Скарачалі другарадныя фразы. Падкрэсленае рэдактарам слова замянялі другім. Валодзя спачатку быў змрачнаваты і спрабаваў ваяваць нават са мной, ды потым увайшоў у смак і ахвотна прыдумваў адэкватны ці нават больш трапны, але не такі "лабавы" варыянт. У многіх мясцінах работа пайшла раману яўна на карысць.
- - Ты глядзі, Адасевіч, - цешыўся ён. - Можа, усё абыдзецца малой крывёю.
- А каб у выдавецтве і наогул у грамадскасці склалася ўражанне, што раман сур'ёзна перарабляецца, Рыгор Барадулін прапанаваў "падкінуць" такую "мыслю" ў друк. Я ўзяўся рабіць адпаведнае інтэрв'ю з аўтарам, здаецца, першае ў яго жыцці інтэрв'ю ўвогуле. Неўзабаве, 10 ліпеня 1967 года, яно было надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" пад назвай "Каласы з цаліны":
- "Сярод перафразіровак вядомай прымаўкі, відаць будзе слушнай і такая: "Пакажы мне твой рабочы стол - і я скажу, хто ты". На рабочым месцы заўжды адчуваецца адбітак індывідуальнасці чалавека.
- Пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча - гэта стол-рамантык. Пасля кожнага чарговага падарожжа гаспадара на ім з'яўляюцца новыя і новыя дзівы: рэдкія каменьчыкі і засушаныя марскія зоркі, цагліны тысячагадовай даўнасці і ўпрыгожанні нашых продкаў. Да стала прыхінулася старадаўняя разнaя прасніца. Аднак галоўнае на ім - наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага. Тут жа - каваны ў жалезе свяцільнік. Нібы агромністая кропля крыві, чырванее ў ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальвае свяцільнік толькі раз у год - 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці таго, хто стаў самай вялікай любоўю Уладзіміра Караткевіча, яго натхненнем і героем яго твораў.
- І адначасова - гэта стол-працаўнік. На ім заўсёды грудзяцца папкі з рукапісамі. За гэтым сталом былі напісаны вядомыя ўжо чытачу раманы "Каласы пад сярпом тваім" і "Нельга забыць", аповесці "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" і "Чазенія", шматлікія вершы, рэцэнзіі, артыкулы, сцэнарыі кароткаметражных і доўгаметражных фільмаў. Сотні і сотні старонак, спісаных дробненькім, вуглаватым почыркам, які нельга зблытаць з нічыім іншым.
- У дзень, калі вялася наша размова, Уладзімір Караткевіч закончыў праўку першай і другой кніг рамана "Каласы пад сярпом тваім". Рыхтуючы рукапіс да друку ў выдавецтве "Беларусь", аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя.
- - Прыемна адчуваць, што ўрэшце закончана тое, над чым працаваў амаль дванаццаць год. У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў "Полымі", у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў - для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча - бачна, што рухаючай сілай у паўстанні ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася "абяліць" некаторых прыгоннікаў накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі.
- - Значыць, задума "Каласоў..." з'явілася прыкладна дванаццаць гадоў назад? Калі? Пад уплывам якіх абставін?
- - Задума з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі, - сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў - мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх - паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за "вашу і нашу свабоду". А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя "мосцікі" ў Вільню, Пецярбург, Варшаву.
- - У пачатку года "Полымя" абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна таксама ўжо напісана?
- - У асноўным, так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. Па-першае, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы. Напрыклад, зусім нядаўна ўдалося знайсці дужа "каларытны" "Указ аб косах". Аказваецца, напярэдадні паўстання царскі ўрад быў настолькі напалоханы, што нават забараняў сялянам купляць і прадаваць косы.
- - Значыць, у цэлым "Каласы..." будуць мець каля дзвюх тысяч старонак. Ці не занадта многа гэта ў наш час, калі ў моду ўвайшлі "мікрараманы"?
- - Па-мойму, усё гэта - лухта. Чалавецтва працягвае накопліваць інфармацыю. Вядома, яму сёння не патрэбна такое дэталёвае апісанне інтэр'ера або чалавечага аблічча, якое мы бачым у пісьменнікаў і мастакоў ХІХ стагоддзя, напрыклад, у Аляшкевіча. Але чалавецтву вельмі важна ведаць факты, мець іх аб'етыўнае апісанне. Вернецца, скажам, чалавек з Марса - і якой каштоўнай будзе яго падрабязная інфармацыя аб невядомай планеце, яго ўменне перадаць нам натуральны выгляд марсіян. А для нас жа беларуская гісторыя - у многім нязведанае. Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў. І кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым. Па меры магчымасці я і рабіў гэта ў "Каласах...". У выніку - шматлікія апісанні, вялікі аб'ём рамана. Для тоненькіх гістарычных раманаў, такіх, як у Друона, у Беларусі яшчэ прыйдзе свая чарга. А пакуль што... Мне хочацца, каб, чытаючы "Каласы...", чытач адкрываў для сябе мінулае свайго народа і сваёй краіны.
- І словы гэтыя не здаліся мне штучнымі ці нясціплымі. Прыгадаліся словы студэнткі, прыведзеныя ў нарысе У. Калесніка "Партрэт друга": "Дагэтуль я думала, што ў нас няма такой гісторыі, як у іншых народаў. А пачытала "Дзікае паляванне караля Стаха", "Каласы пад сярпом тваім" - дык убачыла, што ёсць!" Сказана крыху наіўна, але дастаткова дакладна: найвялікшая каштоўнасць усяго, што пішацца Караткевічам, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець мінулае і сучаснае. Для нашага сучасніка вельмі важна мець дакладнае ўяўленне аб усіх тых падзеях, пра якія гаворыцца ў "Каласах...".
- - Так, вельмі важна! - пагаджаецца пісьменнік. - Шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты накшталт Каліноўскага былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізму. Першы Інтэрнацыянал быў утвораны якраз на вечары, прысвечаным памяці ахвяр 1863 года. У падзеях мінулага - нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады.
- - А наколькі паказанае ў рамане адпавядае сапраўднасці? Ці існаваў, скажам, рэальны прататып Алеся Загорскага?
- - Перш за ўсё я імкнуўся праўдзіва перадаць дух таго складанага і супярэчлівага часу. Узнавіць дэталі мне дапамаглі архіўныя дакументы. Часам яны пацвярджалі тое, да чаго я ўжо раней дайшоў інтуіцыяй. Прывяду адзін прыклад, але не з "Каласоў...", а з "Нельга забыць". У пралогу да рамана расказваецца аб трагічнай гібелі паўстанца 1863 года Грынкевіча. Пісаў я гэтыя старонкі, пераважна абапіраючыся на мясцовыя паданні. Потым жа, на маё ўласнае здзіўленне, Генадзь Кісялёў паказаў мне ў Вільнюскім архіве дакументы пра рэальнага Грыневіча, расстралянага пры тых жа акалічнасцях, што і апісаныя мною ў рамане. Што ж датычыць "Каласоў...", то ў іх ёсць некаторыя прыватныя адступленні ад сапраўднасці. Напрыклад, тры важныя для лёсу паўстання пасяджэнні царскага дзяржаўнага савета зліты ў адно. У адно зліты вобразы некаторых рэальных людзей. Так узнік Алесь Загорскі. Іншыя ж вобразы - Біскуповіч, стары Вежа - узяты з мінулага цалкам. Зразумела, што зусім інакш узнікалі ўсе жаночыя вобразы...
- - Аднак хопіць пра тое, што ёсць у рамане. Некалькі слоў аб тым, што будзе ў апошніх дзвюх кнігах. Які фінал рамана?
- - Крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і - нават у гэтых абставінах - чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць - засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ - выжывуць! Найбольш поўна гэтая думка праведзена на прыкладзе Алеся Загорскага.
- - Раман закончыцца паражэннем паўстання 1863 года ці - па ўзору "Нельга забыць" - падзеі будуць даведзены да нашых дзён?
- - Давесці падзеі да нашых дзён будзе вельмі цяжка. Магчыма, потым і прадоўжу сюжэтныя лініі рамана. Хацелася б паказаць нарадавольцаў, першыя марксісцкія гурткі, сялянскі рух. Але гэта - потым. Цяпер жа абмяжуюся невялікімі лірычнымі ўстаўкамі. У іх будзе ацэнка падзей 1863 года з пазіцый нашых дзён. Будзе роздум аб тых часах - мой і маіх сяброў. Да кніжнага выдання дапісаны некалькі ўстаўных навел, якіх не было ў часопісным варыянце.
- Нашу размову увесь час перапыняюць тэлефонныя званкі. Звоняць з "Беларусьфільма", дзе па сцэнарыі У. Караткевіча здымаецца поўнаметражны фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", з кінастудыі дакументальных фільмаў, дзе толькі што закончыліся здымкі кароткаметражкі "Будзь шчаслівай, рака...", прысвечанай роднай рацэ пісьменніка - Дняпру. Звоняць з гаркома камсамола, каб дамовіцца аб сустрэчы з моладдзю. Прыходзіць пошта: балгарскі паэт Найдан Вылчаў паведамляе, што ў "Анталогію сучаснага беларускага апавядання", якая выходзіць ў Сафіі, уключаны пераклады караткевічаўскіх апавяданняў; аб выданні зборніка перакладаў на ўкраінскай мове пішуць са Львова. І зноў званок з кінастудыі: у вядомага літоўскага акцёра Баніёніса не "кладзецца" фраза, трэба перарабіць дыялог... І наша размова таксама пераключаецца на тэмы кіно.
- - Ці задаволены я здымкамі "Хрыста"? Ці няма небяспекі, што з філасофскага твора зробяць звычайны прыгодніцкі фільм? Што ж, здымаюць "Хрыста" людзі таленавітыя. Але ў сцэнарыі - а ён перастаў ужо быць маёй рэччу - адбыліся змены. Вобразна кажучы, перавагу над Уленшпігелем атрымаў Лама Гудзак. Ці дапамагае пісьменніку работа ў кіно? Хутчэй шкодзіць, бо адбірае страшэнна многа часу. Сапрўдны пісьменнік цалкам сябе кіно ніколі не аддасць, таму што кіно - мастацтва групавое, дзе індывідуальнасць аўтара нібы раствараецца. З другога ж боку, кіно аказвае станоўчы ўплыў. Яно дае штуршок думкам, робіць больш сучасным мысленне. У чым гэта заключаецца? Дастаткова параўнаць "На Быстранцы" і "Птушкі і гнёзды" Янкі Брыля. Абодва творы сучасныя па сваёй тэме. Аднак яны розныя па мастацкіх сродках. "Птушкі і гнёзды" - твор вельмі кінематаграфічны. Дастаткова прыгадаць сцэну допыту Руневіча...
- На стале з'яўляюцца кадры з будучага кінафільма: сярэдневяковая Гародня, беларускі Уленшпігель - Юрась Братчык, якога па збегу акалічнасцей прынялі за Хрыста, каларытныя твары людзей той даўняй эпохі. Старонкі народнай гісторыі, даўно забытыя і цяпер узноўленыя фантазіяй і талентам мастака. І іншыя старонкі гісторыі - здымкі беларускіх архітэктурных помнікаў. Гэта кадры з кароткаметражнага фільма "Памяць", які нядаўна выпушчаны на экраны Беларусі. Гродзенская Каложа і стары драўляны лямус, Полацкі Сафійскі сабор і руіны віцебскага храма Благавешчання, замкі у Нясвіжы і Міры, Ружанах і Навагрудку. З гэтых здымкаў мог бы выйсці цудоўны альбом аб здабыках нашай архітэктуры, аб сівых сведках мінулага.
- - Калі мы з Юркам Цвятковым здымалі гэты фільм - сэрца балела. Многія цудоўныя палацы і замкі стаяць у запусценні, разбураюцца. А пры жаданні ў іх можна было б размясціць пансіянаты, дамы адпачынку, санаторыі. Можна было б атрымліваць валюту ад зарубежных турыстаў. Узяць хаця б замак у Міры... Мала ў нас беражнага стаўлення да гістарычных помнікаў. Нашто, скажам, было работнікам Беларускага краязнаўчага музея вырываць са сцяны жупранскага касцёла дошку ў гонар Багушэвіча.
- Раман, аповесць, апавяданне, кінасцэнарый, п'еса ("Торшкі далей ад месяца" і "Смерць і неўміручасць Кастуся Каліноўскага" ў свой час былі перададзены Беларускаму тэатру імя Янкі Купалы), нарыс, рэцэнзія... Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не спрабаваў свае сілы Уладзімір Караткевіч. А як справы з жанрамі паэтычнымі?
- - У выдавецтве "Беларусь" ужо ляжыць вершаваны зборнік "Мая Іліяда". Пасля "Вячэрніх ветразяў" у мяне набярэцца нямала новых вершаў. Нядаўна прывёз з Крыма новы цыкл "Таўрыда". Некалькі вершаў напісаў, пабываўшы на магіле Багдановіча.
- - З чаго пачынаецца звычайна верш? З думкі? З настрою?
- - У мяне ён пачынаецца з радка. З аднаго або двух-трох. Вядома, радок немагчымы без думкі. Радок нясе зерне думкі. Напрыклад, верш "Паўлюк Багрым" пачаўся з радкоў: "Нельга верыць у бога, калі ён такое дазволіў..." Потым усё астатняе "падганялася " пад гэтыя радкі. Праўда, часам бывае наадварот - калі ідзеш ад агульнай ідэі. Але гэта - рэдка.
- - А ў прозе?
- - У прозе ўсё пачынаецца з настрою. Настрой нараджае адпаведную думку. Разам узятыя, яны і даюць той ключ, у якім будзеш весці апавяданне, якім "адамкнеш" тэму...
- На хвіліну гаспадар устае, каб узяць з кніжнай паліцы чарнавікі сваіх "Каласоў...".
- - Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда. Калі гаварыць ужо аб нейкай "творчай кухні", то працэс пісання выглядае прыкладна так. Спачатку з'яўляюцца запісныя кніжкі. У іх - думкі, назіранні, выпіскі. Потым нараджаецца кароткі план. Паміж яго радкамі ўпісваюцца ўсё новыя і новыя кавалкі. Такі план перапісваецца разоў пяць. А потым, калі ўсё адстаялася і адшліфавалася ў галаве, - перапісваю начыста. Лёгка і без асаблівых правак. Я згодзен са словамі Буніна, якія прыведзены ва ўспамінах Катаева, што нельга з нічога зрабіць нешта шляхам бясконцых перакрэсліванняў. Вядома, калі ўжо нешта ёсць, тады праўкі дазваляюць палепшыць твор...
- Для ілюстрацыі сваіх думак гаспадар паказвае запісную кніжку, з якой пасля вырасла "Чазенія" - аповесць аб рамантычным і чыстым каханні нашых сучаснікаў, унукаў тых жа паўстанцаў 1863 года. Вось запісы аб тым, якія рыбы водзяцца ў далёкаўсходніх рэках, якой вышыні дасягае цунамі, якія дрэвы растуць на берагах Амура. Вось малюнкі бурундука, Кедравай падзі, схема маршруту, па якому спачатку прайшоў сам аўтар, а потым - яго герой.
- - Гэты маршрут мне хацелася б паўтарыць. Хочацца зноў пабываць на Далёкім Усходзе, пабачыць Камчатку. Не менш вабіць Сярэдняя Азія, Каўказ, нашы беларускія дарогі. Планы вялікія, на гады хопіць.
- - А як з планамі творчымі? Калісьці, памятаю, Янка Брыль прапанаваў табе напісаць раман пра Багушэвіча...
- - Што ж, расце папка з матэрыяламі і пра Багушэвіча. Расце папка пра таямнічага аўтара "Тараса на Парнасе". Думку напісаць раман на гэтую тэму падаў мне Юльян Пшыркоў. Але дзевятнаццатае стагоддзе больш-менш распрацавана. Не напішу я - напішуць іншыя. А вось Давыд Гарадзенскі, які на крыжаносцаў хадзіў, або полацкі князь Вячка, які бараніў ад ворага латышоў і эстонцаў... Пра гэтых пакуль што не напіша ніхто. А трэба! Трэба зберагчы народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі!
- ...У 1936 годзе Максім Танк запісаў у сваіх "Лістках календара": "А пакуль што некранутай цаліной у нас ляжыць гістарычная тэма, чакаючы свайго Вальтэра Скота, Сянкевіча..." Сёння, калі з'явіліся гістарычныя раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча, падстаў для такога катэгарычнага сцвярджэння ўжо няма".
- Сёння, праз дваццаць з лішкам год пасля таго інтэрв'ю, я часта задумваюся, чаму тады Караткевіч сказаў мне, што трэцяя і чацвёртая кнігі рамана "ў асноўным" закончаны. Мы ж, члены камісіі па спадчыне пісьменніка, з надзеяй шукалі іх у яго архіве і расчароўваліся, знайшоўшы там толькі чарнавыя фрагменты, толькі накіды-"загатоўкі" ў запісных кніжках. Сказаў няпраўду ў тым, 1967 годзе з нейкіх тактычных меркаванняў? Наўрад ці. Бо хлусні ён не любіў. Ды і не дазволіў бы ў адваротным выпадку анансаваць заканчэнне рамана ў "Полымі". Пра існаванне трэцяй і чацвёртай кнігі "Каласоў..." Караткевіч гаварыў не толькі мне, але і Міхалу Фёдаравічу Дубянецкаму, былому дырэктару выдавецтва "Мастацкая літаратура" - яны нават дамовіліся, на які год паставіць іх у план. Усе сябры Валодзі ведалі, што ён рыхтуе заканчэнне рамана да друку: вывучае дадатковыя матэрыялы, цікавіцца далейшымі лёсамі паўстанцаў 1863 года. Праўда, не раз, адбіваючыся ад нашых патрабаванняў не займацца "кінаглупствамі", а хутчэй закончыць раман, ён стагнаў:
- - А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў - пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку... Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне - суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч - уласных дзяцей... Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. І што я мог ім адказаць?!
- Мы бачылі, што пасля баталій вакол рамана 1965-1967 гадоў Караткевіч паастыг у дачыненні да "Каласоў...". Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданні (накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць "Зброя", якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самстойным "адгалінаваннем". Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзесятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа.
- Аднак вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг "Каласоў...". Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай "Мёртвых душ". Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. Не знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці "У снягах драмае вясна", хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд... Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка - кніг, архіва, памятак - не мелі доступу пабочныя асобы.
- Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля "Званоў Віцебска" і "Кастуся Каліноўскага" збіраўся паставіць "Маці ўрагану". Караткевіч вылецеў туды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п'есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:
- - Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!
- Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі:
- - Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы... З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.
- У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут "класныя спецыялісты", што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны "Каласоў..."). Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне "Каласоў..." як пра нешта рэальнае.
- Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта.
- Аднак вернемся зноў у другую палову шасцідзесятых гадоў. Абмеркаванне "Каласоў…" у Саюзе пісьменнікаў БССР, галасы грамадскасці ўсё ж зрабілі сваю добрую справу. Алесь Адамовіч прайграў бы заклад, бо асобнае кніжнае выданне рамана пабачыла свет не праз пяць гадоў, а хутчэй - у 1968 годзе. На гэты раз Герцовіч змаўчаў (скардзіўся толькі на адной высокай нарадзе, што ў сувязі з яго артыкулам пра Караткевіча нават "Звязда" патрабуе, каб ён падпісваўся псеўданімам, на што Адамовіч падаў рэпліку: "Гэта робіць гонар "Звяздзе"). Затое "левая" і "ўмераная" крытыка (С. Андраюк, М. Ермаловіч, Г. Кісялёў) сустрэла кніжны варыянт рамана як творчую ўдачу аўтара, дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. І сапраўды, "Каласы пад сярпом тваім", няхай і не закончаныя, з'явіліся адным з першых нашых гістарычных раманаў у поўным сэнсе гэтага слова. Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў ХІХ стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алойза Ірасека. Не з'явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо "Салавей" З. Бядулі, "Спрадвечнае" Б. Мікуліча або "На шляху з варагаў у грэкі" Я. Дылы - гэта толькі першыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай "пустаты", пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. І ён прыйшоў у асобе Уладзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы "Каласам…". Яны - не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі фарміравання самой літаратуры. У "Каласах…" нас здзіўляе ўменне пісьменніка пранікнуць у сутнасць, дух эпохі, аддаленай ад нас больш чым на стагоддзе, узнавіць колішняе жыццё, асэнсаваць яго, не мадэрнізуючы, - і адначасова з пазіцый сённяшняга дня. Для гэтага патрэбны былі не толькі глыбокія і разнастайныя веды, але і творчая інтуіцыя. Патрэбен быў вялікі талент.
- Неўзабаве раман быў перакладзены Валянцінай Шчадрыной на рускую мову і двойчы выдадзены ў Маскве. Да яго аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але і міжнароднае прызнанне. Аналізуючы раман у артыкуле пад нязвычнай для нас назвай, якая павінна была "справакаваць" польскіх перакладчыкаў, - "Польска-беларуская эпапея Караткевіча", Фелікс Фарнальчык пісаў у кракаўскім штотыднёвіку "Жыце Літэрацке" 2 чэрвеня 1974 года: "Каласы пад сярпом тваім" - гэта адзін з самых амбітных гістарычных раманаў нашых усходніх суседзяў, асабліва важкі для нас, калі ўлічыць месца, якое ў ім займаюць польскія справы напярэдадні студзеньскага паўстання 1863 года. Нездарма Уладзіміра Караткевіча называюць "беларускім Сянкевічам", бо гэтую дылогію Караткевіча можна параўнаць з "Трылогіяй", як і з "Панам Тадэвушам", і з "Ганнай Карэнінай", і з іншымі гэтага роду вялікімі эпічнымі панарамамі".
- Прымаючы пад увагу поспех, няхай і запознены, "Каласоў…", Караткевічу пісаць ды пісаць новыя гістарычныя раманы. Але ён на нейкі час, відаць, стомлены змаганнем за "Каласы…", адышоў ад прозы, амаль цалкам аддаўся кінематографу. У шасцідзесятыя гады з-пад яго пяра выйшлі сцэнарыі многіх мастацкіх і дакументальных фільмаў. Адны з іх - "Памяць", "Будзь шчаслівай, рака…", "Сведкі вечнасці" - шчасліва выйшлі на экраны. Другія - "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - леглі на паліцы. Трэція - "Расказы з каталажкі", заснаваныя на магілёўскіх анекдотах - увогуле не здымаліся, адхіляліся ў Мінску або Маскве. Было яшчэ некалькі кароткаметражак, якія адымалі многа часу і нерваў, але не давалі сцэнарысту нават маральнай сатысфакцыі, нават патыражнага ганарару.
- - Навошта табе ўсе гэтыя скандальныя сітуацыі, пaданне на калені ў імя нейкага эпізода?! - упікалі мы Валодзю. - Пішы найперш гістарычную прозу. Захочуць - экранізуюць.
- - Ні чорта вы не шупіце ў кіно! - злаваў Караткевіч. - Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць. Вось выйдзе мой "Хрыстос" - тады ўзрыдаеце ад зайздрасці! - і, прымружваючы разнаколерныя вочы, выкладваў апошні козыр: - Не забывайце, панове, што я канчаў сцэнарныя курсы. Навошта дзяржава мяне вучыла?!
- Здымкі "Хрыста" праходзілі ў 1967 годзе, якраз тады, калі вырашаўся лёс кніжнага выдання "Каласоў…", і дужа адцягвалі Караткевіча ад работы з выдавецкім рэдактарам. Праходзілі яны пераважна на ўзбярэжжы Чорнага мора, у Сімеізе, і аўтар сцэнарыя некалькі разоў лятаў туды, каб уносіць у яго бясконцыя змены. Памятаецца, 18 верасня ён вярнуўся з Крыма і прама з аэрапорта, нагружаны рукзакамі, стомлены, загарэлы, разам з артыстам Уладзімірам Паначэўным і аднакурсніцай з Кіева Рэгінай прыехаў на пяцідзесяцігоддзе Вячаслава Зайцава, на яго напаўхаласцяцкую кватэру. Быў пахмурны: прапанавалі змяніць назву фільма на "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка", выкідвалі ўсю "філасофію", увесь здаровы сэнс.
- - Вечна ім здаецца, што мой Хрыстос нешта не тое гаворыць, - скардзіўся. - Занадта сучасны.
- Акрамя таго, на здымках Караткевіч згубіў частку вершаў з крымскага цыкла.
- - Суцэльная трагедыя! - бурчэў, гуляючы з кацянём, якое невядома адкуль ("ці не з космасу?") прыбілася з акальцаванай лапкай. - Уявіце сабе, што Міцкевіч згубіў "Крымскія санеты"! Тая ж непапраўная страта!
- Потым аказалася, што не ўсё згублена. Некалькі вершаў знайшлося ў адной з кішэняў рукзака. І Валодзя, супакоіўшыся, прачытаў нам адзін - пра Чуфут-Кале. Потым - пераклад з Лоркі.
- - Хацеў жыць, калі яго вялі расстрэльваць, - успамінаў недзе вычытанае пра іспанскага паэта-змагара. - Чапляўся за крыло аўтамашыны. Во быў хлопец! - І потым пра Лорку і Мачада: - Калі бог захоча пакараць краіну, ён дае ёй дзесяць цудоўных паэтаў, а потым адбірае іх.
- Гаспадар паказваў нам нейкі італьянскі здымак Месяца, на якім нібыта віднеліся чалавечыя сілуэты. Але яны былі настолькі цьмяныя, што Караткевіч не стрываў:
- - З такім жа поспехам я магу заявіць, што гэта сапсаваны кадр з майго "Хрыста", - і зноў пра фільм: - Ой, рэжуць, бязбожна рэжуць прама па-жывому. Адно "піф-паф" застаецца. З філасофскай трагедыі - баявік.
- Нарэшце "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" было закончана. На кінастудыі, а затым у Саюзе пісьменнікаў БССР адбыліся прагляды. І мы пераканаліся, што Караткевіч шмат у чым меў рацыю. Сапраўды, як намякаў мне ў інтэрв'ю сам аўтар сцэнарыя, перамогу над Тылем Уленшпігелем у фільме атрымаў Лама Гудзак. Кудысьці зніклі філасофскія разважанні аб сэнсе гісторыі, чалавечага быцця. І галоўнае, у фінале не аказалася самога "ўзнясення" - узыходжання "Хрыста" на Галгофу, яго распяцця ў поўнай адзіноце, - калі ўсе апосталы яго баязліва пакідаюць, а ля крыжа застаецца адзін Іуда.
- - Разумееце, - растлумачыў нам праз дваццаць год, на паўторнай "прэм'еры" фільма ў Доме кіно, рэжысёр фільма В. Бычкоў. - Камусьці ўбачыўся тут намёк на Хрушчова, якога таксама пакінулі ўсе верныя паплечнікі. І хаця аналогія была абсурдная, давялося канцоўку скараціць.
- Аднак і ў такім, скалечаным, выглядзе фільм глядзеўся. Добра ігралі акцёры (асабліва Данатас Баніёніс). Хораша паказаў свае здольнасці сам сцэнарыст - ён іграў дзве эпізадычныя, але яркія ролі (ксяндза і татарына), за кадрам спяваў старадаўні гімн. Радавалі масавыя сцэны, аператарская работа. І галоўнае, у фільме заставаўся нацыянальны каларыт, беларуская гісторыя. Гэта, мусіць, і палохала тагачасных чыноўнікаў ад кіно. І яны прынялі саламонава рашэнне: адзіны экземпляр - пакласці на паліцу. Праўда, Караткевічу ўдалося выкрасці нейкую няпоўную копію, і ён трымаў яе "да лепшых часоў".
- Сёння, калі глядзіш на тыя гады з пэўнай аддаленасці, разумееш, што забарона фільма "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" была не выпадковай, а заканамернай. Сваёй "несіметрычнасцю", выключнасцю героя і абставін, адмаўленнем усяго афіцыйнага і кананічнага, урэшце, метафарычнасцю, дзёрзкасцю, гарэзлівасцю ён выбіваўся з застойнай атмасферы, пярэчыў ёй. Зрэшты, такі ж лёс напаткаў тады многія лепшыя кінастужкі.
- У адным са сваіх выступленняў Васіль Быкаў сказаў, што Уладзіміру Караткевічу было пры жыцці недададзена ўвагі. Гэтыя агульныя словы патрабуюць канкрэтызацыі: калі было недададзена, па чыёй віне, чаго (бо чытацкую ўвагу і любоў ён меў заўсёды, а пад канец гадоў сямідзесятых з'явілася і ўвага органаў улады). Мне ўяўляецца, што самым цяжкім перыядам у жыцці Караткевіча былі другая палова шасцідзесятых - пачатак сямідзесятых гадоў, калі аўтар "Каласоў…" сапраўды хадзіў у "чорным целе", калі ў кожным яго радку шукалі крамолу. І віна за цікаванне пісьменніка ў вялікай ступені кладзецца, сёння трэба прама сказаць, на тагачаснага сакратара ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі С. А. Пілатовіча. Гэта ён быў супраць выдання "Каласоў..." асобнай кніжкай. Гэта па яго ўказанні ў "Літаратуры і мастацтве" быў дадзены "адпор" цудоўнаму эсэ "Званы ў прадоннях азёр". Прозвішча Караткевіча ўпаміналася ў розных афіцыйных выступленнях як жупел ідэйнай заганнасці, ледзь не варожасці. Даведаўшыся пра яшчэ адно з такіх выступленняў, пісьменнік толькі цяжка ўздыхаў. У крайнім выпадку прарочыў:
- - Хто мяне крыўдзіць - дрэнна скончыць.
- У тыя застойныя гады Уладзімір Караткевіч не быў выключэннем. Цяжка даводзілася Васілю Быкаву, Івану Мележу, Янку Брылю, Андрэю Макаёнку, многім з маладзейшых. Спробы мысліць неартадаксальна, недагматычна заканчваліся "арганізацыйнымі вывадамі" (памятаю, як у АН БССР бэсцілі аспіранта А. Дабравольскага, які на сустрэчы з мастакамі асмеліўся сказаць аб незавершанасці нашай рэвалюцыі, разлажэнні сярод кіраўніцтва).
- Праявы патрыятызму, нават нясмелыя, расцэньваліся як нацыяналізм. Ва універсітэце пачаліся ганенні на групу студэнтаў на чале з А. Разанавым і В. Ярацам, якія адправілі ў інстанцыі ліст з прапановай, каб хаця на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры ўсе лекцыі чыталіся па-беларуску (рэктар чамусьці палічыў гэта… "великодержавным шовинизмом"). Затым хваля звальненняў пракацілася па Акадэміі навук (зрэшты, некаторыя са звольненых паводзілі сябе не лепшым чынам - пасля ўсяго Караткевіч перастаў з імі вітацца). У самы апошні момант была адменена навуковая канферэнцыя па этнагенезу беларусаў. Нацыяналізмам была абвешчана спроба ўвесці ў БелСЭ слова "сысуны" замест слова "млекакормячыя". У спецфондзе акадэмічнай бібліятэкі нехта Лазарчык хаваў у сябе нават "Вянок" Багдановіча, нават віленскія выданні Купалы і Коласа. З аднаго мовазнаўчага выдання знялі супервокладку толькі таму, што на ёй была цытата з Лаўрэнція Зізанія. Юльяну Пшыркову на высокай нарадзе інкрымінавалі тое, што ён спасылаецца на "буржуазнага нацыяналіста" Максіма Гарэцкага, а Генадзя Каханоўскага звольнілі з пасады дырэктара Маладзечанскага музея таму, што ён гаварыў з экскурсантамі на беларускай мове.
- Дайшло да абсурду: калі ў 1967 годзе адзначалася 900-годдзе Мінска, адзіным чалавекам, хто на ўрачыстым пасяджэнні ў Палацы спорту сказаў некалькі слоў па-беларуску, быў… мэр горада Вільнюса.
- Сёння многія з прыведзеных фактаў гучаць анекдатычна. Але ў той час было не да смеху. Сітуацыя часам здавалася безнадзейнай. Караткевіч гучна абураўся пералічанымі вышэй фактамі (я прывёў толькі тыя, што, памятаю, болем адбіліся ў яго свядомасці), абяцаў, што гісторыя кожнаму "дураксу" адмерае заслужанае пры жыцці, часам змрочна маўчаў. Свайго непрыняцця застою, сваёй нянавісці да яго носьбітаў ён не хаваў, выказваў з трыбуны, у рэпліках з залы. І яму, зразумела, плацілі тым жа. Побач з Васілём Быкавым Уладзімір Караткевіч успрымаўся тады ў Беларусі як галоўная асоба ў супрацьстаянні кансерватыўным колам, як найбольш небяспечны "парушальнік спакою". І хмары над ім не раз чорна згушчаліся. Але заўсёды знаходзіліся людзі - Іван Мележ, Янка Брыль, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пятро Глебка, некаторыя асобы ў дырэктыўных органах, - якія заступаліся за ягоны талент. Не раз яго ратавала тое, што ён нідзе службова не працаваў (не хадзіў у "дэпартамент", жыў "тунеядцам"). І нават да прафсаюза, здаецца, не належаў. Паспрабуй прыцісні такога…
- Трэба, аднак, падкрэсліць, што свайго непрыняцця застою, непрыняцця канкрэтных асоб Караткевіч ніколі не пераносіў на нашу сістэму, на сацыялізм увогуле. Ён, помню, не раз хваліў ленінскі перыяд у яго будаўніцтве, захапляўся рабочымі Магнітагорска, дзе пабываў з групай пісьменнікаў. Святымі для яго былі подзвігі ў Айчынную вайну, пасляваеннае аднаўленне. Ухвальна гаварыў пра першыя крокі Хрушчова. Але калі выступаў Брэжнеў, змаўкаў, выключаў "тэлік". Калі гаворка захадзіла пра Беларусь, расказваў прытчу, што вось бог, ствараючы нашу зямлю, даў ёй усё добрае: плодныя землі, звярыныя лясы, рыбныя рэкі, умераны клімат, але потым, спахапіўшыся, рашыў іх ураўнаважыць ("каб не задаваліся, не пселі ў бяздзейнасці") і дадаў самае дурное начальства. Праўда, калі беларусы заслужаць на гэта, бог злітуецца і заменіць яго на лепшае…
- Барацьба Уладзіміра Караткевіча з застойнымі парадкамі найбольш выразна выяўлялася ў яго барацьбе за беларускую мову, за нацыянальную гісторыю і зберажэнне прыроды. Ён бачыў арганічную еднасць паміж гэтымі вонкава рознымі праблемамі: калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, то ён становіцца перакаці-полем, якому ўсё роўна, што гіне: культура, памяць ці зямля.
- У стаўленні да мовы, як мне ўяўляецца, Караткевіч быў сапраўдным інтэрнацыяналістам. Ён часта, ахвотна і без акцэнту ( у тым ліку і дома, з маці) гаварыў па-руску. Ён дасканала ведаў украінскую мову, якую выкладаў на Кіеўшчыне. Многія радкі яго "Каласоў…" напісаны па-французску. У Польшчы ён спрабаваў гаварыць па-польску, у Славакіі - па-славацку. У Вільнюсе на ляту лавіў літоўскія словы (чамусьці асабліва спадабалася яму "драбужай" - "адзенне") і спяваў літоўскія песні. Увогуле лічыў, што чым больш моў чалавек ведае, тым ён багацейшы, што няма моў добрых і дрэнных, а ёсць толькі развітыя і няразвітыя. Але найперш кожны павінен ведаць, любіць, бараніць родную мову. Словы М. С. Хрушчова, што неўзабаве, гадоў гэтак праз дваццаць, усе мовы ў нас зліюцца ў адну, здавалася яму абсурдам ("хіба можа быць луг толькі з рамонкаў?"). А дазвол бацькам у Беларусі самім рашаць, ці вывучаць іх дзецям родную мову, - адступленнем ад ленінскіх нацыянальных прынцыпаў.
- Памятаю, як горача, страсна абараняў Караткевіч беларускую мову, спрачаючыся ў сакавіку 1966 года ў маім інтэрнацкім пакоі з драматургам Анатолем Галіевым (яны разам рабілі нейкі фільм). Пачалося ўсё з моднага тады супастаўлення "фізікаў" і "лірыкаў". Потым Галіеў стаў даказваць, што "нацыянальныя" крытэрыі ўжо аджылі сваё і павінны ўступіць месца "тэхнакратычным" поглядам. Таму Валодзя не мае, маўляў, рацыі, трымаючыся беларускай мовы, беднай, недалікатнай. Калі б стаў пісаць па-руску, то меў бы і славу, і ганарары. Караткевіч злаваўся, абвяргаючы апанента, чытаў вершы Багдановіча. Спрабаваў - Гаруна.
- - Каму ўсё гэта трэба! - перапыняў яго Галіеў. - Можа, вось ім? -паказваў на майго сына і яго сваяка з вёскі.
- Нечакана на бок больш далёкага госця стала і мая нябожчыца маці: так, беларуска мова нейкая "некультурная"… І тут Валодзя першы раз на маіх вачах заплакаў:
- - Усе вы нават не ведаеце, якую страшную рэч кажаце.
- Адносіны Караткевіча да нацыянальнай гісторыі былі заўсёды паслядоўныя: яна багатая і "нармалёвая", толькі мала вывучаная, раздадзеная намі ж суседзям. Наша мінулае нельга маляваць толькі адной фарбай - белай або чорнай, бо былі ў ім і прымус, і жорсткасць, і здрада, але былі і светлыя праявы. Без іх проста немагчыма народнае жыццё. Караткевіча страшэнна абурала, калі хтосьці сцвярджаў, што раней у беларусаў, апрача каўтуна і лапцей, нічога не было. І каб даказаць адваротнае, не раз ездзіў у экспедыцыі з навукоўцамі, якія рыхтавалі шматтомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Разглядаў яго выданне ("толькі поўнае") як сваю кроўную справу і нават напісаў частку прадмовы да макета па Брэсцкай вобласці.
- Уладзімір Караткевіч быў першы, хто ў Беларусі стаў біць трывогу, прадбачачы экалагічныя крызісы. Добра ведаючы нашы лясы і рэкі, ён заклікаў да іх разумнага, гаспадарскага выкарыстання. Напісаў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", дзе даказаў, што меліярацыя на Палессі вядзецца па-варварску, толькі як асушэнне. У выніку на месцы балот з'явіліся пяскі, пачаліся чорныя буры, да горшага змяніўся клімат, зніклі многія расліны, звяры і птушкі. Як ужо гаварылася, эсэ Караткевіча выклікала рэзкую крытыку ў друку. Выступаючы ў лютым 1970 года перад камсамольцамі АН БССР, С. А. Пілатовіч абвінаваціў аўтара ў тым, што ён, маўляў, не ўбачыў на Палессі нічога новага, хоча з палешукоў стварыць нейкую "рэзервацыю". Але пісьменнік стаяў на сваім: многія экалагічныя ідэі, выказаныя ў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", ён паўтарыў у кнізе-нарысе "Зямля пад белымі крыламі", выдадзенай спачатку па-ўкраінску, а потым на беларускай і іншых мовах, - у артыкулах, напісаных па заказах рэспубліканскіх часопісаў і газет. Абараняў прыроду і непасрэдна, кулакамі: аднойчы пусціў іх у ход, калі пабачыў, што вялікаўзроставыя бамбізы падфутбольваюць маладога верабейчыка.
- У сваім змаганні "за праўду" Караткевіч увогуле быў паслядоўны і бескампрамісны. Асабліва калі гэта датычылася не яго самога, а іншых. Неяк у 1973 годзе "Літаратура і мастацтва" змясціла абразлівую рэпліку Я. Герцовіча, скіраваную супраць празаіка Яўгена Васілёнка. Той расхваляваўся да інфаркту і неўзабаве памёр. На пахаванні Караткевіч падышоў да рэдактара газеты Хведара Жычкі і ледзь не даў яму аплявуху. Прысутныя далучыліся да асуджэння. І Жычка адышоў, апусціўшы галаву. У тыя гады "Літаратура і мастацтва" згубіла ранейшыя добрыя традыцыі, стала казённа шэрай. І гэта турбавала Караткевіча. На пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у чэрвені 1974 года, у час прыняцця рэзалюцыі, ён перапыніў старшыню рэплікай:
- - Калі пры Пашкевічу "ЛіМ" быў проста цікавы, калі пры Прокшу яго можна было часам чытаць, то цяпер, пры Жычку, чытаць яго проста немагчыма! Да якога часу будзем цярпець?! - і яшчэ нешта пра Васілёнка, сумленнасць.
- Старшыня абарваў яго:
- - Не перашкаджайце працаваць.
- На гэта Валодзя:
- - Гэта ён, Хведар Жычка, перашкаджае ўсім нам працаваць!
- Аднак прынцыповасць Караткевіча не мела нічога агульнага з максімалісцкай упартасцю, якую ён лічыў "уделом туполобых". Там, дзе гэта не датычылася асноўных жыццёвых і творчых прынцыпаў, ён ішоў на дыпламатычныя ўступкі. У маіх нататках ёсць такі запіс. 25 студзеня 1970 года нечакана да Валодзі ўвалілася цэлая група "кіношнікаў": сімпатычны і таленавіты аператар Анатоль Забалоцкі, любімы ў гэтай кватэры, драматург Фёдар Конеў, яшчэ колькі асоб. Быў сярод іх і "максімаліст" Уладзік у скураных портках і тоўстым ваўняным світэры. Ён адразу накінуўся на гаспадара: чаму ён дазволіў рэжысёру змяніць, па патрабаванні начальства, адзін з эпізодаў у "Хрысце":
- - Я б трымаўся да канца!
- - А колькі табе год? - спытаў Караткевіч.
- - З трыццаць дзевятага.
- - О, то тады не пабачыў, не спазнаў бяды… А што загадаеш рабіць, калі людзі на здымках у роспачы, калі зноў прастой, а значыць, і зарплаты няма…
- Юнак не здаваўся. Паказваў сваю дасведчанасць у сучасным заходнім кіно, у французскім жывапісе. Але Валодзя зноў абсек яго:
- - Дарэчы, у слове Монпарнас чацвёртая літара "т" не вымаўляецца. Пара б ведаць! - і бачачы збянтэжанасць хлопца: - Вось бачыш… Так што давай не задзірацца.
- Караткевіч не любіў агульных гучных слоў, балбатні і цаніў канкрэтныя справы. Неяк мы разгаварыліся з ім пра сітуацыю з беларускай мовай. Я расказаў яму пра свой ліст на імя тагачаснага Міністра асветы БССР Рыгора Якаўлевіча Кісялёва (ён прыняў мяне, і паміж намі адбылася канструктыўная на той час размова), і Валодзя нечакана ўспомніў вялізныя статуі на востраве Вялікадня (вычытаў пра іх у сваім любімым часопісе "Вокруг света"):
- - Разумееш, стары, вучоныя рашылі высветліць, а як жа іх, такія аграмадзіны, ставілі старчаком далёкія продкі, якія шчэ не ведалі розных там пад'ёмных кранаў. Паспрабавалі ўзнімаць рыўком - нічога не выйшла: рваліся тоўстыя тросы, статуі пaдалі ніцма. Нарэшце здагадаліся: тыя падкладвалі пад галаву і спіну плоскія каменні. Так і нам трэба…
- І калі ў прысутнасці Караткевіча заводзілі размовы, як бы "рыўком" змяніць усё тое, што сёння называецца застоем, Караткевіч злаваў, лічачы гэта правакацыйнай дэмагогіяй, што толькі шкодзіць справе. Памятаецца, калі ў 1970 годзе адзначалася Валодзевых "сорак", назаўтра, каб "паправіць галовы", прыйшоў Сцяпан Міско з нейкім матэматыкам. Апошні пачаў бесцырымонна выкладаць розныя нерэальныя планы. Караткевіч пахмурна перапыніў яго:
- - У маім доме пра палітыку, такую палітыку, не гавораць! Зарубі гэта, хлопча, на носе!
- - Што ж рабіць? Цярпець?
- - Дзела рабіць! Сілы збіраць! Розум назапашваць! Каб вытрываць.
- І Валодзя трываў, дапамагаў сваім словам і прыкладам вытрываць іншым. Праўда, не раз паддаваўся дэпрэсіі, не раз (што ўтойваць) змрочна (як сказаў Адамовіч, "з ідэяй") пачынаў піць. Але знаходзіў сілы, каб перамагчы сябе, зноў вярнуцца за пісьмовы стол, зноў быць вясёлым і дасціпным.
- Зрэшты, тагачаснае быццё, як і жыццё наогул, не складалася толькі з адных маральных пакут. Яно было, па словах Караткевіча, паласатае, як зебра: паласа цёмная, паласа светлая. Згадваецца некалькі такіх "светлых палос" другой паловы шасцідзесятых гадоў. У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач - Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім - Камсамольскае возера. Перажываў, што я застаюся ў інтэрнаце.
- - Нічога, стары, - суцяшаў, выйшаўшы на балкон. І тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: - Во добра было б, каб табе далі вось там.
- Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў "за адным заходам" купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы:
- - Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць бедзе недалёка, пабачыш.
- І якое ж было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, "пераміргваліся" настольнымі лямпамі. Тады ж у мяне і здарылася "рыначная" сцэна, апісаная потым у рамане "Чорны замак Альшанскі".
- Аднойчы раніцай, на самым пярэдадні Кастрычніцкіх свят 1967 года, Караткевіч прыбег да мяне ўзбуджаны:
- - Разумееш, стары, я, здаецца, жанюся!
- - І хто ж тая, што нарэшце цалкам запаланіла тваё сэрца?
- - З Брэста. Валя. Валянціна Браніславаўна. Разумная жанчына. Гісторык, дакладней, археолаг, і дысертацыю абараніла.
- І ён расказаў нам такую гісторыю. Уладзімір Калеснік запрасіў яго ў Брэст на чытацкую канферэнцыю па рамане "Каласы пад сярпом тваім". Разам са студэнтамі свайго курса, як куратар, прыйшла туды і Валянціна Браніславаўна. Канферэнцыя не дужа цікавіла яе, і яна, адседжваючы "мерапрыемства", чытала нейкі польскі дэтэктыў (дэтэктывы былі яе слабасцю). І калі ў прафесарскай Уладзімір Калеснік пазнаёміў іх, яна спытала:
- - А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?
- - Які, да прыкладу? - Валодзя сам страшэнна любіў добрыя дэтэктывы. Як і фантастыку.
- - Ну, хяця б такі, як "Дзікае паляванне караля Стаха"… - аказваецца, Валянціна Браніславаўна неяк чытала ў цягніку часопіс з гэтай аповесцю, але не звярнула ўвагу, хто яе аўтар.
- - Га-га! Тры: га! - разрагатаўся Валодзя. - Дык гэта ж я напісаў "Стаха"!
- Валянціне Браніславаўне стала ніякавата, і яна прапанавала:
- - Тады пайшлі піць каву…
- Валодзя расказваў усё гэта з гумарам і, здаецца, быў задаволены.
- - Дык што ж тады цябе бянтэжыць? - не стрывала мая Марыя.
- - Разумееце, старыя, я запрасіў яе на свята да сябе і толькі ў цягніку ўспомніў, што мы ўсе запрошаны ў Ракаў, на вяселле Рагойшавага Славы.
- - То вазьмі і яе з сабой.
- - А выпадае?
- - Чаму ж…
- Вяселле маладога беларускага літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы з украінкай Таццянай Кабржыцкай, таксама філолагам, усе мы дружна найменавалі "вяселлем веку". З Львова прыехалі бацькі маладой - урач і заслужаны артыст. З Мінска - Міхась Ларчанка, Алег Лойка, Язэп Семяжон, Фёдар Янкоўскі. Захоўваліся многія старыя абрады, у тым ліку і выкраданне нявесты, дзяльба караваю. Спяваліся беларускія, украінскія, рускія, польскія песні. Уладзімір Караткевіч жвава вытанцоўваў полечку з Валянцінай Нікіцінай і ўвогуле быў завадатарам усялякіх "хохмаў". Аднак яго сяброўка прыйшлася не даспадобы некаторым маладзейшым "максімалістам":
- - Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара, - заявілі яны за сталом, прама ў вочы.
- Пачаліся жаночыя слёзы. Караткевіч вымушаны быў вярнуцца ў Мінск. А мы пачалі сарамаціць нявыхаваных хлопцаў:
- - Толку, што вы гаворыце!
- Да гонару Валянціны Браніславаўны трэба сказаць, што яна, жанчына рашучая, настойлівая і, як пісаў пра яе А. Ліс, "з запасам цярплівасці", неўзабаве стала гаварыць па-беларуску лепей, чым тыя, хто яе папракаў. Больш таго, аказалася, што яна апантаней аддадзена беларускай культуры, чым іншыя аматары гучных слоў. Тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна Караткевіч для падрыхтоўкі "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", для таго, каб ён ішоў "без купюр", можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя. Аўтарытэт яе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзе яна працавала, і ўвогуле ў навуковых колах быў высокі.
- А пакуль што Валянціна Браніславаўна працягвала жыць у Брэсце, чытаць там лекцыі па гісторыі КПСС. Даволі часта прыязджала ў Мінск, узважвала розныя варыянты абмену кватэры, шукала новую работу. Нарэшце 18 лютага 1971 года, роўна ў 110 гадавіну адмены прыгоннага права, адбыўся іх шлюб.
- - Сялян вызвалілі, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалі путамі Гіменея, - жартаваў Валодзя, ідучы ў загс, размешчаны ў суседнім доме. Сведкамі маладых былі гісторык мастацтва Людміла Лапцэвіч і я. Работніца загса аказалася родам з Оршы, свайго земляка ведала па творах - і таму віншавала маладажонаў вельмі сардэчна.
- Па розных прычынах аб дакладнай даце шлюбу Караткевічы асабліва нікому не казалі. За сталом сядзелі толькі сваякі і бліжэйшыя сябры: Надзея Васільеўна (нявестку яна дужа ўпадабала), яе кіеўская сястра з мужам, Грынчыкі (Мікола Грынчык звязаў маладых поясам "на ўсё жыццё"), Рагойшы, Лапцэвічы, Мікола Прашковіч, тэатразнавец Іза Гатоўчыц, гісторык архітэктуры Юра Якімовіч, яшчэ хтосьці. Валодзя быў узбуджана-прасветлены, задаволены, што нарэшце прыняў рашэнне. Шкадаваў, што няма многіх сяброў, асабліва Барадуліных.
- - Нічога, разжывуся грашыма - тады зробім бэнц для ўсіх.
- Але, не чакаючы бэнца, Рыгор Барадулін з'явіўся назаўтра. І не адзін, а з паэтам і кінасцэнарыстам Юрыем Лакербаем. Апошні ўзнімаў дасціпныя "кароткія" тосты, расказваў пра сваю родную Абхазію. І Валодзя жартаўліва, патрапляючы яму ў тон, знаходзіў многа агульнага ў лёсах Абхазіі і Беларусі.
- Абяцаны бэнц адбыўся 27 сакавіка. На ім прысутнічалі Рагойшы, Лапуці, Пушкіны, Алеся Ігнатаўна Смоліч, удава вядомага беларускага географа. З'явіўся і Сцяпан Міско, хаця Валянціна Браніславаўна не ўхваляла многія яго выхадкі. Я трапіў на баль "з карабля" - з Днепрапятроўска, дзе тады адбываліся Дні культуры савецкіх народаў. Прывёз адтуль маладым вялізны ўкраінскі каравай.
- З прыходам у дом Валянціны Браніславаўны ў многім змяніўся ўклад Валодзевага жыцця. Нягледзячы на сваю навуковую занятасць, яна ўзяла на сябе многія бытавыя клопаты. Перасталі наведвацца некаторыя знаёмыя з "халасцяцкімі" звычкамі. Іх месца занялі калегі па рабоце Валянціны Браніславаўны. Пасля пераезду з Вільнюса ў Караткевічаў сталі часта бываць Кісялёвы. Пасля вяртання з Урала - сястра Валодзі, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, яе муж Іван Мікалаевіч і дочкі. Неўзабаве Валянціна Браніславаўна абмяняла сваю брэсцкую кватэру на пакой у Мінску, а затым двухпакаёвую кватэру Валодзі і свой пакой - на трохпакаёвую кватэру з высокай столлю ў доме 36 па вуліцы Карла Маркса (наўскасяк ад тэатра імя Янкі Купалы). Там нарэшце ў пісьменніка з'явіўся асобны кабінет для работы. Ажаніўшыся, Караткевіч стаў часцей адпачываць - у сваім любімым Кактэбелі, а таксама ў Гаграх, Дубултах. Хоць і ўсялякае бывала ў жыцці, Караткевіч быў удзячны жонцы за яе паўсядзённыя клопаты.
- - Шматпакутніца яна, - сказаў Валодзя ў сваім тосце, калі адзначалася саракагоддзе Валянціны Браніславаўны. - Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, - удвая.
- - Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, - парыравала Валянціна Браніславаўна.
- Былі ў тагачасным жыцці Уладзіміра Караткевіча і іншыя "светлыя палосы". 26 лютага 1971 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР прайшоў яго першы творчы вечар. На яго сабралася мноства народу - перад пачаткам нават перасталі пускаць жадаючых. Прыйшлі Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі, Мікалай Мікалаевіч Улашчык, Рыгор Раманавіч Шырма. Валодзя чытаў вершы, урыўкі з "Каласоў…", паказваў, каменціруючы, здымкі-слайды гістарычных помнікаў, пераважна запушчаных, разбураных. Атмасфера ў зале была цяжкаватая, яе ўзмацнялі "сябры", што прыйшлі на падпітку і кідалі рэплікі. І нават Аляксей Кулакоўскі, тагачасны сакратар пісьменніцкай партарганізацыі, разгублена выціраў пот.
- - Скажыце хоць, што гэта рэстаўравана, - кінуў ён віноўніку вечара, калі на экране з'явілася Полацкая Сафія.
- Пасля вечара сябры павялі Караткевічаў у рэстаран "Нёман", дзе якраз шумна гуляла нейкая кампанія цыганоў. Адзін з іх падышоў да Валянціны Браніславаўны і з нахабнай галантнасцю запрапанаваў:
- - Я дико извиняюсь, мадам. Разрешите предложить вам тур вальса с собой!
- - С такой же дикостью не разрешаю! Вы, сударь, имеете дело с человеком, который сотворил "Цыганского короля"! - адказаў за жонку Валодзя. І тут жа, нібы апраўдваючыся, дадаў нам: - Цыганы - яны вельмі розныя, - і пачаў расказваць, як гасцінна сустрэлі яго цыганы на Палессі ў час пахавання свайго "суддзі", які патануў, ратуючы беларускую дзяўчынку.
- З таго вечара словы "я дико извиняюсь" надоўга ўвайшлі ў лексікон Караткевічаў…
- Ну і, вядома ж, былі ў тыя часы і творчыя радасці. Караткевіч застаўся задаволены аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў", якія і сёння вельмі папулярныя, асабліва сярод моладзі. Першая з іх асобнай кніжкай выйшла раней у перакладзе на рускую мову (1969) і толькі затым - у арыгінале (1970). Часопісны варыянт рускага перакладу "Чазеніі", апублікаваны ў "Молодой гвардии", сабраў там ці не рэкордную колькасць чытацкіх водгукаў з усяго Савецкага Саюза. "Лісце каштанаў" увайшло ў зборнік "Вока тайфуна" (1974).
- "Чазенія" - гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе. Мы выразна бачым і горы, парослыя густымі лясамі, дзе побач з піхтамі і араліямі сустракаецца таямнічае дрэва, што дало назву аповесці, і крынічныя даліны з заблытанымі сцежкамі, на якіх можна сустрэць тыгра. У адной з такіх далін, Тыгравай Падзі, лёс звёў вучонага-атамшчыка Севярына Будрыса і біёлага Гражыну Арсайла. Здавалася б, яны створаны адзін для аднаго. Дык не! Севярын атрымаў значную дозу апраменьвання, яго эксперыменты тояць небяспеку для прыроды. Гражына ж, як будучая маці, сэрцам адчувае і прадчувае гэтую небяспеку. Яна кажа: "Я зямлю люблю, даліны, невысокія, зялёныя, вось такія, горы, цеплыню люблю. У ёй прыгажосць. І сапраўдная вышыня - у ёй. Чорта людзям у вышынях, на якіх нельга жыць… Якая страшная праца!" Таму, у рэшце рэшт, Гражына, шчыра кахаючы Севярына, усё ж пакідае яго.
- Як і папярэднія творы Караткевіча, "Чазенія" выклікала рэзкае непрыняцце Я. Герцовіча. У артыкуле "Шукаць у рэальным жыцці", надрукаваным у газеце "Літаратура і мастацтва" 25 чэрвеня 1971 года, ён абвінаваціў аўтара аповесці і ва ўтапічнасці, і ў ігнараванні навукова-тэхнічнага прагрэсу, ядзернай фізікі. Я. Герцовіч рашуча аспрэчваў палымянскую рэцэнзію С. Андраюка, які апраўдваў паводзіны герояў аповесці тым, што іх "мучаць страшэнныя прывіды атамнага выбуху". Аднак гісторыя даказала, што рацыю тут меў С. Андраюк. У наш час, калі мы вядзём паслядоўную барацьбу супраць татальнага знішчэння чалавека і прыроды, калі горкі ўрок нам выдаў Чарнобыль, разважанні Севярына і Гражыны гучаць надзвычай актуальна.
- Як страсны пратэст супраць вайны, яе непатрэбных ахвяр успрымаецца сёння таксама аповесць "Лісце каштанаў". Месца яе дзеяння - Кіеў 1944 года. Горад ужо вызвалены ад фашыстаў, але, зразумела, увесь ляжыць у руінах. Фронт адкаціўся кудысьці на захад, і туды ж, у бой, рвуцца героі аповесці - беларус Васілька Стасевіч, ад чыйго імя вядзецца апавяданне (у ім лёгка ўгадваецца сам аўтар), украінцы Багдан Цар і Раланд Дзмітрэнка, напалову малдаванка, а можа, крыху і цыганка Нонка Юніцкая, немец Карл Канецкі. Падлеткі па "чатырнаццаць-пятнаццаць-шаснаццаць год", яны не дагулялі ў сваім галодным дзяцінстве, у эвакуацыі, у партызанах, і цяпер адчайна гуляюць у вайну, выступаюць вуліца на вуліцу. Аднак іх бойкі ніколі не даходзілі да жорсткасці, да расправы: "Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл".
- І адначасова гэта галодная пара была шчаслівай парой маладосці. "Божа мой, - усклікае апавядальнік, - якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!" Менавіта ў такую пару прыходзіць першае каханне, якое героі сарамліва называюць "дружбай". Хваля гэтага светлага пачуцця захліснула і Васіля Стасевіча, Нонку Юніцкую. Яны акрылены вялікай і светлай марай. Ім хочацца жыць у праўдзе, у справядлівасці - і каб "ніводнай сволачы на свеце". Каб набудавалі новых гарадоў, у кожнага чалавека былі "тысячы кніг". І галоўнае, каб усюды быў мір - "ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін".
- Героі аповесці не толькі прагнуць шчаслівага мірнага жыцця. Яны гатовы за яго змагацца - уцячы на фронт або туды, дзе ловяць бандытаў. І не проста так, а з уласнай зброяй у руках. Дзеля гэтага яны пайшлі за горад, у глыбокі яр, і пачалі адкопваць кулямёты і вінтоўкі, кінутыя акупантамі. Нечакана рванулі затоеныя міны… Трое з падлеткаў назаўсёды засталіся спаць "у дняпроўскім пяску і ніколі ўжо не ўбачаць ні сонца, ні сіняй ракі, ні залатой лістоты каштанаў".
- Да тых жа, хто застаўся ў жывых, кожны раз, калі аблятае лісце каштанаў, вяртаецца пякучая памяць пра загубленыя рэхам вайны жыцці, пра "знявечанае юнацтва".
- Адначасова з аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў" Уладзімір Караткевіч напружана працаваў над сваім лепшым гістарычным раманам "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". У яго аснову была пакладзена аднайменная кінааповесць. Пасля таго як зняты па ёй фільм "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" безнадзейна, здавалася, назаўсёды лёг на паліцу, аўтар рашыў, што мае ўсе юрыдычныя і маральныя правы ператварыць сцэнарый у самастойны твор. І не памыліўся: талент пісьменніка заззяў у ім новымі і нават нечаканымі гранямі.
- Падзеі рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" адбываюцца год на трыста раней, чым у "Каласах пад сярпом тваім" - у далёкім XVI стогоддзі. Падзеі гэтыя нязвычныя, выключныя: у сярэдневяковай Гародні з'явіўся чалавек, Юрась Братчык, які па волі лёсу вымушаны быў выдаць сябе за Хрыста, а потым, увайшоўшы ў ролю, разам з дванаццаццю "апосталамі" вандраваў па Беларусі, усюды наводзіў справядлівыя парадкі. Ад багатых адбіраў ён харчы і грошы, дзяліў іх сярод бедных. Караў царкоўнікаў, магнатаў, гандляроў. Бараніў землякоў ад татарскага нашэсця. Выходзіў цэлым з самых небяспечных і неверагодных сітуацый. Тварыў "цуды".
- Галоўны герой рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - не толькі плод аўтарскай выдумкі. У "Хроніцы Белай Русі" Мацея Стрыйкоўскага ёсць некалькі радкоў пра тое, што пры каралі Жыгімонце І і на Гродзеншчыне знайшоўся самазванец, які "собе пріпісаў і прівлашчаў" імя Хрыста. Гэтых скупых звестак аказалася дастаткова, каб абудзіць фантазію пісьменніка. Адштурхнуўшыся ад хронікі Стрыйкоўскага, Караткевіч дадумаў тое, што магло быць з самазванцам. І дадумаў так вобразна і дакладна, напоўніў апавядальную плынь такімі канкрэтнымі рэаліямі, што мы бачым тыя далёкія падзеі, верым аўтару нават там, дзе ён расказвае неверагоднае. Ва ўсёй шматграннасці паўстае перад намі беларускае сярэдневякоўе з яго рэзкімі сацыяльнымі кантрастамі, барацьбой за ўладу, інквізіцыяй, засіллем схаластыкі, праз якую квола прабіваюцца парасткі Рэнесансу і гуманізму. Паміраюць ад голаду сяляне, а побач па дарозе цягнуцца вазы, гружаныя збожжам, якое па Нёмане будуць сплаўляць у Заходнюю Еўропу. Крамольным званам, што клічуць просты люд на барацьбу, вырываюць "языкі", самы ж большы звон хвошчуць бізунамі, уквэцанымі ў гнаі. Касцельны суд выносіць рашэнне выгнаць з горада ў дваццаць чатыры гадзіны ўсіх мышэй, і толькі цяжарным грызунням даецца месячная адтэрміноўка. У падзямеллях катуюць распаленым жалезам ерэтыкоў і ўяўных ведзьмаў. Трагічнае, жахлівае, пачварнае суседнічае з будзённым, смешным, ідылічным.
- Чытаючы раман, увесь час здзіўляешся шматграннасці таленту Уладзіміра Караткевіча, яго ўменню пераўвасабляцца. Стыль апавядання ўвесь час мяняецца: то ён па-летапіснаму бясстрасны, то становіцца ўзнёсла-трагічны, экзальтаваны, то шчымліва-сентыментальны, то гарэзліва-пацешны. А то раптам у тэкст уключаецца амаль навуковы, даследчыцкі каментарый. Кожны з дванаццаці апосталаў гаворыць сваёй, адметнай мовай, якая адпавядае яго паходжанню, яго сацыяльнай біяграфіі. Праўда, мова герояў часам празмерна (не ведаю, наўмысна ці міжвольна так атрымалася) асучаснена. З'яўляюцца фразы накшталт: "Па жаданні веруючых цуду не будзе". Або: "Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі".
- У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" выразна адчуваецца той жа Караткевіч, што і ў "Каласах пад сярпом тваім". Відаць тое ж характэрнае спалучэнне рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў, тая ж цікавасць да характараў яркіх і выключных, тое ж уменне захапіць чытача напружаным сюжэтам (і нават тыя ж недахопы: меладраматызм, "бесцялеснасць" жаночых вобразаў). Але з'яўляецца і прынцыпова новае. Польскі пісьменнік Тадэвуш Канвіцкі неяк сцвярджаў, што кожны аўтар "капае" пераважна з сябе, не можа выйсці за межы свайго асабістага вопыту, сваёй біяграфіі. І калі да Андрэя Грынкевіча і нават Алеся Загорскага гэтае выказванне ў многім стасуецца, то ў Юрасю Братчыку сам аўтар ужо амаль не адчуваецца. У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Караткевіч дасягнуў той ступені аб'ектывізацыі мастацкага пераўвасаблення, якая ўласціва лепшым гістарычным творам Г. Сянкевіча ці А. Ірасека.
- Народны заступнік і філосаф Юрась Братчык - сын сярэдневяковай эпохі, калі панавала рэлігійнае светаўспрыманне. Ён мысліць часта схаластычнымі катэгорыямі. Але адначасова ў ім адчуваецца і челавек Рэнесансу, дзесьці духоўна блізкі да Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага. Братчык думае не толькі пра часовае, але і пра вечнае, пра тое, што складае сэнс быцця ўсіх часоў і народаў. І таму многае ў ім блізкае і зразумелае нам, людзям зусім іншай эпохі. Нас прываблівае ў героі тое, што ён увесь час імкнецца да "ведання", пакутліва шукае сябе, сваё месца ў гістарычнай хадзе. Братчыку хочацца знайсці "зямлю праўды", дзе не будзе галодных і шыбеніц, хочацца бачыць у чалавеку чалавека. Герой Караткевіча безумоўна разумее, што "шчасце не з'явіцца прадчасна", што нельга "выскачыць" за межы сваёй эпохі. Аднак, тым не менш, ён змагаецца за набліжэнне гэтага далёкага, прывіднага яшчэ шчасця. Гуманістычныя погляды Братчыка асабліва поўна раскрываюцца ў яго размове-спрэчцы з Юстынам. "Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, - пераконвае лжэ-Хрыстос бургамістра Гародні. - Сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось - вера. А іншай няма. Іншая вера - ад нячыстага, ад сатаны".
- У рамане асабліва ўражвае сцэна, калі Братчыка вядуць на распяцце, на Галгофу. Вось дзе напружанасць дзеяння і - ніводнага лішняга слова! Такі ж - сон галоўнага героя, у якім вельмі па-караткевічаўску ўвасоблены сярэдневяковыя сялянскія мары аб роўнасці, справядлівасці і сытасці. У раі, што мроіцца Юрасю, усё так нагадвае зямлю: басаногі пастушок гоніць "па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма", увішна гаспадарыць дзева Марыя, дастае з-пад лавы "бусла" з гарэліцай сам бог Саваоф. Кожная вёска там - як пахучы букет. Палі ўсюды чыстыя, дагледжаныя - па іх можна ісці босаму і не пакалечыць ногі. "Зямля дымела ад сытасці і задавальнення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль - сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук…" Прачытаўшы апісанне гэтага сну, я зразумеў, чаму вядомы ленінградскі літаратуразнавец, член-карэспандэнт АН СССР Павел Навумавіч Беркаў, звычайна скупы на кампліменты, у адным з перадсмяротных лістоў параўнаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" з творам Франсуа Рабле.
- Франсуа Рабле, Шарль дэ Кастэр, Рамэн Ралан, Міхаіл Булгакаў… Безумоўна, гэтыя класікі сусветнай літаратуры былі светлымі настаўнікамі Уладзіміра Караткевіча ў час напісання рамана. І калі б вучань толькі паўтарыў іх на сваім, беларускім матэрыяле, то нават і тады яго праца варта была б ухвалення. Аднак вучань не дужа капіраваў настаўнікаў, пайшоў адметным ад іх шляхам. Яго Юрась Братчык блізкі, як гэта і падкрэліваў сам аўтар, да вечнага і шматпакутнага вандроўніка Тыля Уленшпігеля з аднайменнага рамана Шарля дэ Кастэра, але блізкі пераважна ў тыпалагічным плане - як сын адной і той жа эпохі, як народны заступнік, народны характар. Больш чым на чужыя ўзоры, Караткевіч арыентаваўся на сваё - на старыя летапісы, легенды, казкі. І яшчэ - творча выкарыстаў біблейскія матывы. У рамане ёсць і дванаццаць апосталаў, і грэшніца Магдалена, і пакутнік Лазар, і трыццаць сярэбранікаў Іуды. Аднак усё гэта пазбаўлена арэолу святасці (тыя ж трыццаць сярэбранікаў проста прапіваюць). Самыя разнастайныя крыніцы, выкарыстаныя пры напісанні гэтага твора, дзякуючы багатай фантазіі аўтара зліваюцца ў адно непадзельнае і непаўторнае цэлае.
- Адначасова з прозай пісаліся і вершы. Плённасць паэтычных пошукаў Уладзіміра Караткевіча выразна выявілася ў зборніку "Мая Іліяда" (1969). У ім багата твораў ("Беларуская песня", "Землятрус", "Здратаваныя магілы", "Маленне аб чашы", "Чорная балада Гаркушы", "Балада аб трыццаць першым сярэбраніку", "Трасцянец", "Таўры"), якія ўражваюць значнасцю вобразаў і абагульненняў, страснасцю пачуццяў. У вялікім цыкле вершаў "Таўрыда" апяваецца прыгажосць Крымскіх гор і стэпаў, велічны Карадаг, Чорнае мора, у якое Караткевіч любіў хадзіць з рыбакамі. Але часцей за ўсё паэт звяртаецца да роднай Беларусі, уваскрашае яе светлыя постаці ("Скарына пакідае радзіму", "Нявесце Каліноўскага", "Багдановічу"). Мінулае для яго неабходна, каб лепш асэнсаваць сучаснасць і будучыню, каб яскравей выказаць сыноўнія пачуцці да сваёй Айчыны. Патрыятызм Караткевіча страсны і дзейсны, асабліва ў "Беларускай песні":