- Музей адчыніўся ў 2000 годзе, у год 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
Самы пачатак Музея быў пакладзены яшчэ ў 1985 годзе, калі ў інтэрнаце №2 ВА "Інтэграл" распачала працу "Гасцёўня У.Караткевіча". З сярэдзіны 90-х гадоў экспанаты "гасцёўні" знаходзіліся ў каледжы электронікі (які тады яшчэ быў вышэйшым прафесійна-тэхнічным вучылішчам), і іх колькасць пастаянна павялічвалася. Як і любы іншы, музей Уладзіміра Караткевіча мае пастаянную экспазіцыю і фонд. Усяго у музеі - больш за 150 арыгінальных экспанатаў і прыблізна столькі ж матэрыялаў дапаможнага фонду (копіі рукапісаў, фотаздымкі, кнігі...). На адкрыцці музея прысутнічалі вядомыя пісьменнікі - сябры У.Караткевіча. Ганаровую стужку перарэзалі дырэктар каледжа, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь В.М.Хасін і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Вольга Іпатава. Успамінамі падзяліўся доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс.
- На працягу 2-х гадоў з дня адкрыцця музей наведалі многія знакамітыя і таленавітыя людзі. Сярод іх мастак Віктар Сташчанюк, мастачка Вольга Дзёмкіна, рэжысёр Валерый Мазынскі, паэты Сяргей Законнікаў, Леанід Дранько-Майсюк, актрыса Галіна Дзягілева, пісьменнік Анатоль Бутэвіч...
- Музей займаецца падрыхтоўкай відэаўспамінаў пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, стварае электронную бібліятэку, большая частка якой ужо падрыхтавана.
У яе уключаны творы Караткевіча не толькі на беларускай мове, але і на рускай, украінскай, балгарскай, нямецкай, англійскай, французскай і іспанскай.
- Сярод цікавых экспанатаў можна назваць дзве паштоўкі, намаляваныя пісьменнікам для сябра А.Мальдзіса і для акцёраў Віцебскага тэатра, дзе былі пастаўлены дзве п'есы У.Караткевіча. Знаходзяцца ў музеі і фотаздымак, зроблены пісьменнікам, і камень з яго рабочаго кабінета, які ляжаў у яго ў шафе, і машынапісы вершаў з праўкамі аўтара, і кніга "Дзікае паляванне караля Стаха" на чэшскай мове з аўтографам пісьменніка. Ёсць у музеі і экспанаты з проста цікавай гісторыяй (напрыклад, ліст ад Васіля Быкава з ФРГ). Арыгінальныя экспанаты паступілі у музей ад сяброў, родных і блізкіх Караткевіча.
- У творчай галерэі маюцца графічныя работы - іллюстрацыі да твораў Уладзіміра Караткевіча мастакоў Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Валерыя Славука, Пятра Драчова...
- Трэба зазначыць, што музей існуе толькі дзякуючы намаганням выкладчыка беларускай мовы, літаратуры і стылістыкі - Жаўняровіча Пятра Пятровіча. Менавіта гэтаму чалавеку прыйшла ідэя стварэння музея, менавіта ён даглядае за экспанатамі, вывучае іх гісторыю і імкнецца развіць цікавасць навучэнцаў не толькі да творчасці У.Караткевіча, але і да гісторыі Бацькаўшчыны ўвогуле.
- Дапамогу загадчыку Музея аказваюць навучэнцы - члены савета Музея. Яны працуюць у бібліятэках, наведваюць мясціны, звязаныя з жыццём Караткевіча, дапамагаюць у абнаўленні экспазіцыі, упарадкоўваюць фонд, займаюцца стварэннем электроннай бібліятэкі.
-
Музей Уладзіміра Караткевіча з'яўляецца своеасаблівым цэнтрам вучэбна-выхаваўчай работы, на яго базе апрабоўваюцца новыя методыкі вывучэння творчасці Караткевіча, а таксама праводзіцца значная выхаваўчая работа.