УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ: ПРАЗ ГІСТОРЫЮ Ў СУЧАСНАСЦЬ
УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І БЕЛАРУСКАЯ МАСТАЦКАЯ КУЛЬТУРА
- Разгледзеўшы найбольш актуальныя праблемы творчасці У. Караткевіча, мэтазгодна выйсці на абагульняючую тэму, якая магла б адлюстраваць ролю i месца пісьменніка, паэта, драматурга ў нацыянальнай мастацкай культуры. Таму падагульняючы раздзел нашага даследавання мы i вызначылі гранічна канкрэтна - Kaраткевіч i мастацкая культура Беларусі. З аднаго боку, гэта i нейкі вынік даследавання; з другога - запрашэнне спецыялістаў i аматараў творчасці У. Караткевіча да пастаяннага i сістэмнага асэнсавання значэння яго творчасці для сучаснага культурна-творчага працэсу.
- У кантэксце пастаўленай праблемы перш за ўсё адкажам на пытанне: "Што ёсць такое "мастацкая культура"? " - паняцце, якое ў нашым сучасным жыцці стала вельмі распаўсюджаным i якое, на жаль, не мае свайго адназначнага вызначэння. Па нашаму разуменню - а гэта вынік шматгадовых аналітычных пошукаў, - мастацкая культура - гэта, з аднаго боку, сукупны спосаб i прадукт мастацкай дзейнасці людзей у канкрэтную гістарычную эпоху i, з другога, поліфункцыянальная сістэма вытворчасці, захавання, размеркавання i спажывання духоўных каштоўнасцей, у якасці сутнаснай з'явы якой выступае мастацтва, яго ўзаемасувязь i ўзаемадзеянне з іншымі сацыяльнымі працэсамі i інстытутамі ў мэтах абнаўлення духоўнага жыцця грамадства i фарміравання па-мастацку развітой асобы.
- У дадзеным выпадку для нас вызначальным выступае меркаванне "сукупны прадукт", якое паказвае, што мастацкая культура ахоплівае ўсе віды мастацкай дзейнасці - славесную, музычную, тэатральную, выяўленчую i г.д., i ўсе віды мастацтва, як прафесійнага, так i народнага, самадзейнага. Паняцце "сістэма", у сваю чаргу, уключае ўсе працэсы, звязаныя з функцыяніраваннем мастацтва (успрыняцце, адзнаку, вывучэнне), а таксама тое, што забяспечвае яго далейшае жыццё - выхаванне мастакоў, публікі, caцыялaгiчныя замеры існавання i спажывання мастацва i г.д. У выніку адбываецца зварот не да аднаго ці некалькіх відаў мастацтва, а да ўсяго свету мастацкай культуры - айчыннай i сусветнай, у неадрыўнай сувязі з той сацыяльна-духоўнай атмасферай, у якой адбываецца яе фарміраванне, існаванне i развіццё.
- Менавіта тлумачэнне мастацкай культуры як "сукупнасці сістэмы" - г.зн. як у вузкім, так i ў шырокім прачытанні, больш за ўсё зразумела i актуальна ў адносінах да творчасці У. Караткевіча, у якой, з аднаго боку, вельмі тонка адлюстраваны драматычныя абставіны гістарычнага лёсу беларусаў i, з другога, адчута i своеасабліва вызначана выключнасць геаграфічнага (ці, як кажуць цяпер, геапалітычнага) становішча Беларусі, якое ў розныя часы па-рознаму ўплывала на лёс i шляхі беларускай нацыі. Без сумнення, можна зазначыць, што творчасць У. Караткевіча прадстае перад сучасным чытачом як пэўная сукупнасць літаратурных жанраў (прозы, паэзіі, драматургіі, эсэ i г.д.), цесна ўзаемазвязаных, неадрыўных i дапаўняючых адзін аднаго. Але тая ж творчасць не замыкаецца толькі ў межах літаратурнай (хоць i шматпланавай, "сукупнай") дзейнасці. Яна стала сукупнай з'явай, часткай сістэмы нацыянальнай культуры, пры гэтым настолькі адметнай (па асэнсаванні прынцыпаў духоўна-маральнай самакаштоўнасці чалавека i вялікай гуманістычнай ідэі дабра як перадумовы існавання нашага грамадства не толькі ў мінулым, але і ў нашы дні), што мастацкая культура Беларусі як цэлае не магла не адчуць i не адрэагаваць на імпульсы яе актыўнага носьбіта. Як канцэнтраванае выражэнне, як мастацкі згустак, квінтэсенцыя агульначалавечых ідэй i каштоўнасцей, дыялектычная еднасць высокага рамантызму i непадробнай лірыкі i драматызму (а гэта адна з першых спроб у беларускім мастацтве паказаць у такім шырокім маштабе прыналежнасць беларускага народа да еўрапейскай цывілізацыі, якая па cвaix зыходных іпастасях арганічна ўключае арэалы свайго распаўсюджвання i тэрыторыю Беларусі), творчасць У. Караткевіча не проста прыцягнула да сябе ўвагу іншых відаў мастацтва, але абагаціла ix, зарыентавала, падштурхнула на пошук новых тэм i новых падыходаў да ix увасаблення.
- Як аднойчы адзначыў В. Быкаў: "...Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто. Ужо хоць бы таму, што ніхто з такім бляскам не спалучаў у нас талент паэта з талентам празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, эсэіста, гісторыка. Ён быў аднолькава таленавіты амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, што, можа, натуральна для літаратуры мінулага, але рэдка сустракаецца ў сучаснай літаратуры з яе багатымі і дасканала развітымі літаратурнымі жанрамі".
- Талент У. Караткевіча быў такі ж шматгранны, як і яго веды і асабістыя інтарэсы. Па словах Адама Мальдзіса, цяжка знайсці той жанр, у якім не спрабаваў свае сілы У. Караткевіч. У яго творчым "арсенале" - раман, аповесць, апавяданне, казка для дзяцей, нарыс, рэцэнзія, навуковае даследаванне, паэма, балада, верш, п'еса, эсэ, кінасцэнарый, лібрэта оперы і балета... А яшчэ пераклады з розных моў, вострапубліцыстычныя артыкулы ў абарону нацыянальных традыцый, помнікаў гісторыі і культуры, роднай і блізкай з дзяцінства прыроды, дробныя нататкі, дзённікавыя запісы.
- Даследчыкі творчасці У. Караткевіча зусім справядліва адзначаюць, што шмат якія яго творы "выходзяць за межы чыста літаратурнага мастацтва. Яны напісаны па законах музыкі ці жывапісу, выклікаюць адпаведныя асацыяцыі і далучаюць да ўлады слова не менш адчувальную магію гука, колера, паху".
- Што датычыць іншых мастацтваў, то тут спашлёмся на такога аўтарытэта і знаўца жыццятворчасці У. Караткевіча, як мастак Пётр Драчоў (ён, дарэчы, быў тым, хто па-мастацку афармляў "Зямлю пад белымі крыламі", "Чорны замак Альшанскі", "Быў. Ёсць. Буду"). Ён успамінае: "Помню, з якім захапленнем мы, удзельнікі семінара творчай моладзі, слухалі Караткевіча ў Шчорсах, ля дуба Адама Міцкевіча, ці ў Любчы, на левым беразе Нёмана, ля руінаў старажытнага замка. Прычым з непрыхаванай цікавасцю яго слухала не толькі моладзь, але і гісторыкі, археолагі, этнографы. А ён казаў, казаў, нібыта асабіста быў знаёмы з Храптовічамі, Гаштольдамі, Кішкамі, Радзівіламі...
- А колькі ён ведаў старажытных народных песень, прыпевак, нацыянальных абрадаў! Памятаю, ён любіў напяваць прыпеўку, што пачынаецца са словаў: "Ад панядзелка да панядзелка смачна п'ецца тут гарэлка"...
- ...Ён цудоўна ведаў мастакоў не толькі мінулага, але i сучасных, ніколі не падзяляючы ix на "cвaix" i "чужых". Яго пастаянна можна было бачыць на мастацкіх выставах, на канцэртах, на літаратурных вечарынах".
- А мастак Караткевіч, па сведчанні народнага паэта Беларусі Р. Барадуліна, мог бы спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам. Бездакорна валодаў лініяй, кампазіцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, цi ўлюбёна-рамантычны, ці здзекліва-гратэскны. Вядома, што пушкінскія накіды на палях рукапісаў выдадзены неаднаразова. I нельга не пагадзіцца з Барадуліным, які лічыць, што пара i ў Беларусі пабагацець душой i выдаць малюнкі пяром, накіды, шаржы Уладзіміра Караткевіча. Скарбы гэтыя раскіданы па ўсёй Беларусі, па кpaiнax былога Саюза, i ёсць яны ў сяброў i прыхільнікаў творчасці знакамітага пісьменніка (яны, пэўна, адгукнуліся бы на такую выдавецкую ініцыятыву).
- Такое меркаванне Барадуліна пацвердзіла i выстава рукапісных i надрукаваных твораў У. Караткевіча, якая адбылася ў снежні 1995 г. у Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. "Асаблівую адметнасць "чарнавікоў" У. Караткевіча, - адзначала акадэмічная газета, - складаюць малюнкі, якія, відаць, дапамагалі аўтару ў пошуках мастацкіх вобразаў герояў. Дарэчы, малюнкі (ад малых да вялікіх) знаходзяцца як ля рукапісных радкоў, так i на асобных аркушах. Цікавая "геаграфічная" распрацоўка прадстаўлена на аповесць "Чазенія". Нягледзячы на абмежаванасць экспанатаў, можна зрабіць вывад аб тым, што У. Караткевіч з'яўляецца яшчэ i някепскім мастаком-графікам".
- Свае асабістыя адносіны да роднай мастацкай культуры, нацыянальнай культурнай спадчыны У. Караткевіч сфармуляваў у разважаннях галоўнага героя рамана "Нельга забыць" Андрэя Грыневіча. Вось яна, пісьменніцкая i грамадзянская праграма: "...мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб'ездзіць... усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Там будуць дарогі, людзі, запісы казак, песняў i сапраўдных апавяданняў аб жыцці, шмат фатаграфій ycix прыгожых i непрыгодных куткоў радзімы..."
- Менавіта ў гэтай сувязі адзначым поўную карэляцыю сутнаснай насычанасці творчасці У. Караткевіча з сутнасцю беларускай мастацкай культуры, асабліва ў той ix частцы, якая заключана ў гуманістычна-эстэтычнай праблематыцы.
- Цэментуючым, звязваючым разам творчасць У. Караткевіча i мастацкую культуру Беларусі выступаюць ix аднолькава зацікаўленыя, заклапочаныя адносіны да роднай мовы i нацыянальных традыцый, якія даволі часта штучна выключаліся з духоўнага жыцця, парушаючы культурную пераемнасць пакаленняў. Прывядзём толькі два, але дастаткова пераканальныя прыклады, якія сведчаць, што У. Караткевіч ужо напрыканцы 60-х гадоў бiў трывогу за лёс роднай мовы. Вось вытрымка з публіцыстычнага твора "Родная мова", напісанага яшчэ ў 1969 годзе для "Настаўніцкай газеты". Пытанне тут пастаўлена даволі абвострана: калі не будзе мовы, калі не будзе яе носьбітаў, то можна... убіць сабе ў галаву дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе. А калі так здарыцца, то нашто нам такая будучыня? "Мы (размова тут ідзе аб настаўніках. - А. Р.) ніколі не павінны забываць, наколькі годная наша праца i хто стаяў ля яе вытокаў. А стаялі ля гэтых вытокаў, самі настаўнічалі, самі складалі першыя буквары i чытанкі Цётка, Купала i Колас". А вось тыя думкі, але ўжо ў паэтычнай форме - радкі з малавядомага верша "Мова" (ён надрукаваны ў першым томе Збору твораў У. Караткевіча з заўвагай ("паводле аўтографа, які знаходзіцца на адвароце фота Янкі Брыля"), датаванага канцом 50-х гадоў. Нягледзячы на біблейскую запаведзь аб тым, што "няўмольна сальюцца мовы зямлі", У. Караткевіч упэўнена сцвярджае: