УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ: ПРАЗ ГІСТОРЫЮ Ў СУЧАСНАСЦЬ
ЛЮБОЎНАЯ ЛІРЫКА У. КАРАТКЕВІЧА
- Даследчыкі паэтычнай творчасці У. Караткевіча часцей за ўсё засяроджваюць сваю ўвагу на такіх тэматычных накірунках, як асэнсаванне паэтам гістарычнага мінулага Беларусі, спасціжэнне вытокаў гераізму і самаадданасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яго інтэрнацыянальных якасцей, праблем сучаснага жыцця беларусаў. І менш увагі надаецца скразной, на наш погляд, усёабдымнай тэме - каханню.
- Пошуку падыходаў да спасціжэння сутнасці, праяў гэтага пачуцця У. Караткевіч прысвяціў шмат радкоў у сваіх паэтычных творах. У паэмах, баладах, прысвячэннях, вершах каханне паўстае перад чытачом як шматпланавая духоўная якасць, у якой, як у фокусе, перасякаюцца процілегласці біялагічнага і духоўнага, асабістага і грамадскага, інтымнага і агульназначнага. У. Караткевіч знаходзіў свае падыходы да паэтычнага выяўлення кахання юначага і бацькоўскага, пастаяннага і выпадковага, нарэшце, кахання да любімай жанчыны, кахання, якое, на думку паэта, з'яўляецца пэўнай мерай чалавечага ў чалавеку. Майстэрства паэта, неардынарнасць і глыбіня яго выхадаў на, здавалася б, звычайныя жыццёвыя і маральныя сітуацыі - а менавіта ў іх і аснова, і сэнс, і вырашэнне самых звычайных і самых вострых любоўных калізій - даюць поўнае права на выдзяленне любоўнай тэматыкі ў якасці аднаго з важных тэматычных кірункаў паэзіі У. Караткевіча.
- Калі заходзіць размова пра любоўную лірыку таго або іншага аўтара, можна пачуць самыя супярэчлівыя выказванні. Адны адназначна сцвярджаюць: "Ну што можна выказаць новага пра каханне? Пра яго і так напісана шмат!" Другія гэтак жа катэгарычна пярэчаць: "Пісаць трэба зноў і зноў, таму што пра каханне напісана мала". Як ні парадаксальна, але і тыя, і другія маюць рацыю. Так, пра каханне напісана многа і пра каханне напісана мала. Многа, таму што сучаснаму чытачу прапануюцца сотні, тысячы, дзесяткі тысяч узнёслых хвалюючых радкоў, прысвечаных гэтаму цудоўнаму пачуццю. А мала, таму што пачуццё кахання такое ж невычэрпнае, як і само жыццё. І колькі б пра яго ні пісалі - заўсёды будзе мала, таму што яго складанасць, яго лірызм, драматызм, часта нават трагізм ніколі не могуць быць вычарпаны да дна. І кожнае новае пакаленне аўтараў імкнецца па-свойму асэнсаваць, па-свойму выказаць мастацкімі сродкамі гэтае пачуццё, унесці свой уклад у шматвяковую сусветную літаратурную традыцыю. Леў Талстой неяк зазначыў: "…Калі колькі галоў, столькі розумаў, то столькі сэрцаў, столькі родаў кахання".
- Шматпланавай паўстае перад чытачом любоўная лірыка У. Караткевіча. З аднаго боку, яна неадрыўная ад усіх іншых тэм, што знайшлі адлюстраванне ў творчасці паэта. З другога, каханне само, па сутнасці, з'яўляецца імем самога жыцця. У цэнтры паэтавага разумення кахання, як самага свабоднага, незалежнага і непрадбачанага выяўлення глыбіні чалавечай асобы, стаіць чалавек, яго душа, яго сэрца, яго пачуцці, яго адносіны да жанчыны - сяброўкі, маці, каханай. А што сам Уладзімір, якім ён быў у падобных сітуацыях? "Ён умеў быць такім абаяльным, - адзначае А. Васілевіч, - што жанчыны, сустрэўшыся з ім і адпіўшы з келіха яго чараў, няхай сабе толькі маленькі глыток, непрыкметна самі рабіліся чараўніцамі. І, думаю, гублялі галаву не так ужо і рэдка. ("Яка чудова, яна чарівна людына!" - чуецца мне здалёку даўні ўсплёск жаночага захаплення, пра якое сам Караткевіч напэўна нават і не здагадваўся)".
- І аб адносінах да маці (у той жа А. Васілевіч): "Я бачыла, як стаяў ён і пачціва падтрымліваў (у трамваі) сваю высакародную ў цёмным адзенні маці, калі праводзіў на вакзал у дарогу. "Гэта мая мама", - наколькі дазваляла трамвайная таўхатнеча, з гонарам пазнаёміў ён мяне з тою, якая ўзводзіла яго па ўласнай радаслоўнай лініі ці не да беларускіх "інсургентаў".
- Каханне ў паэзіі У. Караткевіча - гэта не вузкаэгаістычнае пачуццё, скіраванае на самаўдасканаленне асобы, вырашэнне яе асабістых інтарэсаў. Яно праяўляе сацыяльна-маральную актыўнасць асобы і ідэалізацыю любімага чалавека, адноснае самазабыццё і бескарыслівасць, валодае ўсёачышчальнай сілай, фарміруе духоўнае ў чалавеку, далучае яго да самага ўзвышанага ў свеце.
- У творах У. Караткевіча лунае любоў да жыцця, да сонца, да маці, да каханага і каханай. Каханне выступае як адмаўленне зла і станаўленне гарманічных адносін паміж людзьмі.
- У адной са сваіх апошніх паэм "Грубае і ласкавае" У. Караткевіч так сцвярджае гэту думку: