УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ: ПРАЗ ГІСТОРЫЮ Ў СУЧАСНАСЦЬ
САЦЫЯЛЬНА-ФІЛАСОФСКАЯ НАКІРАВАНАСЦЬ ПАЭЗІІ У. КАРАТКЕВІЧА
- Так ужо атрымалася, што ўсім - і аматарам паэтычнай творчасці, і даследчыкам літаратуры, і проста чытачам - у якасці паэтычнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча засталіся чатыры паэтычныя зборнікі: "Матчына душа", "Вячэрнія ветразі", "Мая Іліяда", "Быў. Ёсць. Буду". Толькі чатыры... Нават з пункту гледжання фармальнага, колькаснага падыходу гэта да крыўднага мала.
- Праўда, тут ёсць адметная акалічнасць. Мастацкая культура - гэта тая галіна чалавечай дзейнасці, дзе не заўсёды колькасць пераходзіць у якасць. Вельмі часта тут бывае так, што ў адным мастацкім творы, адным паэтычным зборніку, у адной паэме ці баладзе, радзей - у адным вершы скандэнсаваны такія "колькасныя" ідэйныя, маральныя, эстэтычныя вартасці, якія дазваляюць ацаніць мастацкі твор па самай высокай якаснай шкале.
- На шчасце, так здарылася і з паэзіяй У. Караткевіча. Яго чатыры зборнікі - гэта сапраўдны літаратурны скарб, адметны набытак усёй беларускай літаратуры. Змешчаныя ў іх вершы, паэмы, балады, рамансы, прысвячэнні, песні, прытчы, оды, рэквіемы ў значнай меры кампенсуюць відавочны, на першы погляд, "колькасны" недахоп. На ўсім літаратурным шляху паэта - ад першага ў рэспубліканскім друку верша "Машэка" да ўжо пасмяротнага зборніка "Быў. Ёсць. Буду" - бадай што не было ніводнай рэцэнзіі, артыкула (дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што на пачатку творчага шляху У. Караткевіча быў выпадак, калі землякі, аршанскія журналісты, не змаглі адчуць і зразумець неардынарнасці падыходаў паэта да асэнсавання праблем сучаснага жыцця, яго разумення гістарычнага працэсу. Аўтара абвінавацілі ў пропаведзі меланхоліі, кашчунства, адсутнасці ў творах літаратурна-мастацкіх якасцей), дзе б не адзначаліся рамантычная ўзнёсласць, гуманізм, незвычайная (сімвалічная, нават гіпербалічная) вобразнасць, інтэлектуальнасць яго твораў. На наш погляд, сведчаннем паэтычнага майстэрства У. Караткевіча выступае і тая акалічнасць, што ўсе літаратурныя жанры, у якіх ён выступаў, наскрозь прасякнуты паэтычным пачаткам (аповесць "Чазенія" і літаратурныя эсэ "Блакіт і золата дня", напрыклад, многія даследчыкі называюць паэзіяй у прозе). Можна назваць шмат іншых ацэнак, эпітэтаў, але наўрад ці будуць знойдзены ўсе тыя словы, якія змогуць даць усебаковую, усеабдымную ацэнку паэтычнай спадчыны У. Караткевіча.
- У чым жа тут сакрэт? Што ўсё ж ляжыць у аснове высокага майстэрства паэта? Чаму аматары паэтычнага слова, аднойчы пазнаёміўшыся з яго творамі, назаўсёды заставаліся ў палоне "паэтычнай дзяржавы" У. Караткевіча?
- Адны з аўтараў (А. Сідарэвіч) лічаць, што галоўнае заключаецца ў духоўнай узнёсласці герояў, узнёсласці манеры апавядання, узнёсласці паэтычнага выказвання У. Караткевіча. Другія (Я. Брыль) тлумачаць караткевічаўскі паэтычны феномен "раскошнай раскаванасцю, буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях". Трэція (Я. Сіпакоў) - адданасцю, улюбёнасцю ў родную Беларусь - з аднаго боку, і гістарызмам мыслення - з другога. І яшчэ адзін пункт гледжання - А. Вераб'я - аўтара манаграфіі аб творчасці У. Караткевіча "Жывая повязь часоў". "Характэрнай асаблівасцю паэзіі У.Караткевіча - адзначае даследчык, - з'яўляецца яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Як і ў ранніх, так і ў пазнейшых яго вершах можна знайсці рэмінісцэнцыі, матывы, вобразы і нават ідэі прадстаўнікоў літаратуры і культуры самых розных часоў і народаў".
- Па-свойму разважае (праўда, як нам здаецца, тут больш філасофіі, чым прафесійнай ацэнкі, але пазнаёміцца з выказваннем цікава) прафесар Фл. Неўважны: "Я думаю, што ўсё-такі ёсць адзін - паэт Караткевіч. Хоць я аддаю перадувагу яго прозе. Чаму? Я вельмі сапсаваны чытач паэзіі і люблю паэзію з усякімі, як казалі раней, фармалістычнымі вывертамі, аб якіх, дарэчы, у свой час пісалася і ў дачыненні да Уладзіміра Караткевіча. Але я думаю, што ён і ў паэзіі, і ў прозе - паэт. Гэта адно. Па-другое, у паэзіі ён і рэаліст, і празаік таксама. Хаця, мабыць, гэта тычыцца ў асноўным не зборніка "Вячэрнія ветразі", тут нават назва кажа аб рамантычным характары, з апошняй кнігі "Быў. Ёсць. Буду". Там перапляценне прозы і паэзіі асабліва адчувальна".
- Не адмаўляючы ўжо напісанага, паспрабуем выказаць асабісты пункт гледжання на стрыжнявую, вызначальную аснову паэзіі У. Караткевіча. Яна, на наш погляд, заключаецца ў глыбокім спасціжэнні паэтам дыялектыкі ўсеагульнага і адзінкавага, непарыўнасці і ўзаемаабумоўленасці грамадства і асобы, агульначалавечага, інтэрнацыянальнага, роднага беларускага і асабістага, часта нават глыбока інтымнага. Дзякуючы спалучэнню з майстэрскім спасціжэннем гісторыі, прасторава-часавых параметраў жыцця і культуры розных эпох і народаў, а таксама выкарыстанню казачна прыгожай беларускай мовы, быў дасягнуты той узровень паэтычнага майстэрства, які зрабіў імя Уладзіміра Караткевіча добра вядомым не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі.
- Менавіта такі, па нашым разуменні, падыход вытлумачвае папулярнасць паэтычнай творчасці У. Караткевіча, робіць зразумелым заглыблены інтарэс паэта да буйнейшых падзей, што адбываюцца ў працэсе гістарычнага развіцця славянскіх народаў, асабліва беларускага, развіцця яго духоўнага, маральнага, мастацкага патэнцыялу. Успрымаючы гісторыю як аб'ектыўны працэс, у якім, аднак, ёсць месца выпадковасцям, нечаканасцям, рознага роду катаклізмам, У. Караткевіч менавіта ў ёй знаходзіў тыя першакаштоўнасці (матэрыяльныя і асабліва духоўныя), якія з'яўляюцца рухаючай сілай усіх перамен, асновай сучаснага грамадскага існавання і развіцця, фармавання гістарычнага мыслення народа. Адметна і тое, што паэтычнае даследаванне гістарычнага працэсу вядзецца з пераканаўчых навуковых пазіцый, нібы праходзячы ступень за ступенню - ад спасціжэння легендарна-фальклорнай спадчыны праз яе сінтэз з гісторыяй сярэднявечча да асэнсавання шматаблічнага сучаснага жыцця беларускага народа. Пры гэтым скразным матывам выступае ідэя пераемнасці пакаленняў, духоўнага адзінства народа. Аднак трэба заўважыць, што У. Караткевіч не капіруе з навуковай дакладнасцю гістарычныя падзеі і факты. Гістарычны працэс для яго цікавы ў тым плане, які ўплыў ён зрабіў на духоўнае жыццё народа, станаўленне яго гістарычнай памяці, яго грамадскай і нацыянальнай свядомасці.
- У. Караткевіч - далёкі ад ідэалізацыі сівой мінуўшчыны (праўда, пры яе асэнсаванні пераважае сказава-баладная форма і ўзнёсла-рамантычны стыль). Для яго асноўнае - праз духоўнае засваенне мінуўшчыны як мага паўней аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі жыцця беларусаў, даследаваць вытокі іх мастацкай свядомасці, калектывізму, патрыятызму, інтэрнацыяналізму, убачыць узаемаабумоўленасць сацыяльнага і нацыянальнага жыцця народа, прасачыць глыбінную сувязь мінулага з сённяшнімі праблемамі. Галоўнымі сферамі даследавання пры гэтым выступаюць тры ўзаемазвязаныя стыхіі - людзі, гісторыя і прырода. Бадай што не будзе перабольшаннем, калі выказацца наступным чынам: вызначаючы задачы і напрамак сваёй творчай дзейнасці, У. Караткевіч нібы падсвядома кіраваўся вядомым сцвярджэннем гісторыка В. Ключэўскага, які лічыў, што "кожны з нас павінен быць хоць трохі гісторыкам, каб стаць свядомым і добрасумленна дзейнічаючым грамадзянінам".
- Сам У. Караткевіч сваю цікаўнасць да гістарычнай тэматыкі тлумачыў так: "Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам". Кімсьці справядліва заўважана: "Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз". Гісторыя - метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы". Пазней гэтыя меркаванні ў "Запісных кніжках" сфармулююцца ў асабісты філасофска-творчы прынцып: "Для тых, хто адбірае гісторыю, адмаўляючы яе.
- Памяць - гэта веды (і на 90% веды аб тым, што і як было, гісторыя). Памяць без ведаў немагчымая, бо немагчымыя веды, веданне без памяці. Памяць плюс пабудаваная, заснаваная на ёй Свабода Волі, свабода асабістага выбару ёсць ўжо свядомасць, усведамленне. Памяць, гісторыя, веды, плюс Свабода Волі ёсць Свядомасць. Яшчэ прасцей: Памяць плюс Свабода Выбару ёсць Свядомасць. Як асабістая, так і грамадская.
- Гуляючы словам, можна сказаць, што, калі ў Свядомасці адняць Свабоду Выбару, застанецца памяць, гісторыя, у якой мы ўсё, многае разумеем, але ўжо нічога не можам змяніць". Заўважым, што ў творчасці паэта адбылося шчаслівае яднанне аб'ектыўнага запатрабавання мастацкага спасціжэння гісторыі Беларусі і асабістай схільнасці паэта да гэтай тэмы. Сваімі творамі на гістарычныя тэмы У. Караткевіч нібы суадносіць мінулае з сённяшнім, прасочвае непарыўную сувязь часоў, дае чытачу магчымасць адчуць гістарычны маштаб і гістарычную перспектыву.
- Паэтычнае выяўленне філасофскай канцэпцыі балад, паэм, вершаў У. Караткевіча мы знаходзім у многіх яго творах. Але сваё канцэнтраванае выражэнне яна знайшла перш за ўсё ў вершах "Быў. Ёсць. Буду", "Беларуская песня", "Дзяўчына пад дажджом", "Балада плахі", "Балада аб трыццаць першым сярэбраніку", "Пры смерці", "Апошняя песня Дантэ", "Песня колаў", у шэрагу вершаў з цыкла "Таўрыда" (паэтычны зборнік "Мая Іліяда"), у паэме "Бацькава сэрца", вершах "Баявыя вазы", "Трагедыі не знікнуць пры Камуне", "Гусі-лебедзі ў лугах зялёных", "Буслы вучаць дзяцей", "Балада аб арганаўтах", "Прарок Геронім Босх", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", паэме "Слова пра чалавечнасць" (зборнік "Вячэрнія ветразі"), вершах "Паўлюк Багрым", "Матчына душа" (зборнік "Матчына душа") і іншых творах. Паэтычным творам У. Караткевіча, зазначае Н. Гілевіч, "не быў чужы лірызм, і ўсё ж у іх выразна адчувалася сіла і размах стылю эпічнага".
- Вось, напрыклад, верш "Быў. Ёсць. Буду". Здавалася б, размова ідзе пра глыбока асабістыя перажыванні і стаўленне да навакольнага свету толькі самога У. Караткевіча. Твор надзвычай асабісты. А праблемы, пра якія ў ім гаворыцца? Праблемы - усеагульныя, філасофскія, тыя, што складаюць сутнасць чалавечага існавання. І першая з іх пакладзена ў назву твора. Тут і разуменне вечнасці сусвету, і дыялектыка грамадскага развіцця, і вечная каштоўнасць літаратуры і мастацтва (паэт добра разумее, што, як асоба, як звычайны зямны жыхар, як і ўсё жывое на зямлі, ён мае свой пачатак і канец. Але ж тое, што ён творыць для людзей, застаецца ў памяці пакаленняў, надаючы ім звесткі пра наш час і нашы здзяйсненні). Наступная адметнасць звязана з адказнасцю кожнага чалавека за лёс іншых людзей і лёс усяго чалавецтва. Паэт даверліва прызнаецца, што яго жыццё - гэта бяздонная трывога. Не, не толькі за сябе і сваіх родных і блізкіх. Паэту баліць сэрца "за ўсе мільярды двухногіх", за ўсіх "жывых і за тых, што сканалі". Трэба быць сапраўдным грамадзянінам, Чалавекам з вялікай літары, каб так рашуча і адназначна выказацца, што ён не пашкадуе нават апошняй кроплі крыві з свайго сэрца, каб запісаць не толькі імёны змагароў за народнае шчасце, тых,