УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ: ПРАЗ ГІСТОРЫЮ Ў СУЧАСНАСЦЬ
ПАЭЗІЯ У. КАРАТКЕВІЧА І ВУСНАЯ НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Эх, каб яшчэ да легенд, якія ведаю, ды трохі
больш матэрыялаў, а то фантазія без цвёрдых
рамак разыходзіцца.
У.Караткевіч
больш матэрыялаў, а то фантазія без цвёрдых
рамак разыходзіцца.
У.Караткевіч
- Прыказкі, прымаўкі, загадкі, песні, прыпеўкі, легенды, казкі, казкі-міфы, гераічныя паданні, сказы, народныя паданні, замовы, нагаворы, галашэнні, духоўныя вершы, быліны - усё гэта народная мудрасць, усё тое, што называецца фальклорам, што ўзбагачала і ўзбагачае творчасць пісьменнікаў і паэтаў усіх эпох і народаў. "Мільтан і Дантэ, Міцкевіч, Гётэ і Шылер, - пісаў М. Горкі - узносіліся вышэй за ўсё тады, калі іх акрыляла творчасць калектыву, калі яны чэрпалі натхненне з крыніцы народнай паэзіі, бязмерна глыбокай, бясконца разнастайнай, моцнай і мудрай".
- Моцны фальклорны струмень, да якога беспамылкова прыпаў У. Караткевіч, пранізвае ўсю яго паэтычную творчасць, напаўняе яе народным пачаткам, сінкрэтычнасцю, традыцыйнай паэтыкай. Бадай што няма ніводнага фальклорнага жанру, які не знайшоў бы свайго выкарыстання ў Караткевічавых творах. Таксама, як няма ніводнага паэтычнага зборніка, у якім бы чытачы не знайшлі, не ўбачылі ўплыву вуснай народнай творчасці як у тэматычных ці сюжэтных напрамках, так і ў творчых матывах, глыбока прасякнутых нацыянальнай і народнай традыцыяй.
- Неяк М. А. Дабралюбаў, разважаючы пра лё беларусаў, адзначыў: "...Ва ўсякім разе, пытанне аб характарыстыцы беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў".
- "Народная вусная творчасць, - лічыў адзін з класікаў беларускай літаратуры М. Гарэцкі, - дае багаты матэрыял і для лінгвіста-мовазнаўцы, і для гісторыка культуры, і для юрыста (народнае звычаёвае права), і для паэта, і для артыста-мастака, і для разьбяра і г.д. Народная творчасць наогул, а беларуская народная творчасць увасобку - гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Толькі трэба ўмець гэтыя скарбы дастаць".
- Адным з тых беларусаў, хто паспрабаваў па-мастацку асэнсаваць гісторыю, нават перадгісторыю беларускага народа ў яе дыялектычным развіцці, з усімі цяжкасцямі, супярэчнасцямі, радасцямі, героікай і трагедыяй, не саромеючыся звяртацца па парады да самога народа, быў У. Караткевіч. Сваё крэда ён выказаў у адным з інтэрв'ю: "Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў, і кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым". У. Караткевіч цвёрда перакананы, што толькі пранікненне ў гістарычную памяць народа здольна забяспечыць непарыўнаць ланцуга паміж мінулым, сучасным і будучым і перасцерагчы людзей ад памылак і няшчасцяў. Мабыць, таму любоў да казак і паданняў, легендаў і сказаў, загадак і былін, майстэрскае пранікненне ў іх сутнасць, асэнсаванне гэтай сутнасці і яе выяўленне ў яго паэзіі, майстэрскае спасціжэнне глыбіні народнай мудрасці стала адной з важнейшых асаблівасцей і ўсёй творчасці У.Караткевіча, і ў першую чаргу яго паэзіі. Менавіта яны надаюць баладам, паэмам, песням, вершам паэта стылёвую адметнасць, рамантычную ўзнёсласць, рэалістычную народнасць і праўдзівасць. Менавіта яны адсылаюць чытача да мінуўшчыны, дазваляюць яму адчуць уплыў сярэднявечча на гістарычнае развіццё народаў. Менавіта народная творчасць, прасякнутая адкрытай дыдактыкай, проціпастаўленню пачуццяў добра і зла, феноменам чалавечай годнасці вельмі яскрава вылучае такія галоўныя накірункі творчасці У. Караткевіча, як пошук шчасця для бедных людзей, распятых "на дыбе тугі, нягодстве моцных", і праз яго як першапрычыну жыццядзейнасці пошук Ісціны, Праўды, Справядлівасці. Менавіта праз іх сучасны чытач пранікае ў духоўна-інтэлектуальную атмасферу далёкіх і блізкіх часоў, спасцігае працэс духоўнага развіцця беларусаў, адчувае яго накіраванасць у будучыню, веру народа ў свае творчыя, стваральныя сілы.
- Нарэшце, праз творы паэта народны фальклор набывае новае жыццё, становіцца важным элементам беларускай мастацкай культуры, якая даволі актыўна садзейнічае маральна-інтэлектуальнаму абнаўленню грамадства.
- Паўстаюць пытанні: "Што канкрэтна вабіла У. Караткевіча ў беларускім фальклоры?", "У чым ён бачыў яго прыцягальнасць і неадольную сілу?" і, нарэшце, "Што дало гэтае захапленне самой паэтычнай творчасці У. Караткевіча?".
- Адказ на гэтыя пытанні, на наш погляд, можна знайсці толькі ў самой творчасці У. Караткевіча. Не прэтэндуючы на ўсёабдымнасць аналізу, паспрабуем пашукаць гэтыя адказы. І пачнём з асабістых прызнанняў У. Караткевіча: "Абрабляю народную легенду, якую назаву "Маці ветру" (з часоў паўстання Вашчылы), абрабляю на апавяданне народную песню пра Сымона і ваяводу, думаю яе назваць або "Песня аб мячы", або "Залаты век". Штука выйдзе вельмі жорсткая. Думаю напісаць паэму па матывах казкі (падкрэслена аўтарам. - А. Р.) пра вужыную каралеву. ...Працую над паэмай "Дзяўчына з Быхава" - гэта будзе нешта амаль бессюжэтнае, як адзін дзівак выпадкова прыняў у дарозе дзяўчыну за замужнюю жонку і потым, даведаўшыся пра памылку, хадзіў тры поры па акрузе і шукаў, не ведаючы нават яе прозвішча і толькі прыблізны шлях..." Гэта з ліста яшчэ толькі пачынаючага паэта да Максіма Танка 12 лістапада 1955 года. І яшчэ адна спасылка на перапіску паэта. 27 мая 1956 года У. Караткевіч піша М. Танку (зразумела, што ў сваім артыкуле мы выкарыстоўваем толькі тыя месцы з перапіскі, што маюць непасрэдныя адносіны да разглядаемай праблемы): "Памятаю такіх (народных. - А. Р.) легендаў штук сорак, не менш. Як вы думаеце, ці варта ўсё гэта аднавіць у памяці, спытаць іншых людзей, якія іх чулі, і запісаць? Гэта, вядома, не будзе фальклор, таму можна і прыкрасіць. Магчыма, яшчэ хто-небудзь дабавіў бы тое, што чуў ён, і тады можна было б якую сотню легендаў выдаць для дзяцей, з каляровымі малюнкамі, пад назвай, скажам, "Легенды азёрнага краю".
- І першыя цаглінкі ў падмурак такога вось "легендарнага" будынка паклаў сам У. Караткевіч. У канцы 50-х - пачатку 60-х гадоў ён стварыў легенды - "Маці ветру" і "Легенду аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны", стварыў шэраг баладных і рамантычных твораў, прысвечаных малавядомым старонкам нашай гісторыі.
- Такім чынам, ужо на пачатку творчага шляху У. Караткевіч адназначна выказаўся за спасціжэнне таінства фальклорнага багацця беларусаў. Здаецца, ужо тады паэт вызначыў для сябе галоўныя магістральныя кірункі ў вывучэнні ідэйна-эстэтычных якасцей фальклору. Яны, на наш погляд, не разыходзяцца з магістральным кірункам паэтычных твораў, а яшчэ больш канкрэтызуюць і робяць кантрастнымі мастацкія імкненні паэта. Па-першае, гэта спроба за дапамогай фальклору ўзнавіць мастацкімі сродкамі гісторыю "векавечнай бацькаўшчыны" на ўсіх этапах станаўлення і развіцця нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, па-другое, стварыць асабістыя паэтызаваныя вобразы народнных заступнікаў (незалежна ад таго, кім яны былі, - гістарычнымі асобамі ці легендарнымі стварэннямі народных апавядальнікаў, гусляроў, быліннікаў). Нарэшце, па-трэцяе, знайсці адказ на галоўнае філасофскае пытанне "Што ёсць чалавек?".
- Машэка... Не аднаму твору ў беларускай літаратуры даў жыццё гэты легендарны вобраз народнага змагара з прыгонніцтвам і бяспраўем працоўнага люду. Не абышоў яго сваёй увагай і У. Караткевіч. І не толькі не абышоў. На аснове гэтай легенды быў напісаны першы паэтычны твор - верш "Машэка". Верш гэты не зусім звычайны. Нават калі разглядаць яго з пазіцый сярэдзіны 90-х гадоў ці канца ?? ст., амаль праз пяцьдзесят гадоў пасля з'яўлення ў друку. Не зусім звычайны не толькі з пункту гледжання традыцыйных падыходаў да ацэнкі першага верша паэта. Галоўная яго адметнасць, на наш погляд, у насычанасці народным духам, у глыбокім спасціжэнні фалькору, які не толькі цытуецца ці служыць дапаможнікам у якасці ўзору вершаскладання. Страсны маналог бунтара-адзіночкі - гэта не проста асабістая споведзь Машэкі аб пражытым і перажытым, гэта імкненне аўтара праз яе данесці да сучаснікаў набыткі вуснай народнай творчасці беларусаў, зліць у адно складаныя, казачныя, былінныя матывы і пачуцці канкрэтнага чалавека эпохі, аднаго з тых, хто ў свой час быў жывым матэрыялам для народных творцаў.
- Чытач у вершы "Машэка" знаходзіць самыя разнастайныя фальклорныя жанры, узнікненне якіх характэрна для тых далёкіх часоў, калі ў барацьбе з панскім і феадальным засіллем пачынаўся працэс фарміравання нацыянальна-духоўнай самасвядомасці беларусаў. Тут і былінна-казачныя элементы (вобраз народнага заступніка Машэкі, ад рук якога "горы панскіх цел мой Дняпро панёс"), тут і прыказкі з іх пераносным сэнсам ("і спячэцца пан на маім нажы"), і лаканічныя прымаўкі ("Ночка нас з нажом, як братоў звяла", "стаю, як корч"), і элементы алегарычных казак ("і ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, - у ім карэнні - столь, ложак - ліст сухі"). Побач з хрысціянскімі - язычніцкія элементы ("Я стаю... ў воўчай скуры ўвесь, зліўся з дрэвамі..."). І ўсё гэта зліваецца ва ўласны твор, знітаваны адзінай ідэяй і напісаны на адзіным подыху. Неяк Р. Бярозкін, разважаючы пра твочасць У. Караткевіча, зазначыў, што галоўнай вартасцю "Машэкі" з'яўяецца тая песенная атмасфера, у якой жыве і дзейнічае герой легенды.
- Яшчэ адзін верш - "Балада пра паўстанца Ваўкалаку" з паэтычнага зборніка "Матчына душа". Паўстанец Ваўкалака - высакародны змагар супраць прыгнятальнікаў - быў смяротна паранены паюкамі (панскімі прысужнікамі), калі прабіраўся да роднай хаты ці то пабачыць родную сястру, ці то наведаць магілку маці.
- У "Баладзе пра паўстанца Ваўкалаку", як і ў вершы "Машэка", чытач сустракаецца з шэрагам асаблівасцей і элементаў з розных жанраў вуснай паэтычнай творчасці. Праўда, у адрозненне ад "Машэкі", у якім жанравыя асаблівасці народнай творчасці выступаюць сінкрэтычна, без выдзялення сутнасных характарыстык кожнага жанру, паэтычны расказ пра Ваўкалаку адназначна азначаны аўтарам як балада - гэта адзін з самых распаўсюджаных жанраў у славянскай народнай паэзіі. Менавіта баладная форма дазволіла У. Караткевічу знітаваць у непадзельнае цэлае драматычнасць і трагізм жыцця і кахання героя, лірызм у апісанні роднай прыроды і багатыя магчымасці вуснай народнай творчасці.
- Своеасаблівым злучальным пачаткам балады выступае трохслоўны кампазіцыйны рэфрэн "Лісце аб'еш, алень". Смяротна паранены Ваўкалака з такімі словамі звяртаецца да ляснога аленя, што ідзе да вадапою. Яны гучаць і як просьба, і як заклінанне, і як апошняе перадсмяротнае жаданне. "Лісце аб'еш, алень", каб праз кусты можна было б хоць убачыць хату, дзе жыве родная сястра і могілкі, на якіх ляжыць маці бунтара. "Лісце аб'еш, алень", каб яшчэ, ужо ў апошні раз, не толькі адчуць радасць і глыбіню кахання, але і зразумець і пераканацца, то нават гэтае жыццядайнае чалавечае пачуццё не можа быць прамяняна на волю, магчымасць да канца жыцця змагацца за шчасце простых людзей. "Лісце аб'еш, алень", каб апошнім перадсмяротным позіркам акінуць родныя прасторы, адчуць іх непаўторнасць, хараство і веліч. Мабыць, адметнасць гэтай балады якраз і заключаецца ў тым, што дзеянне твора рухае не эпічная паэзія, паводле баладнага жанру (хоць у аснову балады пакладзена жыццё гістарычнай асобы), а яе аналаг - лірычнае перажыванне падзеі. Такое вось спалучэнне баладнага і лірычнага пачаткаў надае народным павер'ям і легендам асаблівае гучанне, робіць іх прывабнымі для сучаснага чытача.
- Выкарыстанне азначанага прыёму характэрна для такіх жанраў вуснай народнай творчасці, як нагаворы, плачы, замовы, калі чалавеку верылася, што пэўнымі заклінальнымі словамі можна ўздзейнічаць у пажаданым кірунку на прыродны, жывёльны свет, на другіх людзей і нават на Бога. Таму зусім апраўданым для паэта і зразумелым для чытача з'яўляецца зварот-заклінанне Ваўкалака да аленя, менавіта ў якім герой балады бачыць адзіны сродак спаўнення свойго перадсмяротнага жадання. Дарэчы, такі прыём У. Караткевічам больш не выкарыстоўваецца ні ў баладах, ні ў вершах ці паэмах. На наш погляд, гэта яскравае сведчанне разумення паэтам неабходнасці беражлівых адносін да вуснай творчасці народа і ашчаднага выкарыстання яго багацця.
- Верш "Машэка" і "Балада пра паўстанца Ваўкалаку" не з'яўляюцца нейкім своеасаблівым выключэннем у выкарыстанні У. Караткевічам вуснай народнай творчасці. Амаль усе яго балады, у першую чаргу "Чорная балада Гаркушы", "Балада аб трыццаць першым сярэбраніку". "Балада плахі", "Балада пра дзіка і чалавека", "Партызанская балада", "Балада пра галубіныя пер'і", "Балада пра Невядомага, Першага", "Балада пра развітанне", "Балада пра архангелаў", многія вершы ("Заяц варыць піва", "На пачатку дарог", "Баявыя вазы", "Мокрыя травы", "Засуш", "Здратаваныя магілы", цыклы вершаў "Старыя сувоі", "Таўрыда", "На Беларусі бог жыве...", "Амаль хрысціянскі тост за ворагаў", "Бекеш, або Ода Ерасі", "Армянскія ананімныя прытчы", "Раманс пра караля, што пакінуў трон", "Паэма пра явар і каліну"), драматычныя творы нясуць у сабе магутны фальклорны струмень.
- Звычайная вясковая "талака", калі ў адной з гаспадынь збіраюцца жанчыны, каб супольна выканаць якую-небудзь работу (у дадзеным выпадку, нашаткаваць капусты) -